З адной толькі цікаўнасці… Вось толькі адкажа яму па гэтым нумары ўжо хтосьці іншы. Шкадуеш?
– Здзекуешся? – у тон яму адказала я і, усміхнуўшыся, дадала: – Ці, можа, раўнуеш?
– Можа, і так, а можа, і гэтак… – буркнуў Толік і неяк нявесела ўсміхнуўся мне ў адказ. – Шкада толькі, што ты нават увагі на мяне…
– Увага! – пачуўся аўтаматычны голас з-пад панэлі.– Трэці квадрат «А», сіняя жылая зона. Яшчэ адна спроба суіцыду. Дзяўчына, сямнаццаць гадоў. Стаіць на балконе, на дванаццатым паверсе. Верагоднасць таго, што скінецца ўніз – восемдзесят восем працэнтаў.
Мы з Толікам пераглянуліся. Я зноўку ўсміхнулася, а Толік уздыхнуў.
– Дзяўчына… Гэта па тваёй спецыялізацыі! – не без іроніі сказала я. – Так што, давай, праяўляй свае акцёрскія здольнасці! Зарабляй найвышэйшы бал!
– Мабільнік адключаны, – працягваў між тым голас з-пад панэлі.– Але ў найбліжэйшым пакоі, на стале, знаходзіцца стацыянарны тэлефон.
Трэба спяшацца. Верагоднасць таго, што скінецца ўніз, узрастае: дзевяноста працэнтаў… дзевяноста адзін працэнт… дзевяноста два…
– Ды чую, чую! – неахвотна прамармытаў Толік, знімаючы трубку і хуценька набіраючы нумар. – Блін, хутчэй бы ўжо гэтае дзяжурства скончылася!
* * *
Адсюль, зверху, усё здавалася такім маленькім, амаль цацачным. І асфальтавая дарожка пад балконам выглядала вузенькай да такой ступені, што была рэальная магчымасць на яе не патрапіць. Проста праляцець міма і бразнуцца ў гэтыя калючыя кусты. Падрапацца аб іх, паламаць рукі-ногі, адбіць унутраныя органы, магчыма, вока выкалаць, але… …але, тым не менш, застацца жывой… жывой, і… …і скалечанай на ўсё астатняе жыццё…
Не, толькі не гэта! Такое горш за смерць!
Дзяўчына зноўку паглядзела ўніз і раптам уявіла сабе, як усё гэта будзе адбывацца. Кароткі хуткі палёт з пранізлівым посвістам ветру, балючае судакрананне з асфальтам (калі патрапіць!) і… усё! А ёсць там што далей ці няма… Гэта нікому канкрэтна не вядома…
Раптам у пакоі рэзка і пранізліва зазвінеў тэлефон, прымусіўшы дзяўчыну ўздрыгнуць і азірнуцца.
«Не падыходзь! – прашаптаў ёй нейкі ўнутраны голас. – Калі вырашыла скончыць з усім гэтым раз і назаўсёды – проста рабі сваю справу!
Хопіць вагацца і адкладваць… Ці ты проста спалохалася і перадумала?»
Дзяўчыну палохала толькі адно: не патрапіць на гэтую вузенькую палоску асфальта ўнізе. А тэлефон патрашчыць і змоўкне… І вось калі ён змоўкне, тады настане і яе чарга…
Але тэлефон усё ніяк не змаўкаў… І дзяўчына раптам падумала, што, магчыма, гэта тэлефануе Кірыла! Што, мабыць, ён перадумаў і ўсё зразумеў… і зараз будзе прасіць у яе прабачэння… А чаму б яму і сапраўды не зразумець відавочнае і не папрасіць прабачэння?.. А ўжо яна сама…
Яна сама будзе вырашаць, дараваць яму адразу ж ці няхай крыху папакутуе… калі толькі…
…калі толькі гэта ён тэлефануе зараз…
Але гэта быў не Кірыла, і дзяўчына, вярнуўшыся ў пакой і зняўшы трубку, адчула раптам горкае расчараванне. Не трэба было ёй падыходзіць, не трэба было здымаць трубку для таго толькі, каб пачуць гэты жаласлівы і дрыжачы юнацкі голас здалёк…
– Алё! – паўтарыў юнак і голас ягоны задрыжаў яшчэ мацней. Здавалася, яшчэ хвіліна – і незнаёмец расплачацца на поўны голас, нібыта малое дзіця. – Алё! Гэта тэлефон даверу?!
Лілія Бандарэвіч-Чарненка
…Ты зноў трапіла ў гэтую пастку, у гэты капкан. Кайданы злавілі цябе і прыкавалі да яго, мужчыны. І хіба гэта першы раз?! Старая курыца, кажаш ты сама сабе пад акампанемент скрыпак начных конікаў (да таго ж фіялкі так густа і востра пахнуць пад тваім балконам)! Ужо даўно ноч, а ты адна не спіш і не спіш. У свае сорак пяць даўно б пара паразумнець! А колькі абяцала сабе: не, апошні раз! Болей нікому не дазволю заманіць сябе ў гэтую пастку, гэтую турму, з якой нельга вырвацца. Ты ж – паважная сур’ёзная пані. Сівізны няма (яе так цудоўна замаскіравалі найякаснейшымі фарбамі ў салоне прыгажосці «Імідж», гаспадыня якога – твая добрая сяброўка Ірына). Сын у цябе зусім дарослы. І нават унучка ёсць… Нібы трэба і спыніцца… Ды і наогул – аўтарытэтная, інтэлігентная, высокаінтэлектуальная і гэтак далей… А паводзішся (аж сорамна!), як дзіця перад гэтай (чарговай) навалай кахання… Ператварылася ў разгубленую, перапалоханую дзяўчынку, якую бацькі згубілі раптам на шматлюдным вакзале. Хацела ж як лепей, а атрымліваецца як заўжды…
Пры ўсім гэтым, ты зусім не кансерватыўная, не меркантыльная, не дзелавая жанчына, не бізнес-лэдзі, не зацятая феміністка, якая недалюблівае мужчын і прывыкла ўсё разлічваць, пралічваць наперад (лепш пралічвала б!).
Читать дальше