1 ...6 7 8 10 11 12 ...15 Здавалася, вецер, якія заўсёды дзьме ў Калахары, быў тым ранкам надзвычай ціхім і лагодным.
Так, ён дзьмуў вельмі-вельмі пяшчотна.
З ангельскай мовы пераклала Ганна Янкута
Персікавы брэндзі Вілема Прынсла
Не, сказаў дзядзька Схалк Лоўрэнс, у Грот-Марыка кветак не вырасціш. Гэта някепскае месца для кукурузы, і аднойчы я нават сабраў неблагі ўраджай цыбулі ў садку, што разбіў за дамбай. Але тое, што называюць кветкамі, тут бывае рэдка. Мабыць, праз спёку. Ці праз засуху.
Тым не менш, калі б я ні заводзіў гутарку пра кветкі, я штораз успамінаю ферму Вілема Прынсла на гары Аб’ятэрскап, дзе ладзілі танцы, думаю пра збляднелага Фрыца Прэторыюса, які ванітаваў, седзячы на дарозе, думаю пра белую ружу, што некалі зухавата насіў на сваім капелюшы. Але больш за ўсё я думаю пра Грыту.
Калі ісці паўз маю ферму да вяршыні і звярнуць позірк на паўночны захад, можна пабачыць Аб’ятэрскап за хрыбтом Дварсберге. Людзі скажуць вам, што там, на Аб’етэрскапе, жывуць прывіды і што некалі яна была домам ведзьмаў. І гэтаму я ахвотна веру. На Аб’ятэрскапе я быў усяго аднойчы. Здарылася тое шмат гадоў таму. І пасля я больш ніколі туды не хадзіў. Але зусім не ад прывідаў ды ведзьмаў я трымаўся падалей.
Грыта Прынсла мусіла вярнуцца дахаты з пансіёна шляхетных дзяўчат у Зэйрусце, куды яна паехала вучыцца ангельскім манерам, пісанню дыктовак і іншым высакародным прадметам. А таму, каб адзначыць яе прыезд, Вілем Прынсла, бацька Грыты, наладзіў грандыёзныя танцы на сваёй аб’ятэрскапскай ферме.
Мяне на свята запрасілі. І Фрыца Прэторыюса таксама. І ўсіх белых з нашай мясцовасці ад Дэрдэпорта да Рамоўтсы. Больш за тое, практычна ўсе яны прыйшлі. Натуральна, кожны з нас хваляваўся перад сустрэчай з Грытай. У пансіёне шляхетных дзяўчат яна засвоіла столькі ўзвышаных навукаў, што цяпер мы не наважыліся б балбатаць з ёй па-простаму, нібы яна звычайная бурская дзяўчына. Але найболей у Аб’ятэрскап нас прыцягвала слава Вілема Прынсла, які рабіў найлепшы персікавы брэндзі ў нашых мясцінах.
Фрыц Прэторыюс загаварыў са мной пра бяду, якой нарабіла Грыціна навука.
– Эх, дружа, – сказаў ён, – каб ты ведаў, як я баюся загаварыць з ёй! Але я ўзяўся крыху падцягнуць свае веды. Учора вось дастаў старую грыфельную дошку, на якой пісаў яшчэ ў школе, апошні раз сямнаццаць гадоў таму, і рашыў некалькі прыкладаў. Складаў ды адымаў. Паспрабаваў быў крыху памножыць, але ж я зусім забыўся, як гэта робіцца.
Я сказаў Фрыцу, што хацеў бы яму дапамагчы, але так далёка, як да множання, я ў навуцы ніколі не прасоўваўся.
Надышоў дзень танцаў. Паштовая павозка, везучы Грыту да дома яе бацькі, мінула раніцою Драгедал. Па абедзе я апрануўся. Надзеў чорны пінжак, жаўтавата-карычневыя штаны і ружовую кашулю. А таксама абуў карычневыя боты, што набыў каля году таму і яшчэ не меў нагоды выйсці ў іх у людзі. Бо я б выглядаў поўным дурнем, расхаджваючы па ферме ў крамных ботах, калі наўкола ўсе носяць самаробныя вельдскуны. [33] Вельдскуны (veldskoens) – моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).
Сеўшы на каня і выправіўшыся ўніз па Урадавай дарозе, фарсіста ссунуўшы капялюш набок, я быў упэўнены, што на танцах лёгка стану першым франтам.
Сонца ўжо пачынала садзіцца, калі я наблізіўся да падножжа Аб’ятэрскапа, якое мусіў аб’ехаць, каб дабрацца да фермы Вілема Прынсла, што мясцілася ў лагчыне між двух узгоркаў. Едучы, я думаў, што за глупства пасяліцца ў месцы, дзе, кажуць, водзяцца прывіды. Дрэвы тут былі вышэйшыя і гусцейшыя, як і паўсюль, дзе зямля падымаецца ўгору. А таксама нашмат цямнейшыя.
Наўкола тут ляжалі цяжкія дзікаватыя цені. Мне яны былі зусім не даспадобы. Я ўспамінаў гісторыі пра ведзьмаў Аб’ятэрскапа і тое, што яны рабілі з падарожнікамі, заблукалымі ў цемры. Заблукаць жа сярод гэтых высачэзных дрэваў было як нагу ў бот уставіць. Таму я пусціў свайго каня галопам, каб як найхутчэй выбрацца з гэтага змрочнага месца. Коні ўсё ж добра чуюць прывідаў ды ведзьмаў, і маім абавязкам было прасачыць, каб конь не спужаўся дарэмна. Асабліва калі па сцяжыне раптам пранёсся халодны вецер і раз ці два мне пачулася, як злавесны голас выгуквае маё імя. Я пагнаў яшчэ хутчэй. Але неўзабаве азірнуўся і зразумеў, у чым справа. Гэта Фрыц Прэторыюс імчаў галопам за мною.
– Чаго ты так ляцеў? – запытаўся Фрыц, калі я сцішыў каня, каб ён змог мяне нагнаць.
– Хацеў мінуць гэтыя дрэвы, пакуль не сцямнела, – адказаў я. – Каб каня не пужаць.
– А я думаў, чаго гэта ты нясешся, схапіўшы яго за шыю, – адзначыў ён. – Усё каб супакоіць.
Читать дальше