«Эх, грошы-грошы! Каб жа былі яны ў мяне – ні дня ў Друцку не затрымалася б! Усё б кінула: і маці, і Сашу, і школу, і з’ехала б незваротна, каб больш ніколі ў жыцці не бачыць гэтага брыдкага Віцька! Але ж, каб назаўсёды з’ехаць, трэба шмат грошай, вельмі шмат… Апрануцца каб па-чалавечы, жытло нейкае зняць, жыць за нешта трэба…»
Кожны раз думкі пра грошы і пра тое, скуль яны ў людзей бяруцца, прыводзілі Ірку да таго, што яна пачынала ўяўляць, як наступнае аўто, разагнаўшыся з крутога адхону, не ўпісваецца ў даволі пакручасты выгін дарогі перад самым мостам і зрываецца ў рэчку. Гэта апынаецца машына інкасатараў, якія на нейкі час страчваюць прытомнасць, а яна тым часам паціху вымае з іхняга сейфа на колах, каб не адразу заўважылі, толькі адну-адзіную зялёную торбу з грашыма…
І ўсё! Жыццё атрымалася! Больш няма ніякай забітай вясковай дзяўчынкі Іркі Бабровай, а ёсць папулярная, супер-пупер модная і вядомая свецкая ільвіца Ірына Баброва… Зрэшты, Баброва гучыць неяк па-калгаснаму, чаго добрага, даведаюцца папарацы, што яе ў школе Бабрыхай дражнілі… Трэба змяніць імя… З торбай грошай гэта – раз плюнуць… Яна будзе якой-небудзь Сюзі Стар ці Стэлай Артуа – праўда, здаецца, такая ўжо ёсць; ну, ці мала яшчэ ў свеце імёнаў куды больш прывабных, чым Ірка Бабрыха!.. Адным словам, цяпер у яе самы даражэнны ноўтбук і самы новы мабільнік, ці, як яны яго там называюць, айфон… Нават тры айфоны… Няхай усе зайздросцяць ёй! Цяпер яна выбірае, з кім сябраваць, а каму даваць з’едлівыя мянушкі ці не бачыць ва ўпор!
«Абавязкова атрымаю правы і набуду шыкоўны аўтамабіль! Сіні! Не, чырвоны! І аднойчы прыеду ў Друцк… Вось так падкачу да школы, адчыню дзверцы, выйду, дастану з сумачкі айфон і запалю цыгарэтку…»
Ірка проста ўвачавідкі бачыла гэтую сцэну: як са школы на вуліцу высыпала ўся дзятва і настаўнікі, а яна, такая ўся важная, недаступная, як з іншай планеты прыляцела, пытаецца: ну і хто тут цяпер Бабрыха? Не чакалі?..
Уяўленне нязменна пачынала маляваць разгублена-збянтэжаныя ненавісныя абліччы аднакласнікаў, але тады Ірка прыходзіла да прытомнасці і разумела, што іх там не можа быць: яны ж ужо да гэтага часу скончаць школу… Тады яна намагалася ўявіць тую ж сцэну свайго сакрушальнага з’яўлення ў роднай вёсцы спачатку ля клуба, потым ля магазіна, але заўсёды эфект не ішоў ні ў якое параўнанне з першапачатковай версіяй: ля школы яе чамусьці пазнавалі хутчэй.
Ірка думала, што, можа, усё ж злітуецца і дасць грошай маме, каб яна выгнала ў рэшце рэшт гэтага п’янюгу Віцька. А калі не выганіць?.. Калі не выганіць, тады і не дам!..
Самае дзіўнае, што месца ля млына сапраўды лічылася між аўтааматараў нядобрым, і там на самай справе з зайздроснай рэгулярнасцю біліся машыны, аб чым красамоўна сведчылі крыжы ды вянкі на ўзбочынах. Толькі Ірцы, на жаль, не ўдавалася стаць сведкаю ніводнага дарожна-транспартнага здарэння. Цэлы месяц яе назіранняў за дарогаю не прынёс жаданых вынікаў: аварыяў не было, і ўсё! Яна ўжо была гатовая згадзіцца, каб з дарогі ў рэчку на першы раз з’ехаў няхай сабе і не шыкоўны інкасатарскі бранявік, а хаця б якая-небудзь разапошняя малалітражка: кардынальна змяніць жыццё не атрымаецца, дык хоць грошы на білет да Магілёва і назад напэўна ж знойдуцца…
Ірка абсалютна не задумвалася, дзе менавіта ў той уяўнай разбітай машыне павінныя знайсціся грошы на білет да Магілёва. Лужыны крыві, кавалкі чалавечага мяса ды невыносныя перадсмяротныя стогны людзей яе фантазія чамусьці абачліва абмінала.
Неяк у кастрычніку напрыканцы ўрокаў усіх вучняў сабралі ў адзін клас. Разам з дырэктарам ды настаўнікамі ў памяшканне ўвайшлі два талачынскіх міліцыянты, якіх усе тут выдатна ведалі: інспектар па справах непаўналетніх Кубарэвіч ды ўчастковы Янкоўскі.
Нічога незвычайнага: зноў якую-небудзь лекцыю прачытаюць, папалохаюць спецшколай самых хуліганістых або будуць пытацца – ці не стаў хто выпадкова сведкам чарговага злачынства: бойкі, крадзяжу курэй ці веласіпеда…
– Учора ўвечары на дарозе Талачын – Круглае адбылася аўтааварыя, – сказаў замест прывітання ўчастковы.
У Іркі ўсё аж абарвалася ўсярэдзіне: як жа так?! Варта ёй было пайсці раней дадому…
– Загінулі людзі, – працягваў міліцыянт. – І калі на месца здарэння даставілі сваякоў, высветлілася, што ў ахвяр аварыі зніклі мабільныя тэлефоны ды грошы. Вадзіцель, які першы заўважыў разбітую машыну, паведаміў, што бачыў дзяцей, якія беглі праз поле ў бок Друцка… Выходзьце сюды, героі.
Читать дальше