– Я ведаю, што ты хочаш сказаць, – адказала яна.
Я здзівіўся.
– Адкуль ты ведаеш, Грыта? – запытаўся я.
– О, я шмат чаго ведаю, – зноў засмяялася яна, – не дарма ж я вучылася ў пансіёне шляхетных дзяўчат.
– Ды не пра тое, – я адразу ж запярэчыў, – я не хачу гаварыць пра правапіс ці арыфметыку. Я хацеў сказаць табе, што…
– Калі ласка, не трэба гэтага казаць, Схалк, – перабіла мяне Грыта. – Я… я не ведаю, ці вартая я таго, каб пачуць такое. Я нават не ведаю…
– Але ты такая мілая! – усклікнуў я. – Я мушу табе сказаць, якая ты мілая!
І ў той самы момант, калі я зрабіў крок да яе, яна адступіла, каб ухіліцца. Я не мог зразумець, як яна так добра ўсё пралічыла. Бо як бы я ні намагаўся, я не мог злавіць яе. Яна з лёгкасцю і грацыёзнасцю хутка пакрочыла між дрэваў, а я штосілы прыпусціў за ёй.
Аднак стрымлівала мяне не толькі прага ведаў, а і мае новыя боты. І персікавы брэндзі Вілема Прынсла. І яшчэ аглобля воза – яе ніжні край, што хаваўся ў траве.
Але грымнуўся я не моцна. Трава там была даўгая і густая. І нават калі ўпаў, вялізным шчасцем напоўнілася маё сэрца. І больш нічога ў свеце мне было не патрэбна.
Грыта спынілася. Павярнулася. Раптам яе цела, зграбнае і цёмнае сярод ценяў, хіснулася ў мой бок, а рука слізганула ў валасы. Яе пальцы крануліся вянку. І наступнае, што я помню, – маленькая белая ружа, да якой я змог дацягнуцца.
Я заўжды буду памятаць захапленне, з якім я падняў ружу, трымценне, з якім прышпіліў яе да свайго капелюша. Я заўжды буду памятаць шуміху, што ўсчалася, калі я ўвайшоў на кухню. Усе кінулі піць, каб толькі паглядзець на ружу на маім капелюшы. Маладыя адпускалі жарты. Старэйшыя хітра падміргвалі і паляпвалі па спіне.
Хаця Фрыца Прэторыюса і не было на кухні, каб стаць сведкам маёй перамогі, я ведаў, што ён усё роўна неяк пра гэта пачуе. І зразумее, што такому хлопцу, як ён, цягацца са мной, Схалкам Лоўрэнсам, – поўнае нахабства.
Рэшту ночы я быў героем.
Мужчыны на кухні пасадзілі мяне на стол. Яны ўсё частавалі мяне брэндзі і пілі за маё здароўе. І пасля, калі тузін іх павалок мяне на двор, каб пакласці на павозку на свежым паветры, яны заваліліся толькі адзін раз.
На світанні я ляжаў усё на той жа павозцы.
Калі я прачнуўся, то адчуў моцную млосць, пакуль не ўспомніў пра Грыціну ружу. Тая белая ружа дагэтуль была на маім капелюшы, каб увесь свет ведаў, што Грыта Прынсла з усіх мужчынаў абрала менавіта мяне.
Але што я не хацеў, каб свет ведаў, – дык гэта тое, што я спаў у павозцы нават тады, калі ўсе госці ўжо разышліся. А таму я паскакаў вельмі ціха, задаволены, што яшчэ ніхто не прачнуўся і мяне не пабачыў.
Галава ў мяне круцілася, але ў душы я адчуваў узмахі зялёных крыльцаў. І хоць стаяў ужо дзень, у траве шапацеў той самы лёгкі ветрык, што быў тады, калі Грыта, стоячы пад зорамі, кінула мне ружу.
Я павольна ехаў між дрэваў па схіле Аб’ятэрскапа і ўжо наблізіўся да месца, дзе сцяжына зноў паварочвала на поўдзень, калі пабачыў штосьці, што прымусіла мяне зразумець: у гэтых модных пансіёнах дзяўчат вучаць не надта добра.
Спачатку я пабачыў на ўзбочыне каня Фрыца Прэторыюса.
Потым я пабачыў самога Фрыца. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да акацыі, абапёршыся шчакой на калені. Выглядаў ён бледным і хворым. Але што яшчэ больш прымусіла мяне задумацца пра пансіён шляхетных дзяўчат, дык гэта Фрыцаў капялюш, які валяўся на зямлі крыху наводдаль ад гаспадара, і маленькая белая ружа на ім.
З ангельскай мовы пераклала Юля Цімафеева
Калі людзі пытаюць мяне (сціпла пачаў дзядзька Схалк Лоўрэнс) – а робяць яны гэта часта, – як у мяне атрымліваецца расказваць найлепшыя ў Трансваалі гісторыі, я тлумачу, што вучуся рабіць гэта, проста назіраючы, як абыходзіцца з мужчынамі і жанчынамі жыццё. Калі я так кажу, яны з разумным выглядам ківаюць галовамі, маўляў, зразумела, і я таксама ківаю галавой з разумным выглядам, і здаецца, іх усё задавальняе. Але гэта, безумоўна, хлусня.
Бо з такога гісторыя не вырастае. Мае значэнне тое, як ты яе расказваеш. Самае важнае – гэта ведаць, што менавіта цяпер ты мусіш выбіць люльку на свой вельдскун [37] Вельдскуны (veldskoens) – моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).
і што менавіта на гэтым павароце гісторыі самы час згадаць пра школьную камісію ў Драгефлеі. Яшчэ адна неабходная рэч – ведаць, якую частку гісторыі варта апусціць.
І гэтаму ўсяму ты ніколі не навучышся.
Зірніце на Флорыса, апошняга з Ван Барнэвелтаў. У яго, без сумневу, цікавая гісторыя, – ён проста мусіць правільна данесці яе людзям. Але дагэтуль ніхто і нічога не ведае – ні пра яго, ні пра тое, што ён мог бы расказаць. Проста таму, што ён не можа гэта як след апавесці.
Читать дальше