Неўзабаве пасля нашага расстання на ейнае імя пачалі прыходзіць лісты. Спачатку – звычайныя, потым – у асабістыя рукі. Я некалькі разоў хадзіў па іх на пошту, але мне іх не далі. Сказалі, патрэбная даверанасць. Тады я прымусіў сябе напісаць ёй мэйл, і праз тыдзень-два яна адказала: маўляў, усё ў парадку, забудзься. Я забыўся. Толькі з наступнага ліста, ад экзекутарскай фірмы, я даведаўся, што маёмасць маёй жонкі, большую частку якой яна літасціва пакінула мне, падлягае канфіскацыі. Маўляў, паколькі яна не з’явілася ў суд, нягледзячы на мноства дасланых ёй позваў, ёй даецца тыдзень на пагашэнне доўгу перад нейкаю страхавою кампаніяй. Уявіўшы сабе перспектыву застацца аднаму ў пустой хаце, я быў амаль гатовы заплаціць тую запазычанасць за яе, але, даведаўшыся велічыню сумы, засмяяўся – такіх грошай у мяне ніколі не было і не будзе.
Усе гэтыя радасныя навіны мне ўдалося паведаміць ёй толькі пазаўчора, па тэлефоне. Упершыню за колькі месяцаў я пачуў яе калісьці дарагі голас. Яна адрэагавала абурана, як быццам гэта я патрабаваў ад яе гэтых грошай. Маўляў, яна нічога не ведае, стасункаў з ніякай страхавою кампаніяй не мае ўжо болей за два гады. Няўжо я званю ёй не для таго, каб пакаяцца й папрасіць прабачэння, а адно каб абцяжарваць такімі дробязямі? Толькі тады я ўсвядоміў, што павінна адбыцца ў бліжэйшыя дні.
Цяпер я шкадую, што адразу не выпісаў яе са свайго адрасу ці прынамсі не памяняў шыльдачак на дзвярах і на паштовай скрынцы. Я наогул амаль не чапаў нічога, што засталося ад нашага колішняга супольнага жыцця, – наўрад ці з нейкай сентыментальнасці, проста я не люблю зменаў, пагатоў не люблю сам іх ажыццяўляць. Нават не памятаю, ці прыбіраў я за час яе адсутнасці ў хаце. Рабіць гэта цяпер – няма сэнсу, экзекутары дапамогуць мне з гэтым лепш за любую ўкраінскую фірму. Вызваліцца шмат месца. Можна будзе вырошчваць марыхуану ў хатніх умовах.
Ад экзекуцыі мяне мог бы ўратаваць які-небудзь сур’ёзны дыягназ, толькі не лянота й не зорная хвароба, а што-небудзь накшталт паралюшу ці эпілепсіі. Гэта значыць, што наведваць мясцовую лекарку няма сэнсу, яна пра такія хваробы нават не чула. Яшчэ ўратаваць мяне маглі б наяўныя грошы. Іх мне маглі альбо пазычыць (маглі, але не пазычылі), альбо я сам мог бы распрадаць сёе-тое з маёмасці, якая апынулася пад пагрозай экспрапрыяцыі. На другое, на жаль, засталося надзвычай мала часу, гэтаксама як і на тое, каб паспець аформіць крэдыт у банку, які б мне ўсё адно ніхто не даў – цяпер у мяне няма сталага прыбытку. Дый навошта шукаць пакупнікоў, дамаўляцца, з намогай пазбаўляцца рэчаў з мэтай уплаты чужога доўгу, калі мая галоўная мэта – зусім не ўплата доўгу, а захаванне ў сваім карыстанні гэтых самых рэчаў, якіх, я лічу, ніхто не мае права ў мяне адбіраць. Адзінае, што яшчэ можна паспрабаваць зрабіць, – гэта іх схаваць, як падказвае мне мой інстынкт, успадкаваны ад маіх продкаў, вечна кімсьці акупаваных сялянаў.
Як вы ўжо маглі здагадацца паводле тону маіх нараканняў, я эмігрант. Але сувязяў з радзімай не страціў. Напрыклад, нядаўна адзін сябар даслаў мне смс: «Ты жывы?» Маўляў, хтосьці распаўсюдзіў чуткі, што мяне забілі, разрэзалі на кавалкі й раскідалі па горадзе. Дзіўна, што і праз дзесяць гадоў пасля ад’езду я выклікаю ў сваіх знаёмых асацыяцыі з нейкімі падобнымі прыгодамі: людзей усё яшчэ пераследуе ўява таго, што са мною можа здарыцца нешта горшае за тое, што я застаюся ў жывых. Што я мог яму адпісаць? Толькі тое, што такую важную рэч, як пазбаўленне жыцця, нельга даручаць іншым людзям і што ў такім выпадку абавязуюся своечасова паведаміць пра сваю смерць усім зацікаўленым. Тады мне здалося, што я ўдала пажартаваў.
* * *
Здаецца, што нядзеля і панядзелак памяняліся месцамі – учора на будоўлі пад акном цэлы дзень грукаталі працоўныя прылады, затое сёння ўва ўсей вёсцы пануе настолькі глыбокая цішыня, што мне нават пачало не ставаць тых ненавісных мне гукаў. У звычайныя дні маторы за акном гудуць увесь час, як рэанімацыйныя прыстасаванні: адчуванне, што, калі б яны адключыліся назаўжды, адключыліся б ад сваіх кіслародных падушак і ўсе насельнікі вёскі, як тыя зомбі ў якім галівудскім фільме.
Пад маім акном ужо доўгі час будуецца нейкая віла, і калі меркаваць паводле прагрэсу й размаху працаў, то цалкам магчыма, што з яе аднойчы вылупіцца новая Вавілонская вежа. Прынамсі, за тры гады праз гэтую будоўлю прайшлі ці не ўсе народы свету: славакі, цыгане, украінцы, манголы, в’етнамцы, афрыканцы… Засталося яшчэ, каб да іхнага ліку далучыўся і я. Думаю, што неўзабаве так яно і будзе. Менавіта таму грукат працоўных прыладаў настолькі мяне раздражняе. Але сёння за акном цішыня, затое за дзвярыма з самай раніцы шумна гаспадараць суседзі. Прыходзіць страшная думка: няўжо яны ўжо жэняць сваіх дзяцей? Як я мог пражыць тут столькі гадоў і не заўважыць, што іхныя дзеці выраслі? Здаецца ж, яны толькі паспелі нарадзіцца… Хаця хто ведае, што ў маіх суседзяў за культурны бэкграўнд і ці ёсць у іх нейкія ўзроставыя абмежаванні на шлюбы. Такім чынам, неўзабаве ў доме дзяцей будзе ў некалькі разоў болей… Падстава для чарговае эміграцыі.
Читать дальше