Шэрай плямай на тле лесу выступіла маленькая паляна, з аднаго боку адкрытая пустому полю.
– Ніхто тут не хадзіў яшчэ, – чалавек павёў хлопца праз паляну ў дальні канец. – Сядай.
Хлопец сеў на голы камень, тварам да поля, а са спіны да яго падбіраўся лес. Чалавек стаяў збоку і дзіўна падскугольваў і прыскокваў:
– Сядай, кажу. У-у-у, глядзі… і не глядзі. А калі надумаеш, дык прыходзь – калі ласка.
І ён пакрочыў назад, а хлопец чуў толькі яго крокі, пакуль не апынуўся нарэшце ў суцэльнай цішы, з лесам за спінай. Спачатку страшнавата было – увесь час азірнуцца карцела.
Чалавек, вярнуўшыся дадому, пастаяў у сенцах ды пакінуў дзверы незамкнёнымі. Распрануўшыся, ён укленчыў пад абразамі і доўга маўчаў, потым перахрысціўся і ўзняўся. Пасля ізноў выйшаў на двор, паўглядаўся, пакратаў паркан, падлічыў нешта сам сабе ды пайшоў спаць.
Ён пачуў, як хлопец заходзіць у хату – бразгае клямкай, намацвае засаўку. Соваўся па сенцах – шукаў святло, пасля звінеў конаўкай аб вядро – набіраў вады. Праз нейкі час хлопец сціх, не стаў будзіць чалавека – сам знайшоў, дзе легчы. Мабыць, на ўслоне скруціўся.
Чалавек прачнуўся, абуджаны голасам у суседнім пакоі, або галасамі. Не разумеючы спрасонку, ён адкінуў коўдру ды ступіў на сцюдзёную падлогу басанож. Падышоўшы да дзвярэй, узгадаў пра хлопца і спыніўся. З кім гэта ён размаўляе? “З д’яблам, напэўна”. Ён бачыў праз фіранку, як хлопец, ужо апрануты, стаіць сярод пакоя неяк дзіўна і кажа камусьці: “Так, зараз… канечне… канечне…” Голас у яго быў не такі ўжо, як учора – разгублены, адчайны крык у пошуках выйсця, – зараз гэта быў цвёрды голас скамянелай маладосці. Здавалася, быццам не засталося ў яго больш сумневаў. Падціснуўшы вусны і заплюшчыўшы вочы, у адно памкненне хлопец выйшаў з хаты, вылецеў на дарогу і павярнуў у бок чыгункі.
Чалавек накіраваўся за ім, ішоў ззаду, каб толькі не губляць хлопца з віду. А месяц вылез над лесам і заліваў шлях мармуровым святлом. Хлопец ішоў па халодным мармуры, быццам не зважаючы. Застылыя дрэвы са слановай косці праводзілі яго, некаторыя драматычна цягнулі галіны ўслед. Ён праходзіў вёску, хаты маркотна апускалі патухлыя вочы. Сумёты разбягаліся па розныя бакі дарогі. Хлопец не азіраўся, чалавек ішоў ззаду.
Станцыя сціпла грувасцілася ля самой чыгункі. Расклад быў спраўджаны, рэчы рашуча закінуты за плечы. Хвіліны… хвіліны… чалавек выйшаў на платформу і спыніўся. Хлопец стаяў на іншым баку, тросся, як у ліхаманцы. Яго зноў ахоплівала разгубленасць, апусціўшы заплечнік долу, ён нервова скроб скроні. Але перш чым хто-небудзь паспеў сказаць хоць штосьці ці крыкнуць, пранеслася электрычка і ўцягнула ў сябе маладога хлопца, прыгнечанага невядомым назіральнікам.
Уцягнула, уцягнула за паварот, з рукамі і нагамі.
Чалавек доўга стаяў на станцыі, зморшчыўшыся, быццам не могучы штосьці ўзгадаць. Ён вярнуўся дадому і зноў улёгся ў ложак, які ўжо паспеў астыць. Ён павярнуўся тварам да сцяны, і было незразумела, ці ён спіць, ці проста ціха ляжыць. Бліжэй да світання ён перавярнуўся на другі бок і па старой звычцы, прыдбанай на самоце, з уздыхам мацюкнуўся.
…Наступным ранкам ён збіваў са штыкецін сабе новы плот.
2011 г.
Раманы былі старымі сябрамі і далёкімі сваякамі. Cтарэйшы з іх, каб адпавядаць свайму годнаму ўзросту, мог выпіць вядро і толькі для прыліку закусіць нейкім абрыўкам пазалеташняга агурка. Малодшы затое ўмеў ездзіць на камбайне. Яны ведалі адзін аднаго ўсё жыццё, і нават іхныя ўнукі сябравалі, пакуль не паехалі ў горад вучыцца. Да таго ж жылі яны недалёка і кароў пасвіць ім заўсёды выпадала разам.
Аднойчы ўлетку – другі раз за год – давялося ім зноў ісці ў поле. Выганялі яны а палове на восьмую, а вярталіся назад ужо бліжэй да дзявятай. Увесь гэты дзень яны сядзелі ля дарогі ці ў цені пад бярозамі і ўсё елі. “Лічы – пілі”, – як прызнаваўся старэйшы Раман. Пілі яны павольна – “да толку”, – як казаў той самы Раман, казаў, адмыслова расцягваючы сярэднюю літару: “Да то-олку”, – з усведамленнем уласнай важнасці і дасведчанасці. Пілі павольна, увесь час закусваючы жончынымі прысмакамі: каўбасамі, салам, галубцамі. І такім парадкам ішлі яны аж да вечара, а як нічога не здаралася, то пачыналі дзяды бессаромна пляткарыць і абгаворваць ці не ўвесь раён.
Нішто не магло схавацца ад іх уніклівага пад старасць розуму і пільнай увагі.
– Ці чуў, што гэны – Гэнка з пажаркі – кажа? – пытаў Раман малодшы.
Читать дальше