– Не бывае лесу безь сьцяжынаў. Пойдзем ускрайкам, пакуль не пабачым сьцяжыну.
* * *
Досыць хутка ім сапраўды адкрылася сьнежная палоска з прыцярушанымі сьлядамі чаравікаў. Яна вяла ў бярэзьнік і гублялася паміж дрэваў.
Ішлі павольна, бо ня ведалі, нават не ўяўлялі сабе, што іх чакае наперадзе.
Цяпер ужо і гай выглядаў не такім страшным, як перад тым. Белыя ствалы дрэваў, белы сьнег на зямлі быццам наўмысна асьвятлялі іхны шлях уначы.
На душы ў Зоі зрабілася ня так маркотна, бо ўсё ж такі быў нейкі рух, і яна была не адна. Можна было далей выпытваць пра што-небудзь у гэтых „целюкоў“.
– Цікава, а што праз сто гадоў адбылося з асваеньнем космасу? – кідала яна пытаньне ў паветра.
– Яго асвоілі, – адказалі жаўнеры.
– А з тэлебачаньнем, з інтэрнэтам, з шоў-бізам ды мас-культам?
– Ня ведаем, нічога такога няма.
– А дзе жыве доктар Блюм?
– Мы ня ведаем.
– Мне здаецца, што ён жыве ў вас, у нас у галаве. У кожным чалавеку жыве доктар Заяц. З драўлянай мядзьведжай галавой пад чорным бляскам, з кавенькай і крыкам: Экш! Экш!
– Мы ня ведаем.
– Магчыма, я пераблытала краявіды, але нешта мне падказвае, што ўсё адно мы выйдзем да нармальнага сьвету.
– Чаму ты так думаеш?
– Бо цяпер вы жывяце ў маім жыцьці, а ня я ў вашым.
– Мы страцілі несьмяротнасьць?
– Думаю, так. Што вы цяпер адчуваеце?
– Ты нам падабаесься.
Трэба сказаць, што гэта яны адчувалі ад самай першай сустрэчы зь ёю. Але калі ты жывеш вечна, твае пачуцьці ня маюць ані значэньня, ані сэнсу. Цяпер жа, у гэтым бярозавым гаі, калі жаўнеры пазбавіліся несьмяротнасьці, іхныя сэрцы заходзіліся ад прысутнасьці Зоі побач зь імі.
* * *
Тым часам бярэзьнік скончыўся, і сьцяжына вывела іх на іншае поле, што дыбілася высокім засьнежаным узгоркам. Што там, за ім? Пытаньне рытарычнае. Рэч у тым, што чаканьне чагосьці невядомага стамляе, як і ўсякае чаканьне, і ператвараецца ў манатоннае нішто. Гэтае нішто паступова апанавала Зою, дадаліся бяссонныя ночы і нясьпешная разьмераная хада. Зоя нібы заснула, ідучы. У галаве круціліся ўсялякія відзежы, што прапаноўвалі свае працягі гэтай гісторыі.
Быццам голас цыркавога канфэрансье крычаў у залю: Што? Што далей будзе з нашымі героямі? Пра гэта напісана мноства кніг! Безумоўна, нас чакаюць новыя, яшчэ больш захапляльныя прыгоды! Нашым героям не аднойчы давядзецца абхітрыць злога доктара Блюма, пераадолець шматлікія самыя неверагодныя перашкоды, пабываць на кані і пад канём, перш чым адмысловая камісія вярхоўных камісараў прызнае іх траіх годнымі найвышэйшай катэгорыі дасканаласьці, і яны нарэшце стануць мутантамі! Кайлюс атрымае замест ног самаходнае шасі, Зелба – новую драўляную галаву і будзе падобны да насарога, а Зоі дастанецца русалчын хвост! Аркестра – „туш“!
Усё навакольле ашчэрылася залівістым сьмехам мноства чалавечых ратоў. Зьвінелі трубы і літаўры, а канфэрансье працягваў свой узьнёслы маналёг. Фокус-покус! Цяпер кожны зь іх паселіцца ў кімсьці з нас і будзе найвялікшаю засьцярогаю ад свавольства. Доктар Кайлюс сочыць за мной, – шапну я табе на вуха. А за мной, – адкажаш ты, – доктар Зелба! Гэта што, – скажа трэці з нас, – за мной пільнуе сама доктар Зоя!
Некалі так будзе абавязкова! І нам таксама, каб пазбавіцца ад сваіх дактароў, трэба будзе разьвітацца з думкамі пра несьмяротнасьць, – гэта ўжо не канфэрансье, бо словы прамоўленыя голасам Зоі ў ейнай жа галаве. Яна машынальна перастаўляе ногі і пры тым дрэмле, і адна відзежа ў ейным сьне зьмяняецца на іншую.
Яны ідуць між маленькіх хвоек, і цяпер ужо ня Зоі, а жаўнерам краявід падаецца знаёмым. І нічога дзіўнага, бо яны выходзяць да свайго пастарунку на стрэльбішчы.
Каля будынку зь белага сылікату стаіць вялізная вайсковая машына.
У пастарунку гарыць сьвятло, і падарожнікі зазіраюць у шыбу. Пасярод пакою яны бачаць маленькага чалавека ў белым халаце з чорнаю мядзьведжаю галавою. Ён стукае палкай у падлогу і, гледзячы проста на іх, крычыць: Экш! Экш!
– Цяпер дакладна ня стаць нам мутантамі, – расчаравана кажа Кайлюс.
– А мы так спадзяваліся, што не цяпер, дык гадкоў праз сто… – азываецца Зелба.
І толькі Зоя маўчыць. Жаночая інтуіцыя падказвае ёй, што гэта ня так, што папраўдзе ўсё наадварот, што яны на верным шляху. Бо, праўду кажучы, хто ж ня хоча жыць вечна?
Толькі ня ўсім дадзена. Азірнуўшыся, Кайлюс і Зелба нікога побач з сабой ня бачаць. І яны ў адзін голас крычаць:
– Зоя!
Читать дальше