За імгненне да з’яўлення патруля маёр у сне паспявае вырваць Ліну з гэтага кадра: ён хапае яе за руку і цягне за сабой завулкамі. Яны бягуць, як гэта магчыма толькі ў сне, павольна, у мёртвай цішыні: маёр наперадзе, Ліна – за ім. Яны бягуць не задыхаючыся. Яе рука – мяккая і прахалодная – у яго гарачай і моцнай далоні. Маёр не хоча прачынацца – яму сніцца, як Ліна цёпла дыхае зусім побач. Ён адчувае фантастычны водар яе духоў – дзёрзкі і рашучы. І раптам – яе мяккая рука выслізгвае з яго моцнай далоні. Што гэта? Маёр паварочваецца, глядзіць разгублена на Ліну – а гэта не яна.
* * *
– Я б на тваім мейсцы не паварочваўся, – кажа маёру хлопчык гадоў пятнаццаці, схіліўшыся, разам з усімі сваімі ценямі, над маёрам і нешта выглядаючы ў яго вачах.
– А чаму ты падслухоўваеш мой сон? – раздражнёна пытае маёр, сілячыся прыгадаць водар духоў Ліны ў сне.
– А чаму ты азіраешся? – з дакорам пытае хлопец і моцна трэ сабе вочы. Маёру здаецца аднекуль знаёмым гэты гэст, але спрасоння ён не можа прыгадаць – адкуль.
Іх перапыняюць сігналы па рацыі.
– Не адказвай, – патрабуе хлопчык, адводзячы далоні ад сваіх вачэй, і маёр з жахам разумее, што вачніцы ў хлопчыка – пустыя.
– Хіба я магу? – нерашуча адводзіць маёр вочы, і хлопчык зноў знікае сярод ценяў кавярні.
* * *
У гэты час Ліна ўжо дабралася з тканінай і фарбай у незнаёмую кватэру. Кватэра была пустая і халодная. На сцяне самотна тахкаў гадзіннік, вокны выходзілі на зграбны стары польскі дворык. Ліна шчыльна захінула фіранкі.
Перад тым як брацца за працу, яна згатавала сабе кавы. На шырокім падрапаным падвоканні ляжала некалькі кніг – Ліна выцягнула самую маленькую – Керуака – і села пачытаць.
“Развітанне, – сумна ўсміхалася яна, прачытаўшы некалькі першых старонак пра тое, як герой Керуака выпраўляецца з дому, – тут нельга марудзіць і разважаць”. Ліна схавала кнігу ў расшытую і абвешаную пасачкамі торбу, распакавала фарбу і задуменна правяла рукой па гладкай чорнай тканіне.
* * *
Расцяжка была гатовая за гадзіну. Ліна хітра ўсміхалася, гледзячы на яе, і спрабавала ўявіць іх рэакцыю. Спачатку маёра Вайтовіча. Пасля бацькоў. Пасля, можа быць, хлопцаў у чорных акулярах.
Калі зазваніў тэлефон, Ліна з гатовасцю падхапілася, знайшла яго на дне торбы, вычакала хвіліну, каб голас не трымцеў.
– Прывітанне, – асцярожна пачала яна. Голас у слухаўцы быў нізкі і знерваваны.
– Не, сёння я не магу, – яшчэ ветліва прашаптала Ліна. Голас патрабаваў тлумачэнняў.
– У бібліятэцы, – прыдумала самы кароткі адказ Ліна: на даўжэйшы сказ – яна баялася – ёй бы не хапіла паветра.
Голас пракрычаў нешта злое і кароткае. І яшчэ раз.
– У бібліятэцы, – хутка паўтарыла Ліна.
Са слухаўкі пасыпаліся пагрозы. Пасля настала мёртвая цішыня – і ўжо нешта ціха спытаў надарваны голас.
– Кім я хачу стаць? – няўпэўнена паўтарыла яна.
Ліна паглядзела на расцяжку. Пасля на гадзіннік – часу заставалася мала. І нарэшце: – Мёртвым катом, – прашаптала яна – здзіўленая тым, што нарэшце сказала гэта. І дадала: “Дадому я больш не вярнуся”.
Цяпер ужо спыняцца не было сэнсу. І раздумваць цяпер – таксама сэнсу не было ніякага.
* * *
“Мёртвым катом,” – прашаптаў зачараваны маёр Вайтовіч, адключаючы праслухоўванне. Ён яшчэ пасядзеў над незапоўненым пратаколам, нешта запісаў дрыжачай рукой. І – шчаслівы – заснуў.
Маёру снілася, што на гэты раз ён не вагаючыся націсне на газ – і яны з Лінай уцякуць ад усіх. Ззаду заставаліся: ростань, адкладзеныя спадзевы, чаканні. Наперадзе – бадзянні, бадзянні, бадзянні. Ён націснуў на газ і з жахам зразумеў: машына не скраналася з мейсца.
Яго зноў абудзіў хлопчык-цень, які, здавалася, жыў у гэтай кавярні. Маёр ужо нічому не здзіўляўся і не пытаў хлопца, хто ён такі.
– Што ў цябе з вачыма? – спытаў замест гэтага сонны маёр.
– А што ў цябе? – грозна перапытаў хлопец. Маёр падышоў да люстэрка – вочы ў яго былі чырвоныя і набухлыя. “Ад слёз,” – падумаў маёр, прыгадваючы сон.
– Ад слёз, – перадражніў яго хлопец, дастаючы з-пад фатэля паўпустую бутэльку віскі.
* * *
– Ты хочаш маёй смерці? – у роспачы запытаўся маёр, прысоўваючыся бліжэй да хлопца.
– Як цікава яны разбягаюцца, – сказаў хлопчык, разглядаючы зморшчынкі трывог на ілбе маёра.
– Чаму тады ты прыходзіш? – вінавата апусціў вочы маёр. – Я быў малады… – Не апраўдвайся, – перапыніў яго хлопец. Ён сказаў гэта пастаўленым барытонам, якім так ганарыўся маёр. Абодвух расчуліла нечаканае супадзенне.
Читать дальше