* * *
У пастарунку – невялікім будынку з сылікатнае цэглы – яны, як заўжды, варылі сабе ежу, чысьцілі амуніцыю і зброю, але пры тым не казалі ні слова ані пра „русалку“, ані пра свой юбілей. Яны маўчалі. Толькі бліжэй да поўдня першы прамовіў Зелба:
– Слухай, Кайлюс. Мы аглядаем тэрыторыю ўдвух дзеля таго, што можа спатрэбіцца прыкрыць адзін аднаго, альбо каб адзін, у разе патрэбы, пабег у пастарунак, а другі заставаўся на месцы здарэньня, праўда?
– Так напісана ў рэглямэнце, – пацьвердзіў Кайлюс.
– Толькі ж ніколі не было ў нас ніякіх здарэньняў. Аднойчы лось парваў агароджу, і ўсё. Але каб выявіць той прарыў, зусім ня трэба хадзіць разам.
– Можа і так, – недаверліва пагадзіўся Кайлюс.
– Мы вяртаемся з гэтых аглядаў галодныя, як сабакі, – узвысіў свой голас Зелба. – І пасьля яшчэ колькі часу гатуем ежу.
– Ты прапануеш зьмяніць рэглямэнт? – пачаў здагадвацца Кайлюс.
– Мы нічога ня будзем зьмяняць. Проста я буду хадзіць на агляд тэрыторыі, а ты будзеш гатаваць ежу.
Кайлюс задумаўся. Гатаваць ежу яму ня вельмі падабалася. І потым, ён ня менш за Зелбу хацеў яшчэ паглядзець на Прынцэсу. Таму ўрэшце Кайлюс сказаў:
– Лепей мы будзем усё рабіць на зьмену. Сёньня ты гатуеш, а заўтра я.
На тым і пагадзіліся.
* * *
Ноч выдалася такой непраглядна-цёмнай, што Кайлюс упершыню адчуў трывогу, а Зелба страх. Трывога была такой моцнай, што калі Кайлюс устаў папіць, конаўка выпала зь ягоных рук і бразнула аб падлогу. Страх таксама быў такі моцны, што калі Зелба выйшаў да ветру, ён колькі ні мацаў рукамі густую цемень, так і не знайшоў прыбіральні, якая заўсёды была каля капцёркі.
Кайлюс і Зелба што было моцы рабілі выгляд, што сьпяць, але ім ня спалася. І адна думка не выходзіла кожнаму з галавы: такое – упершыню.
Бліжэй да раніцы ім адлягло, і яны заснулі. Але і тут, у сьне, усё было ўпершыню, бо ніколі не здаралася, каб яны бачылі сны. Ад гэтага ім рабілася сорамна і кожны разумеў, што ніколі не раскажа свой сон другому.
Раніцай Зелба, здабыўшы сабе права першым пайсьці на агляд сам-адзін, рушыў ад пачатку пэрымэтру, але, як толькі яго ўжо нельга было ўбачыць з пастарунку, вобмельгам кінуўся да ракі.
Пад ніцаю вярбою ён на каленях рукамі рассоўваў рэдзенькі сьнег і леташняе лісьце зь ледзяное паверхні, пад якой зусім як жывая застыла Ляля. Уражаны зноў, і яшчэ больш, чым учора, Зелба гатовы быў глядзець на яе бясконца – на яе цела пад хвалямі лёгкай сукенкі, і хоць Ляля спала, здавалася, што ўсьміхаецца яна менавіта яму.
Але абавязак, нарэшце, пагнаў Зелбу ў пастарунак.
Калі пасьля абеду Кайлюс пайшоў нібыта па дровы, а насамрэч пабег да ракі, ледзяная паверхня пад вярбою была высьлізганая да бляску і нагадвала люстэрка. І Кайлюсу таксама падалося, што Прынцэса ў сьне ўсьміхаецца менавіта яму. Але тое, што перад ім тут быў Зелба, прымусіла яго задумацца.
Не, Кайлюс ня ведаў пачуцьцяў зайздрасьці або ўласнасьці або здрады. Ён, як і Зелба, ня ведаў ніякіх пачуцьцяў, апроч натуральных чалавечых патрэбаў. За ўсю іхную супольную службу выпадак з „русалкай“ быў першы, што разварушыў у іх жаданьні, ніяк не зьвязаныя з рэглямэнтам ды сьціплым жаўнерскім бытам.
* * *
– Ну, што мы будзем як дзеці хадзіць да яе… – пачаў за вячэрай Кайлюс.
– Мне таксама здаецца, што ў гэтай гісторыі павінен быць нейкі працяг, – пагадзіўся Зелба. – Але што мы можам зрабіць?
Што яны могуць зрабіць? Пры патрэбе нешта зрабіць жаўнеры заўсёды думалі пра рыштунак, якога ў іх у прыбудове было шмат. Ня раз яны абмяркоўвалі: а што, калі ў дратах агароджы заблытаецца лось, – якім чынам прыцягнуць яго ў пастарунак. І хоць лось так ані разу і не патрапіўся ім на вочы, але за часы службы іхны плян – што зь ім рабіць – быў да дробязяў абмеркаваны. Згадаўшы пра гэта, Зелба сказаў:
– Давай яе дастанем!
– А ты думаеш, доктар Блюм ня сочыць за ёй гэтаксама, як за намі? – перасьцярог Кайлюс.
– Вядома, сочыць. Але наколькі нам дадзена вырашаць самім, нагэтулькі далёка мы і зойдзем. Там, дзе будзе ўжо нельга, доктар Блюм нас абавязкова спыніць. А пакуль… Пакуль мне вельмі хочацца Лялю.
– А мне Прынцэсу.
* * *
Мінус сорак трымалася і назаўтра, калі жаўнеры пастанавілі забраць „русалку“ з ракі. Пра агляд тэрыторыі нават і ня ўспомнілі.
Раніцай Кайлюс гатаваў пад’едак, а Зелба выцягваў з прыбудовы рыштунак – лябёдку, санкі, трасы з крукамі, ледаруб і бэнзапілу.
Кожны думаў пра тое, на колькі ім удасца прасунуцца ў пачатай справе, пакуль не аб’явіцца доктар Блюм – тады ўсё імі задуманае страціць сэнс. Але доктар Блюм не аб’яўляўся. Гэта натхняла іх. І досьвіткам, натхнёныя, яны рушылі да ракі.
Читать дальше