– Аднойчы, – пачала яна асьцярожна, быццам зьбіралася дакрануцца да агню, – аднойчы я ўбачыла, як доктар Заяц гнаў сваёй кульбаю па падлозе ў калідоры… Гэта быў кавалак чалавека, сплюшчаны, як барэльеф. Толькі галава і грудзі. Барэльеф мужчыны, маладога, з бародкай. Такіх паказвалі ў фільмах пра рэвалюцыю. Адразу мне падалося, што гэта кавалак нейкага каберца ці лінолюму. Але ён стагнаў. А доктар прыкрыкваў: Экш! Экш!.. Слухайце, чаму ў вас так халодна?
– Зараз, – ускочыў са свайго ўслончыка Зелба, – пашукаем чаго-небудзь надзець.
– Зараз, – падняўся Кайлюс, – запарым гарбаты.
Зелба адчыніў падсобку. Кайлюс адправіўся на двор па дровы, бо ў печцы дагарэла апошняе вугольле.
Зелба знайшоў у падсобцы цёплыя спартовыя нагавіцы і такую самую кашулю, а таксама чысты бушлат. Кайлюс наладаваў дровамі пліту, запаліў агонь і паставіў кіпяціць ваду.
Жаўнеры корпаліся кожны пры сваім занятку, адвярнуўшыся ад жанчыны.
Зоя тым часам хуценька нацягнула на сябе цёплыя рэчы і выглядала цяпер адной зь іх, цяпер ужо траіх.
Дасьпела гарбата, і ўсе трое, пасеўшы на ложках, былі гатовыя да працягу размовы.
* * *
– У той час шмат казалі пра кланаваньне, перасадкі ворганаў, пра разумных робатаў… Але я ня надта за гэтым сачыла, – прамовіла Зоя, грэючы рукі аб кубак з гарбатай. – Напэўна, рана ці позна ўсё гэта мусіла перавярнуць увесь наш сьвет. Калі любую частку чалавека можна замяніць на іншую, дык гэта ўжо нейкае вечнае жыцьцё атрымліваецца.
– Так і ёсьць, – пагадзіліся Кайлюс і Зелба.
Зоя ўпершыню паглядзела на іх уважліва, быццам вывучала.
– Выходзіць, што і вы – робаты?
– Мы не мутанты, – уздыхнуў Зелба. – Мы людзі, хоць і сапраўды шмат разоў пералепленыя.
– Але мы ня трапілі ў катэгорыю дасканалых – на мутацыю, як, напрыклад, доктар Блюм, – удакладніў Кайлюс.
– Цікава, у якую катэгорыю патрапіла я? – разважала ўголас Зоя. – Напэўна, у нейкі „адсеў“ – каму вечнасьць не пагражае.
– Напэўна, – пагадзіліся Кайлюс і Зелба.
Адказаць нешта дакладнае гэтыя ці то дзецюкі, ці то стогадовыя дзяды не маглі, бо нічога ня памяталі дый толкам ня ведалі. Колькі часу сплыло пасьля іхнага прызыву на вайсковую службу, а што было да таго – даўно заменена ў іхнай трансплянтаванай памяці. Адзінае, што цяпер у іх раптам абудзілася цікавасьць да таго сьвету, зь якога зьявілася Зоя. Калі ўвесь той сьвет такі, як яна, значыць, і сапраўды цікава, якім чынам ён скончыўся. А можа й ня скончыўся? Пакуль ёсьць Зоя.
– Тады шмат казалі пра гендэрную дыскрымінацыю, – працягвала яна. – Але ніхто з гэтым не лічыўся, бо жанчын стала ў некалькі разоў больш за мужчын.
– Мы гэтага ня ведаем, – разам прамовілі Кайлюс і Зелба.
– А тых, каго „адсеялі“, нашы гуманныя кіраўнікі, каб не забіваць, сталі замарожваць, – зрабіла дапушчэньне Зоя. – І каб ня траціць сродкі, марозілі іх у рэках, бо ўсё адно настала глябальнае абледзяненьне. Так?
– Магчыма, – сказаў Кайлюс.
– Ты разумная, – заўважыў Зелба. – Толькі мы ніколі ў нашай рэчцы нікога, апроч цябе, не знаходзілі.
* * *
За сьляпым акенкам пастарунку пачынала сьвітаць. І жаўнеры зазьбіраліся на агляд тэрыторыі. Цяпер ім і ў галаву не прыходзіла, што на пэрымэтар выправіцца нехта адзін, а другі будзе гатаваць сьняданак.
Папрасілася разам зь імі і Зоя – каб паглядзець месца, дзе яны яе знайшлі. На тое ёй выдалі цёплыя ватныя нагавіцы і валёнкі. Яна апраналася і не пераставала зьдзіўляцца іхнаму ўбогаму быту. Маўляў, куды падзяваліся ўсе тыя кампутары, бытавыя прылады і сродкі сувязі – ды наогул усё, чым было напоўненае жыцьцё сто гадоў назад? Тады многія нават уявіць сабе не маглі існаваньня без тэлевізара, газавай пліты або цёплага клязэту і душу. Няўжо з дасягненьнем вечнага жыцьця ўсё гэта страчвае сэнс? Утульнасьць і зручнасьць быту?
Жаўнеры, відавочна, не разумелі, пра што яна кажа, але згаджаліся зь ёю аднаслоўнымі адказамі „магчыма“, „відаць“, „напэўна“. Ім тое было ня толькі незразумела, але й нецікава.
Мароз у той дзень зьменшыўся напалову – да мінус дваццаці.
Калі ўсе трое спускаліся ў лагчыну, Зоя спытала, якім чынам доктар Блюм сочыць за ахоўнікамі стрэльбішча? Як ён даведваецца, што нехта зь іх захварэў ці што камусьці трэба зрабіць трансплянтацыю?
Усё адбываецца само сабою, – адказалі яны. Уся інфармацыя – у паветры. І лекаваньне і трансплянтацыя – усё робіцца праз паветра. Ім нават і думаць пра гэта ня трэба. Іхная справа – ахоўваць тэрыторыю.
Читать дальше