Мы спакусілі Оскара на гісторыю пра загадкі не адразу. Спачатку ён адмаўляўся: казаў, што гісторыю пра сфінкса ён яшчэ да канца не прыдумаў. Яшчэ недапісаныя ўсе загадкі. Няма ўзнагародаў тым, хто іх разгадае. І што рабіць са сфінксам пасля ўсяго – гэтага таксама ён яшчэ не ведае.
Але Гары так пяшчотна глядзеў на яго.
Але я так трапна разліла тры кроплі віскі на падлогу.
Да таго ж, мы былі п’яныя. Мы сядзелі ў цемры – у пустой халоднай кватэры Оскара – і пілі віскі.
І Оскар у рэшце рэшт пагадзіўся. Ён пагадзіўся прачытаць нам сваю гісторыю пра сфінкса, пра загадкі і, вядома, пра Гары.
Зрэшты, зусім не істотна, пра што менавіта была гісторыя Оскара. Яна надрукаваная – і цяпер ляжыць перада мной. Яна засталася. А я не хачу пісаць пра тое, што засталося. Маё апавяданне – пра мёртвага ката. Пра тое, што немагчыма ўтрымаць. І таму з начной размовы паміж Оскарам, Гары і мною я пакіну хіба што два словы, прамоўленыя ў гэтай халоднай цёмнай кватэры. Тройчы прамоўленае “Мілы Гары” – і не ўтрыманае – вось сэнс і мэта майго апавядання.
* * *
Мілы Гары – як мантра, як выратаванне для тых, хто разгубіцца, калі разгадаюцца ўсе загадкі. І калі будзе няясна, ці застаецца нешта пасля нас за шэрымі і халоднымі аблокамі.
* * *
Мілы Гары, – прашэпча спачатку Оскар – разгублены і прыгожы, – калі Гары разгадае тайну яго герояў і назаўжды звабіць сюды – за аблокі.
Мілы Гары, – напіша Гары – лёгка і няўлоўна – у мой вішнёвы нататнік назву майго яшчэ не прыдуманага апавядання. Апавядання, якое з’явіцца пазней з аднаго толькі гэсту Гары – з таго, як лёгка і няўлоўна ён запісвае назву ў мой нататнік.
Мілы Гары, – паклічу нарэшце я сама – пяшчотная і закаханая, – калі мы ўжо сядзем у цягнік і я паспрабую паўтарыць гэты яго гэст. А ў мяне не атрымаецца.
* * *
Мілы Гары, – прашэпча спачатку Оскар.
Вось ён – сядзіць перад намі ў фатэлі і нервова паліць. Ён паліць увесь час, пакуль чытае апавяданне. Таму што яго апавяданне – гэта апавяданне загадак. І ўсе героі там – дзяўчына, хлопец і закінуты дом – ахутаныя смугой. Хаваюцца ў ранішнім тумане. Затуленыя фіранкамі, праз якія амаль нічога і не відаць.
Таму Оскару патрэбны дым. З дыму пачынаецца яго гісторыя.
У апавяданні малады чалавек бачыць сілуэт дзяўчыны за фіранкамі закінутага дому. Дзяўчына глядзіць на яго некалькі хвілін, а пасля знікае. Калі іх пазней пазнаёмяць, яна папросіць нікому не расказваць пра іх першую сустрэчу і пра закінуты дом. Але нічога і не патлумачыць. З часам, заінтрыгаваны, малады чалавек зразумее, што закахаўся. Яны заручацца. Але нават заручыўшыся, дзяўчына ні ў чым не прызнаецца – так і не скажа: ні што гэта быў за дом, ні чаму яна хавае ад усіх яго тайну. І будзе далей знікаць штодня, азіраючыся і напалохана, – будзе штодня ў адну і тую ж гадзіну сыходзіць у стары закінуты дом.
Оскар чытае нам гісторыю і паліць – каб ахутаць дымам сваю тайну. Гэта я разумею: тайну, якая магла ў любую хвіліну выслізнуць з яго гісторыі. Гісторыя дзяўчыны перапыняецца – бо знікае дзяўчына. Знікае і дом у апавяданні Оскара – бо больш туды ніхто не прыходзіць. Знікае ўсё – і адзінае, што застаецца ў Оскара – гэта тайна. А без яе – і апавяданне б знікла. І таму Оскар з усяе сілы чапляецца за гэтую тайну, цягне да сябе і глядзіць у вочы. А хіба так можна – хіба тайна застанецца тайнай, калі ёй глядзець у вочы?
Калі тайне паглядзець у вочы, можна спустошыцца. Я гэта разумею. Разумее гэта і Гары.
Паліць Оскар. Паліць Гары. Палю і я. Даслухаўшы гісторыю, мы маўчым і напружана падбіраем словы.
– І што далей? – нарэшце пытаю я.
– Дзяўчына памерла. Тайна засталася тайнай. Я напісаў сваё апавяданне, – паціснуў Оскар плячыма: маўляў, гэта яшчэ не ўсё. Ці: хіба важна, што было далей, галоўнае я ўжо расказаў. Альбо: раскажыце вы мне, што было далей.
Гары, уважліва гледзячы на Оскара, расхінае дым ледзь заўважным гэстам. Ён рыхтуецца – і вось ён ужо гатовы – расказаць нам, што было далей. Я прадчуваю, што зараз здарыцца непапраўнае – зараз Гары разгадае загадку сфінкса, за якую так чапляецца Оскар. Бязлітасны Гары – ён не трывае, калі чапляюцца. Усё роўна – за што. Яго гэта бянтэжыць – і тады ён смяецца. Тады ён вар’яцее – тады ў ім прачынаюцца сірэны. “Оскар, – шапчу я, пачуўшы першыя ноткі сірэн у смеху Гары – незваротныя ноткі – якія звабяць і ніколі не адпусцяць, – пакуль не позна – пакуль Гары нічога табе не сказаў – бяжы, альбо заляпі вушы воскам, прывяжы сябе да мачты!”
Читать дальше