Героі, відавочна, не спяшаліся паўстаць перад усёю грамадою, і міліцыянт прыспешыў іх:
– Давайце-давайце! Хутчэй!
Да настаўніцкага стала падбрылі чырвоныя, бы вараныя ракі, два шасцікласнікі і сямікласнік. Усе трое шморгалі насамі і не ўздымалі вачэй.
– Вось гэтыя хлопчыкі… Замест таго, каб выклікаць дапамогу, не пабаяліся і абчысцілі кішэні нябожчыкаў… Забралі два мабільных тэлефоны і грошы, агульнай сумаю дзесяць мільёнаў рублёў… Затым прыйшлі ў вёску і набылі ў магазіне два кілаграмы сыравяленай каўбасы, дванаццаць пачкаў марожанага і два кілаграмы шакаладных цукерак… Але гэтага ім падалося недастаткова, і яны ўгаварылі жыхара вёскі Віктара Іванчанку, – у гэтае імгненне ўсе прысутныя, дзеці і дарослыя, утаропіліся ў Ірку, быццам гэта не айчым адказваў за яе паводзіны перад іншымі, а яна была ягоным апекуном, – набыць ім дзве бутэлькі пладова-ягаднага віна «Талачынскае» і блок цыгарэт «Мінск»…
Ірка спачатку абурылася такой занадта пільнай увагай да сябе, быццам гэта яна зрабіла нешта дрэннае, але потым падумала і нечакана узрадавалася: мабыць, пасадзяць цяпер Віцька!..
З усяе ж міліцэйскай прафілактычнай гутаркі Ірка зрабіла зусім не тыя высновы, якіх дабіваліся ўчастковы ды дзіцячы міліцыянт: найперш, чужыя мабільнікі браць нельга ні ў якім разе, бо ва ўсіх тэлефонах цяпер ёсць нейкія штучкі, якія дазваляюць бачыць іх месцазнаходжанне. Гэтых дробных ідыётаў толькі і знайшлі праз тыя мабільнікі. Па-другое, скрадзенымі грашыма нельга адразу ж карыстацца! Гэта ж аксіёма! Яны што, кіно зусім не глядзяць? І самае галоўнае: ні ў якім разе не прызнавацца! Як бы ні выпытвалі – маўчаць! Паспрабавалі б тыя бадзёрыя следчыя даказаць, што хлопчыкі трацяць не свае грошы, а скрадзеныя з месца злачынства: збіралі ўлетку грыбы ды чарніцы і прадавалі. Паспрабуй дакажы! Асабліва калі астатнія надзейна схаваць… І яшчэ: чым меней людзей ведае, тым лепей! Значыць, тое, што Ірка заўсёды гуляе сама па сабе, – надзейная перасцярога. Так трэба і надалей. Застаецца толькі дачакацца сваёй машыны… Дзесяць мільёнаў!.. Хаця б пяць… І адзін мільён – гэта крута!..
Старэнькі «фольксваген» усё часцей і часцей падводзіў свайго гаспадара: ледзь не праз дзень што-небудзь псавалася. Было відавочна, што кожны рамонт патрабуе ўсё большых і большых выдаткаў. Надышоў той перыяд жыцця аўтамабіля, калі ён больш прастойваў у саматужных ды афіцыйных майстэрнях, чым ездзіў. А сказаць папраўдзе, ён ужо проста раздражняў!
І Юры Уладзіміравіч Белы пачаў рыхтаваць глебу пад замену старой машыны. Ён любіў вадзіць і вельмі цяжка пераносіў дзень без аўтамабіля. Але ў Круглым усё пад рукою, і машына – не самая неабходная рэч у гаспадарцы. Ды ён і на службовай заўсёды мог душу адвесці… Але казённая ёсць казённая: куды хочаш не паедзеш. Да таго ж і перад калегамі сорамна: ва ўсіх машыны як машыны, толькі ён на антыкварнай ездзіць…
Жонка, зразумела, супраць новай машыны, бо трэба дзецям на вучобу адкладаць, крэдыт за кватэру выплачваць ды ўсё такое. Але ёсць у Юрыя Уладзіміравіча бясспрэчны аргумент – цешча! Да яе на грамадскім транспарце не наездзішся, да таго ж туды нічога прамога і не ходзіць. Вось і выбірай, жонка: новая машына ці спатканні са старэнькай маці раз на год!
У сямейнай скарбонцы Белых назбіралася пяць тысяч долараў. Цэлых пяць тысяч! Не жартачкі! За тысячы дзве можна прадаць старую машыну, і за сем тысяч набыць… крыху навейшую, якая літаральна праз год-два пачне таксама, як і цяперашні «гольфік», літаральна развальвацца на хаду. Юры Уладзіміравіч таемна пасміхаўся з тых сямі тысяч, якія іх сям’я нібыта збіраецца выдаткаваць на навейшую машыну: перспектыва змяніць шыла на мыла яго зусім не вабіла. На шчасце, у ягонай асабістай схованцы ўжо даўно назапасілася больш за пятнаццаць тысяч, і калі скласці іх з тымі сямю тысячамі, пра якія ведае жонка, можна смела ехаць у які-небудзь сталічны аўтасалон, а не на рынак з патрапанымі старымі аўтамі, па абсалютна новенькую машыну. Што скажа Галя, калі ўбачыць новы аўтамабіль замест «бэушнага»? Нічога не скажа: жонка, як і большасць жанчын, адрознівае аўтамабілі толькі па колеры. Якія там ужо маркі, мадэлі, гады выпуску…
Нейкім цудам інспектар сапраўды здолеў прадаць свой «гольфік» роўна за дзве тысячы долараў. Юры думаў, што будзе шкадаваць сваю першую, няхай сабе і безнадзейна старую машыну, як у кнігах вершнік заўсёды шкадуе свайго баявога каня, але адчуў толькі незвычайную палёгку, калі перадаў ключы ад яе новаму гаспадару: нарэшце скончыліся ягоныя пакуты!
Читать дальше