– Іх старэйшы з нашай дачкою ў адным класе вучыцца! Малодшыя ў двары разам гуляюць!..
– Іх бацька закон парушыў! А я ж на тое і пастаўлены, каб сачыць за парадкам! Ты ж сама казала!
Галіна Васільеўна пачала прыводзіць процьму аргументаў, што на першы раз, выключна па-суседску, можна было б толькі папярэдзіць, не спяшацца, ён жа не здзейсніў ДТЗ, нікога, дзякуй богу, не пераехаў, нічога не сапсаваў!
Юрый Уладзіміравіч тым часам паглядаў на гадзіннік і думаў, чаму так зацягваюць свой выхад на сцэну суседзі.
Ён пачаў пазяхаць, слухаючы няспынны жончын маналог, хацеў ужо здацца: сказаць, што зараз жа верне тыя праклятыя Мікалайчыкавы правы, бо, па ўсіх прыкметах, хабару ад іх не дачакаешся… Апошняе, зразумела, ён не збіраўся казаць Галі. Інспектар толькі спадзяваўся на суседавым прыкладзе прадэманстраваць ёй, як цяжка, практычна немагчыма адмовіцца ад паднашэння: гэта з яе працаю, калі ніхто нічога нават не прапаноўвае, лёгка разважаць пра сумленне ды законнасць, а тут не абы-якія нервы трэба мець, характар, волю, каб не ўзяць!..
«Вось яно! – падумаў Юры Белы, калі раптам пазванілі ў дзверы. – Знайшлі, значыцца, грошы! Рады, рады за іх: цяпер гутарка будзе насіць прадметны характар».
Галя пайшла адчыняць, а праз паўхвіліны паклікала ў калідор мужа.
Як толькі Юры Уладзіміравіч увайшоў у пярэдні пакой, з вачэй у Алены пырснулі слёзы, і яна пачала галасіць, як па нябожчыку…
У першае імгненне інспектар нават падумаў, ці не зрабіў што з сабой той дурнец Мікалайчык, але, калі ўслухаўся ў суседчын лямант, зразумеў, што ўсё, можа, толькі занадта эмацыйна, але пакуль цалкам укладаецца ў традыцыйны шаблон прашэння ў жаночым выкананні: муж дурань, але ж дзеткі ні ў чым не вінаватыя, а гэта яны найперш як ніхто пацерпяць, калі бацька застанецца без працы… Усё як звычайна, адным словам.
За доўгія гады службы ў інспекцыі Белы даўно прывык да падобных галашэнняў, і гэтае яго кранала не больш, чым іншыя: зусім не ўражвала, калі казаць праўду.
Затое на Галіным абліччы адбілася такая нечуваная пакута ды спагада да чужога гора, што Юры імгненна зразумеў: ягоная задума была няўдалаю.
– Ды супакойцеся вы, – прагаварыў ён як мог лагодна, – ці ж я нічога не разумею. Аддам я яму тыя правы. Проста, – інспектар пачынаў нанова імправізаваць, – хацелася, каб навука была чалавеку, што правілы агульныя для ўсіх…
– Мы ж нічога супраць правілаў не маем, – па-свойму зразумела сітуацыю суседка, – правілы ёсць правілы, так проста нічога не робіцца! – і працягнула Беламу грошы.
– Што гэта?! – прыкінуўся здзіўленым Юры Уладзіміравіч і скоса зірнуў на Галю: глядзі, любая, я нічога не прасіў.
– Тут пяцьсот, – Алена пераводзіла позірк то на гаспадара, то на гаспадыню, – калі мала, я крыху пазней яшчэ прынясу…
Белы ніколі не бачыў сваю жонку такой агаломшанай і прыгнечанай. Здавалася, яна зараз скрозь зямлю праваліцца.
Некалі даўным-даўно жыла ў вялікім і прыгожым горадзе Друцку дзяўчынка Соня, якая, як і ўсе дзяўчаты на белым свеце, марыла аднойчы выйсці замуж за маладога прыгажуна прынца і стаць прынцэсаю, жыць з каханым доўга і шчасліва і памерці з ім у адзін дзень… Але, калі Соні споўнілася шаснаццаць, да яе пасватаўся не малады і прыгожы прынц, а зусім стары і непрывабны, затое самы сапраўдны кароль! Вось так, мінуўшы стадыю прынцэсы, Соня [2] Соня – Соф’я Гальшанская (Друцкая) (1405—21 верасня 1461, Кракаў) – дзяржаўная дзяячка Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Каралева польская (з 1424), заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Гадавалася ў сям’і матчынага брата, князя Сямёна Друцкага.
адразу зрабілася каралеваю. Ці была яна рада такому незвычайнаму павароту лёсу, за даўнасцю часу невядома, але гісторыя атрымалася гучнаю.
Праўда, большасць сучасных жыхароў сярэднестатыстычнай вёскі Друцк, у якую ператварыўся некалі вялікі і прыгожы горад, нават і не здагадваюцца пра тое, якія сусветнага маштабу жарсці некалі кіпелі ў іхнім паселішчы. Нават старажылы ніколі нічога чуць не чулі пра надзвычайны кар’ерны рост сваёй зямлячкі Соні. Што ўжо казаць пра маладых, якія ледзь не з калыскі перасяляюцца ў паралельную рэчаіснасць віртуальных гульняў і маюць даволі цьмянае ўяўленне пра навакольны свет…
Хіба што толькі для Іркі Бабровай віртуальная рэчаіснасць не існавала, і яна ці не адна з усіх дзяцей паселішча з упартасцю апантанага краязнаўцы даследавала ваколіцы. Справа была не ў тым, што гэтая дзяўчынка адзіная змагла супрацьстаяць паглынанню сваёй свядомасці драпежным светам лічбавых тэхналогій. Не, усё было значна прасцей: у яе ніколі не было ні камп’ютара, ні планшэта, ні нават мабільнага тэлефона, які ўжо там інтэрнэт… І бадзяцца па ваколіцах яна пачала толькі таму, што ўсе астатнія дзеці не хацелі сябраваць з ёю праз яе такую дрымучую тэхнічную адсталасць. Чым ёй было яшчэ займацца? Ды і апраналася яна ва ўсё самае таннае ці наогул набытае ў «сэканд-хэндзе», выгляд заўсёды мела самы неахайны і недагледжаны. Адным словам, нічога агульнага з іншымі дзецьмі ў Іркі не было.
Читать дальше