„Ён дыхаў так, нібы ў грудзях была дзірка“
— З суседняй камэры вывелі людзей. Я чуў, як адзін зьняволены сказаў, што ня можа ўстаць, бо яму зламалі хрыбетнік. Супрацоўнік амону крыкнуў яму: „Устаць!“. Людзі пабеглі некуды ўправа, праз „кармушку“ ў дзьвярах камэры я бачыў, што бягуць „касманаўты“, потым празь некаторы час чуў, як зьняволеныя беглі з правага боку налева. Далей я пачуў, як кагосьці цягнуць па падлозе. Мабыць, цягнулі таго чалавека, які ня мог устаць. Потым цягнуць перасталі. Мабыць ён сеў, абапіраючыся на сьцяну паміж дзьвярыма дзьвюх суседніх камэр. Я чуў ягонае дыханьне. Ён дыхаў так, нібы ў грудзях была дзірка, як быццам праз трубку. Мароз па скуры быў ад гэтых гукаў.
„З нуля вывучала італьянскую мову“
— Я люблю адукацыю, сама выкладаю курсы дызайну. У камэры ў нас былі ўрокі сьпеваў (дзяўчына, якая ў філярмоніі працуе, вучыла правільна сьпяваць „Пагоню“), ангельскай мовы, мы займаліся фэйсфітнэсам, спортам, чыталі шмат кніг, гулялі ў мафію. Самы круты досьвед — тое, што я сядзела з Натальляй Дулінай, найлепшай выкладчыцай італьянскай мовы ў краіне. Я з нуля вучыла мову. Зубрыла на нарах канспэкт, бо разумела: са мной дацэнт займаецца, я ж не магу несур’ёзна паставіцца да пытаньня.
„Няхай гэтыя грамадзяне матам размаўляюць“
— Нас у чатырохмясцовую камэру за гадзіну ўтрамбавалі 25 чалавек. І потым ужо толькі дадаваліся. Пазнаёміліся. Вядома, усе на нэрвах, цераз слова мацюкі. Я прапанаваў: „Няхай вось гэтыя грамадзяне матам размаўляюць, а мы нармальныя людзі, усё ж у нас слоўнікавы запас большы будзе“. Усе з гэтым пагадзіліся, але ўсё адно праскоквала.
„Калідорны сказаў, што звальняецца“
— Быў у нас супрацоўнік такі, і ў ІЧУ, і ў СІЗА, які нам цыгарэты прыносіў. За свае грошы купляў і прыносіў. Быў час, што нам цыгарэты нават забаранялі перадаваць. Расказваў, дзе што адбываецца. Але такіх мала было, адзін-два чалавекі з усіх. Ім таксама забаранялі з намі размаўляць, усюды камэры. Гэты калідорны 15-га сказаў, што звальняецца. І мы больш яго ня бачылі.
„Асьвенцім новы будуем“
— Тады нам сказалі, што мы ў Слуцку. Было відаць, што ўсё гэта рабілася похапкам: сьвежазрубленыя вышкі, плот. Пры нас рабацягі забівалі дадатковыя палі, абгортвалі іх калючым дротам. Жартавалі, таксама ня моцна задаволеныя: „Асьвенцім новы будуем“.
„Забіў таракана“
— Быў забаўны момант: у Лукашэнкі 30 жніўня быў дзень нараджэньня, а ў камэры на Акрэсьціна ў ноч на 30 жніўня я забіў таракана.
„У вачах людзей у чорным чытаўся страх“
Максім, 43 гады, уладальнік мэблевай кампаніі:
— 13 жніўня са мной не адбылося нічога звышнатуральнага. Ішоў па працоўных справах у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Паварочваю галаву і бачу чорны бус з танаванымі шыбамі. А ў мяне на ўсё гэта чуйка. Разумею, што ўсе, зараз мяне будуць прымаць. Так яно і выйшла.
З машыны выбеглі мужыкі ў чорных масках, як бандзюкі ў 90-я, дагналі, схапілі мяне і дзяўчыну з хлопцам, якія праходзілі міма, і ўсіх разам заштурхалі ў машыну. Я асабліва не супраціўляўся. Усяго нас у бусе апынулася дванаццаць затрыманых. Плюс шэсьць людзей у чорным разам з кіроўцам. Як потым я зразумеў, нас узялі за сымболіку. Адразу мне сарвалі з рукі белую стужачку.
Я не маўчаў, пытаўся, што кепскага ім зрабіў. Спачатку яны нават уступалі ў дыялёг, казалі: „Ды вы нам усім надакучылі, нам усё гэта ўжо надакучыла“. На што я хутка зрэагаваў і адказаў, маўляў, ехалі б вы дадому да жонкі і дзяцей, дык не, са мной тут катаецеся. Пасьля чаго я і атрымаў першы ўдар у калена.
А потым мяне панесла. Выказаў усё, што пра іх думаю. Што ўсё, што яны робяць — гэта незаконна, і што ўсіх іх чакае трыбунал. І што вы думаеце? За ўсё гэта яны мяне крышку паштурхалі, больш каб закрыў рот, але ў іх у вачах чытаўся страх. Яны ўсе нас баяцца. Самі б’юць і пераглядваюцца паміж сабой, разумеюць, што сам-насам бы ня справіліся.
З усіх дванаццаці чалавек мне дасталася больш за ўсё, бо я ўвесь час бурчаў. Людзі ў чорным прасілі мяне памаўчаць, а я ім адказваў, што мне сумна і што я сам па сабе люблю пагаварыць. Не, вы ня думайце, што я бясстрашны. Многія мае сябры да гэтага часу ляжаць пакалечаныя ў лякарні пасьля ўсяго гэтага. Напэўна, мяне проста так загартаваў жыцьцёвы досьвед.
Яшчэ ў дзяцінстве мама пакінула мяне ў дзіцячым доме. Мяне выхоўвала вуліца. А потым служыў у Чачэніі, прайшоў вайну ў 1995 годзе, ведаю, што такое сьмерць. З бою нас вярнулася двое з шаснаццаці — я з раненьнямі і яшчэ адзін таварыш на інвалідным вазку. І мне зусім ня хочацца, каб цяпер, у мірны час, адбывалася нешта падобнае. Я сам вайсковец, ведаю псыхалёгію сілавікоў, мяне так проста не напалохаць, не зламаць.
Читать дальше