Я змаўчаў. Але заўважыў, што Фрыц таксама апрануўся фарсіста. Насамрэч я абыходзіў яго кашуляй і ботамі, але на ім быў шэры гарнітур, а штаны ён заправіў у шкарпэткі. Да таго ж ён меў насоўку, якую, выхваляючыся, выцягваў з кішэні ўжо колькі разоў.
Канечне, зайздросціць такім, як Фрыц Прэторыюс, не ў маіх правілах. Але мяне злавала сама думка, што ён выстаўляе сябе поўным пасмешышчам, беручы на вечарынку такую заморскую прыдумку, як насоўка.
Мы прыехалі да дому Вілема Прынсла. У вельдзе [34] Вельд (veld) – паўднёваафрыканскі стэп (афр.).
стаяла столькі павозак для валоў, што гэта нагадвала сапраўдны абаронены павозкамі лагер. Прынсла сустрэў нас ля дзвярэй.
– Праходзьце сюды, kêrels, [35] Kêrels – хлопцы (афр.).
– сказаў ён. – Танцы ў пярэднім пакоі. А персікавы брэндзі – на кухні.
Хаця пярэдні пакой быў вялікі, сюды набілася столькі народу, што танчыць было амаль немагчыма. Але ўсё ж не так шмат, як на кухні. Ды і музыка ў пярэднім пакоі – некалькі чалавек гралі на гітарах і канцэрцінах [36] Канцэрціна – язычковы пнеўматычны музычны інструмент, гармоніка з храматычным гукавым шэрагам без гатовых акордаў. Мафекінгская дарога
– была не такой гучнай, як музыка на кухні, дзе ніхто не граў, затое кожны нешта сам сабе напяваў.
І па ўсім гэтым мы здагадаліся: вечарынка была што трэба.
Прабавіўшы з паўгадзіны на кухні, я вырашыў, што варта схадзіць у пярэдні пакой. Дарога туды з кухні падалася мне цяпер няблізкай, а таму некалькі разоў даводзілася абапірацца аб сцяну, каб крыху падумаць. Я мінуў яшчэ некалькі чалавек, што таксама абаперліся аб сцяну ў развагах. Адзін нават вырашыў, што лепш за ўсё думаецца седзячы на падлозе і абхапіўшы галаву рукамі.
Як можна пераканацца, Вілем Прынсла рабіў проста выдатны персікавы брэндзі.
А потым я пабачыў Фрыца Прэторыюса і вокамгненна прыйшоў у сябе. Ён бесклапотна памахваў сваёй белай насоўкай у такт музыцы і размаўляў з дзяўчынай, што ўсміхалася яму сваімі яснымі вачыма, чырвонымі вуснамі і белымі зубамі.
Я адразу зразумеў: гэта Грыта.
Яна была высокай, зграбнай і вельмі пекнай, а яе чорныя валасы ўпрыгожваў вянок з белых ружаў, сабраных, як можна было здагадацца, гэтым ранкам у Зэйрусце. Да таго ж яна зусім не выглядала на тую, у чыёй прысутнасці трэба выдаваць сябе за чалавека разумнага і адукаванага. Насамрэч я адразу ж адчуў, што мне зусім не спатрэбіцца табліца множання, якую я вырваў з канца школьнага сшытка і засунуў у кішэню пінжака перад самым выхадам з дому.
Уявіце, як цяжка мне было загаварыць з Грытай, пакуль тут круціцца Фрыц. Але нарэшце гэта ўдалося, і, ведучы з ёй размову, я з задавальненнем прасачыў краем вока, куды накіраваўся Фрыц. Ён пайшоў на кухню, памахваючы за сабой насоўкай. На кухню, поўную смеху, спеваў, і персікавага брэндзі Вілема Прынсла.
Я сказаў Грыце, што я Схалк Лоўрэнс.
– Ага, я чула пра цябе, – адказала яна, – ад Фрыца Прэторыюса.
Я ведаў, што гэта значыла. А таму расказаў ёй, што Фрыц славіцца сваёй хлуснёй на ўвесь Марыка. Ды парасказваў і іншага пра яго. Праз дзесяць хвілін, калі я ўсё яшчэ расказваў пра Фрыца, Грыта ўсміхнулася і сказала, што скончыць аповед пра яго я магу неяк іншым разам.
– Але ж адну рэч я мушу расказаць табе цяпер, – настойваў я. – Калі Фрыц даведаўся, што ты будзеш на танцах, ён пачаў рабіць хатняе заданне.
Я расказаў ёй пра грыфельную дошку і прыклады, і Грыта ціха засмяялася. Мяне зноўку ўразіла, якая ж яна прыгожая. Яе вочы блішчэлі ў святле свечак. Ружы здаваліся яшчэ бялейшымі ў яе цёмных валасах. І ўвесь гэты час вакол нас кружлялі танцоры, музыкі гралі вясёлыя матывы, а з кухні даляталі дзікаватыя трыюмфальныя воклічы.
Астатняе адбылося вельмі хутка.
Я нават не памятаю, як. Але я ведаю дакладна, што калі мы стаялі на вуліцы пад высачэзнымі дрэвамі і зоркі свяцілі з вышыні, я з лёгкасцю мог паверыць, што Грыта была зусім не дзяўчынай, а адной з тых аб’ятэрскапскіх ведзьмаў, што плялі свае дзівосныя чары.
Але калі б нехта пачуў мяне, то ніколі б не здагадаўся пра тыя дзікія, страшныя пачуцці, што бурлілі ў маім сэрцы.
Я расказваў Грыце і пра леташнюю засуху, і пра тое, як цяжка засцерагчы дзверы і рамы ад тэрмітаў, і пра тое, як мае новыя карычневыя боты здзерлі скуру з пальцаў на нагах, калі я хутка крочыў.
Пасля я падышоў да яе вельмі блізка.
– Грыта, – прамовіў я, беручы яе за руку, – Грыта, я хачу табе нешта сказаць.
Яна вызваліла сваю руку. Але зрабіла гэта вельмі мякка. Амаль шкадуючы.
Читать дальше