– Ну правільна! І тая дарога вядзе да нашага лецішча.
– Ты прапануеш, каб мы туды пайшлі?
– Чаму б і не? Праўда, гэты паход будзе азначаць канец вашае неўміручасьці.
* * *
Жаўнеры задумаліся, і Зоя ня стала перабіваць іхнага задуменьня. Яна разважала пра сваё.
Як жа шмат высілкаў людзі патрацілі на тое, каб дасягнуць вечнага жыцьця. Ведалі б яны, якая гэта нецікавая штука – несьмяротнасьць!
– І што мы будзем там, на тваім лецішчы, рабіць? – раптам спытаўся Кайлюс.
– Ну, хоць бы запарым кавы, агледзімся і пойдзем на аўтобус. Сядзем і праз паўгадзіны будзем у горадзе.
– Самаволка, значыць, – прыгадаў забытае слова Кайлюс.
– Пяць сутак губы, – падыграў яму Зелба.
– Але ня факт, што ўсё так і ёсьць насамрэч, як ты кажаш, – засумняваўся Кайлюс, – дарога ў бярэзьніку, лецішча, аўтобус, горад. Нам і праўда нічога ня хочацца, бо ўсе жаданьні паніклі за гэтыя сто гадоў пасьля прызыву. Калі ты ўзбудзіла ў нас цікавасьць да сябе, дык… Нічога добрага я ў гэтым ня бачу.
– Спроба не хвароба, – сказаў Зелба. – Толькі я таксама ня ведаю, што нам рабіць у тым горадзе. Ты там жывеш і цябе туды цягне. А мы з нашай шмат разоў пералепленай сьвядомасьцю таксама цягнемся туды, дзе прывыклі. Гэта значыць, сюды.
– Тады я пайду адна!
– Зь іншага боку, – сказаў Кайлюс, – ня факт, што мы можам адпусьціць цябе. У нашым рэглямэнце сказана толькі пра затрымку жывёлаў. Але ж і чалавек у нейкім сэнсе жывёла…
– Хадзем усе разам, – пастанавіў Зелба. – Прынамсі, да бярэзьніку.
* * *
Калі за высокім супрацьлеглым берагам ракі яны ступілі на засьнежанае поле, пачало шарэць. Нечакана Зоя адчула, што не пазнае гэтых мясьцін. Але жаўнерам яна нічога не сказала. Наперадзе сапраўды бялеўся бярэзьнік. Толькі быў ён дзесьці вельмі далёка, бо вельмі вялікім аказалася поле.
Яны ішлі моўчкі, гатовыя да любога павароту падзеяў. Жаўнерам зноў падабалася іхнае свавольства, але ні на хвілю не забываліся яны і пра доктара Блюма.
Зоі патроху рабілася страшнавата – яна ўжо зразумела, што гэта ня той краявід. Поле напраўду было агромністае, а бярэзьнік, разам зь іхным набліжэньнем да яго, ператвараўся з маладых пасадак у векавечны гай. Імкліва цямнела. Да таго ж пасыпаў сьнег і ўзьняўся вецер.
Няўжо гэта тыя, знаёмыя зь дзяцінства мясьціны, толькі – праз сто гадоў? Няўжо ўвесь гэты час яна насамрэч праляжала ў скутай ільдом рацэ? Няўжо гэта ўсё ня вусьцішны сон, а рэчаіснасьць? І ня будзе ніякай дарогі, ніякага лецішча, ніякага гораду?
Ніякай дарогі ў бярэзьніку не было.
Велічэзныя дрэвы матлялі даўгімі кудламі сваіх шатаў, атрасаючы зь іх ледзяшы, якія шклянымі пацеркамі рассыпаліся па сьнежным шарпаку. Сьцямнела зусім.
Зоя калацілася, ня могучы справіцца са сваім страхам. Жаўнеры пераступалі з нагі на нагу. Што ім станецца, калі ў іх наперадзе вечнае жыцьцё.
* * *
Так ці йнакш, нешта прыдумаць мусіла яна. А яна не магла, ня ведала што. І яны гэта бачылі. Таму ўрэшце сказаў Кайлюс:
– Нам трэба вяртацца. Будзем лічыць, што экспэрымэнт ня ўдаўся. Ня ведаю, што нам будзе, калі адпусьцім цябе, але ў рэглямэнце пра гэта нічога не сказана. Таму ідзі на сваё лецішча ды едзь у свой горад. А мы пойдзем у свой пастарунак.
Гледзячы на Зою, можна было адчуць, што нічога горшага для чалавека гэты бессардэчны робат прыдумаць і ня мог. Зоін адчай гатовы быў дасягнуць найвышэйшага роўню. У такіх выпадках звычайна жаночая інтуіцыя раптоўна знаходзіць выйсьце.
Кайлюс ужо памкнуўся быў рушыць назад, але яго прыпыніў Зелба:
– Чакай. Але куды яна пойдзе? Ніякай дарогі няма!
– Можна ісьці паміж дрэваў, – сказаў Кайлюс. – Я падумаў, што яшчэ невядома, калі мы больш парушым рэглямэнт – калі адпусьцім яе, ці калі затрымаем.
– Трэба, каб яна сама вырашыла, што ёй рабіць, – сказаў Зелба. – Нам дык заўсёды доктар Блюм падкажа, а ёй… Можа быць, спытацца ў доктара Блюма? Ён усё чуе.
Гэтага іхнага дыялёгу было дастаткова, каб Зоя канчаткова дала рады сваім пачуцьцям.
– Ня трэба, – сказала яна. – Я гэта ўсё прыдумала, я й буду вырашаць. Мы чаго хацелі? Жыць, рухацца, шукаць. Ну й няхай цяпер цёмна. Ну й нічога, што бярозы старыя. Але самае апошняе глупства – вяртацца ў ваш пастарунак і працягваць хадзіць на агляды. Трэба ісьці наперад, а не кругамі. І нічога не баяцца. Я магла б пайсьці далей адна, але я жанчына, і мне страшна. Вы мусіце ісьці са мною.
Апошнія словы прагучалі як загад.
– І куды мы пойдзем?
Читать дальше