Пакуль дайшлі з санкамі, лябёдкай ды іншым рыштункам, над супрацьлеглым берагам пачало ўзыходзіць незвычайнае мякка-ружовае сонца. Моцны мароз паддаваў жаўнерам імпэту.
„Русалка“ паказалася ім пад высьлізганым іхнымі каленямі і локцямі лёдам. Яна была ўсё такая ж лёгкая і жаданая. На хвіліну яны спыніліся ў здранцьвеньні, дакладна гэтак, як тады, упершыню.
І тут зараўла ў руках Зелбы бэнзапіла, зацёхкаў Кайлюсаў ледаруб.
На тле ружовага сонца, што фарбавала ў свой колер усё навакольле, двое мужчынаў у нягнуткіх вайсковых бушлатах улягалі на рачной паверхні, занятыя цяжкай працай. Сцэна цягнулася доўга, але, калі б некаму выпала назіраць яе, ён бы ня здолеў адвесьці вачэй, так гэта ўсё было дзіўна. Заставалася толькі ўявіць сабе музыку – велічную і сьцьвярджальную, з далёкай трывожнай нотай.
Яны не абмяркоўвалі, што й як рабіць, хоць рабілі кожны сваё і паміжсобку зладжана. Гэта цалкам зразумела, калі ведаеш, што яны ўсё робяць разам ужо сто гадоў.
Зелба абпілоўваў лёд вакол „русалкі“, а Кайлюс выдзёўбваў лункі з бакоў. Калі Зелба закончыў, Кайлюс яшчэ выбіваў чацьвертую лунку, і Зелба пачаў ладкаваць крукі ў гатовыя тры.
Ружовае сонца асьвятліла іх поўным сьвятлом, калі Зелба налёг на пэдаль лябёдкі, і прастакутная брыліна лёду з „русалкай“ пачала аддзяляцца ад паверхні ракі.
Яна павольна ўздымалася ўгару, і бракавала толькі анёлаў, якія б уструбілі ейны прыход. Але, можа, гэта й былі анёлы, а не сама рака, якая ўзвыла ўсім сваім целам, чапляючыся за тую брыліну з апошняе моцы.
Тут жаўнеры ўпершыню загаварылі міжсобку.
– Ці чуеш музыку, Кайлюс? – спытаўся Зелба, і на вуснах ягоных зьявілася ўсьмешка.
Сьмяяўся і Кайлюс – хто яшчэ бачыў яго такім?
– Я чую, чую музыку!
Фантастычная сымфонія ружовага сонца захапіла ўсё навакольле – засьнежаныя лясы, палі, рэчку і нават чэзлую траву, што сям-там пракідалася з-пад сьнегу. Усё – трымцела! Гэтую музыку можна было ня толькі чуць і бачыць, але й адчуваць яе дотык і ўдыхаць яе разам з марозам.
* * *
Валаклі глыбу ў свой сылікатны дом вельмі цяжка. Забылі і пра ружовы сьвітанак, і пра музыку. Сьцяўшы зубы, цягнулі лядовы груз, ня ведаючы, навошта і дзеля чаго. Дакладней, Кайлюс цягнуў, а Зелба штурхаў. Колькі было вагі ў тым лёдзе, не задумляліся. Ня згадвалі і пра доктара Блюма, які кожны момант мог спыніць хаду іхнага прадпрыемства. Бо ведалі – штосьці яны робяць насуперак, бо ад пачатку ўсё гэта прыдумалі самі: давалачы брыліну зь „Ляляй“ да пастарунку. І толькі тут заўважылі, што на дарогу ім спатрэбіўся цэлы дзень.
У будынку яны ўсьцягнулі свой груз на стол. Ні слова ня мовячы, напалілі печку – узьнялі тэмпэратуру, а пад сталом зрабілі сьцёк для вады, якую вёдрамі выносілі за парог.
Доўга ці каротка тое цягнулася, але вада сышла, пакінуўшы на стале бяздухае цела „русалкі“, якая ад таго ня страціла ані сваёй прывабнасьці, ані ўсьмешкі.
Кайлюс дастаў з аптэчкі той на скрайні выпадак чып, далучыў яго да рукі Прынцэсы, і тая ажыла.
„Доктар Блюм, доктар Блюм, – круцілася ў галаве ў Зелбы, – гэта ж доктараў чып… Што з намі будзе?“
Ну, пакуль нічога такога ня сталася, апроч таго, што бывае з чалавекам, калі яму да рукі далучаюць чып. Ляля і сапраўды ажыла, села, агледзелася і сказала (пытаньне, адказу на якое патрабаваў чып: як табе?):
– Мне добра… Няўжо скончыўся ўвесь гэты кашмар? Чаго гледзіце? У вас тут цёпла, і я хачу есьці.
– Э-э-э, – азваліся Кайлюс і Зелба, – у нас цэлая рандэля кашы з тушанінай!
– І што? – спыталася яна роблена-няшчасна, – можна папрасіць?
Ясна! Абодва жаўнеры кінуліся да рандэлі – калі ласка!
– А ты хто? – спыталіся пры тым у адзін голас.
Бачна было, што пытаньне яе азадачыла, але, шукаючы выйсьця, яна зірнула на бушлаты шарагоўцаў на вешаку і знайшла адказ:
– Я жанчына.
Гэтага было дастаткова, каб Кайлюс і Зелба здаволілі сваю цікаўнасьць, толькі б ведаць цяпер, што зь ёю, жанчынаю, рабіць?
Жаўнеры цешыліся зь ейнага хараства, пры тым разумеючы, што ўся сытуацыя знаходзіцца пад кантролем доктара Блюма. Але той пакуль што ня ўмешваўся. Яны ўжо зрабілі нямала дзеяньняў насуперак ягоным настаўленьням. Ім нават хочацца рабіць нешта насуперак яшчэ, далей. Вось яна, іхная Ляля Прынцэса, перад імі. І што ж?
– А вы, відаць, салдацікі, у гэтым сэнсе заклапочаныя? – працягвала знаёмства „русалка“.
– Мы – Кайлюс і Зелба – ахоўнікі вайсковага стрэльбішча, – сказаў Кайлюс. – Мы заўсёды гатовыя, калі агароджу прарве лось… – і запнуўся.
Читать дальше