1 ...6 7 8 10 11 12 ...19 Крыху паразважаўшы, Юры Уладзіміравіч дадаў да гэтых дзвюх тысяч яшчэ адну са сваёй схованкі: няхай больш саліднаю будзе афіцыйная сума. Пералічыў тое, што заставалася ў схованцы, – роўна пятнаццаць тысяч! Цудоўна! За дваццаць тры тысячы можна набыць цалкам прыстойную машыну.
Калі ж інспектар пачаў вышукваць у інтэрнэце, які аўтамабіль ён можа сабе дазволіць, то хутка высветліў, што практычна ўсе аўтасалоны прапаноўваюць цэлыя сістэмы зніжак і растэрміновак. Значыць, жонцы ў выпадку чаго можна будзе сказаць, што машына новая, але за яе яшчэ трэба нешта даплаціць. Але гэта ў крайнім выпадку… Рэальна ж ацаніўшы зманлівыя перспектывы, Юры Уладзіміравіч усё болей і болей схіляўся да таго, што трэба браць аўтамабіль на тысяч дзесяць даражэйшы за тую суму, якая ёсць у ягоным распараджэнні: штомесячныя выдаткі на растэрміноўку лёгка пакрыюць хабары, затое ён зможа ездзіць на прыстойнай машыне, як і належыць саліднаму чалавеку на высокай пасадзе…
За гады службы ў органах Юры Белы выдатна засвоіў, што з калегамі па працы лепей не сябраваць: сёння ты нечы начальнік, а заўтра ён – твой; а начальнікі мусяць аддаваць загады, і часам вельмі непрыемныя для падначаленых. І як загадаць сябру?.. Як пакараць за правіны?.. Таму, мабыць, і даслужыўся Белы да намесніка кіраўніка раённай аўтаінспекцыі, што ніколі ў стасунках з калегамі не пераступаў межаў субардынацыі сам і не дазваляў рабіць гэтага іншым у дачыненні да сябе. Праўда, і большасць старых сяброў у родным мястэчку даўно ператварыліся ў проста знаёмых, бо ўсе яны без выключэння некалі палічылі, што сяброўства з Белым дае ім нейкія перавагі на дарозе. Юры так не лічыў і асабліва не пераймаўся з таго, што былыя сябры ўспрымалі яго ці то як здрадніка, ці то як адборнага кар’ерыста. Як кажуць: дружба дружбаю, а служба службаю…
Такім чынам, Юры Белы звярнуўся па дапамогу да свайго малодшага брата Андрэя – адзінага чалавека, які меў аўтамабіль, але даўно ўжо засвоіў, што злоўжываць братавым становішчам не варта. Ён дамовіўся з Андрэем, што той у бліжэйшую суботу адвязе яго ў Мінск і дапаможа выбраць новую машыну.
Калі надышла раніца вызначанага для паездкі дня, Юрыю давялося нейкі час адгаворваць Галю, якая раптам выказала жаданне таксама паехаць у сталіцу:
– Мы ж там нікуды, акрамя аўтарынка, не паспеем! Да таго ж, можа, яшчэ давядзецца па аб’явах у газетах матляцца па ўсім горадзе… Толькі стомішся, і ўсё! Ды і не факт, што за раз атрымаецца знайсці што-небудзь прыдатнае!
Як ні дзіўна, але аргументы Юрыя падзейнічалі: Галя вырашыла, што лепей сходзіць на працу і даробіць неабходныя справаздачы, бо ўсе клопаты, звязаныя з завяршэннем навучальнага года, – экзамены, выпісванне атэстатаў ды пасведчанняў, тлумны ды дурнаваты выпускны – засталіся ў мінулым, і калі яна ў суботу даробіць усе паперы, то ў першы дзень водпуску можа смела заставацца дома.
Юры Уладзіміравіч уздыхнуў з палёгкаю: лішніх пытанняў атрымалася пазбегнуць. Жонка выняла з сямейнай скарбонкі ўсе восем тысяч долараў, уважліва пералічыла і, як у банку, перацягнула пачак з грашыма сіненькім гумавым колцам.
– Колькі беларускіх даць? – спыталася яна ў мужа, працягваючы долары.
– У мяне ёсць грошы, хопіць. Пайду лепей у гараж зайду: знак аварыйны трэба ўзяць, а то сталічныя калегі ведаеш якія злыя! Не паглядзяць, што свой!..
У гаражы інспектар дастаў са сваёй скарбонкі пятнаццаць тысяч, якія таксама былі перацягнутыя банкаўскай сіненькай гумкай, але скручаныя ў цыліндр: ну і добра, няхай так і застаюцца, буду ведаць, у якім пачку колькі…
Юры ўсунуў важкі скрутак у нагрудную кішэню джынсавай курткі і зашпіліў клапан, яшчэ раз памацаў пачак з васьмю тысячамі, які ляжаў ва ўнутранай левай ніжняй кішэні, узяў у рукі знак аварыйнага прыпынку і выйшаў на вуліцу. Праз хвіліну пад’ехаў на сваім старэнькім «опелі-кадэт» Андрэй.
І хоць адлегласць ад Круглага да галоўных аўтатрас Мінск – Магілёў (М4) і Мінск – Масква (М1) практычна аднолькавая, усё ж круглянцы аддаюць перавагу апошняй: і якасць пакрыцця, і хуткасны рэжым на ёй непараўнальна лепшыя.
Калі выехалі з мястэчка ў кірунку Талачына, Андрэй адразу ж пагнаў свайго старога «кадэта» значна хутчэй за дазволеныя дзевяноста кіламетраў на гадзіну: з такім пасажырам да канца роднага раёна штраф за перавышэнне дакладна не пагражае.
Юры, аднак, не стрываў:
– Навошта так ляціш? Паспеем…
– Аштрафуеш?
– Баюся, каб твая калымага не рассыпалася на хаду!
Читать дальше