Вось ужо некалькі месяцаў, якія здаюцца тыднямі, я замкнёны ў гэтай кватэры. Не, мяне ніхто не замыкаў – я сам замкнуўся. Зрэшты, маню – замыкаў. Замкнула жонка, пасля таго як сышла. Памятаю яшчэ, што мая годнасць не дазволіла мне затрымаць яе.
Я разышоўся з ёю нейкі час таму, на дзень святога Валянціна, так бы мовіць, зрабіў сам сабе і ёй падарунак – гэта было самае лепшае і самае нявіннае, што я мог прыдумаць. Усе далейшыя крокі ў нашых адносінах, верагодна, былі б гвалтоўнымі, прычым з абодвух бакоў. Не разумею, што бачаць людзі, асабліва маладыя, у дні святога Валянціна. Чаго яны па ім так шалеюць? Падазраю, што гэтае свята наогул зладзілі, каб перашкодзіць карнавалу. Яно – наўпростая супрацьлегласць і процівага паганскаму Купаллю. Купалле – свята наладжвання новых стасункаў, Валянцін – пацверджання старых. Купалле (заўважце, нашае традыцыйнае свята) – свята здрады, Валянцін – свята вернасці, у нейкай ступені нават цнатлівасці. Хіба гэта не сумна?
Зрэшты, менавіта таму на Валянціна здрада ці прынамсі бойка з каханым чалавекам ёсць найсаладзейшым з учынкаў. Хаця наш з жонкаю разыход быў прадвызначаны задоўга да таго дня: ён нагадаў мне сто разоў адкладзеную партыю ў шахматы, хіба што ролю хадоў у ёй адыгрывалі пытанні. Мне здавалася, што я загнаў яе ў безвыходнае становішча, у кут, у цуг-цванг, – але яна, уяўляеце, сказала мне, што ўвесь гэты час гуляла са мною не ў шахматы, а ў паддаўкі! Такім чынам, выйшла, што яна перамагла. Чорныя здаліся. Так ува ўсім: я жыву сваё жыццё (першапачатковы сцэнар якога, відаць, аддалі на рэалізацыю больш таленавітаму рэжысёру) бяздарна і залішне таропка – дакладна так, як гуляю ў шахматы. Хуткі пачатак, атака, напор – які захлынаецца, будучы залішне непрадуманым, гусарскім, рызыкоўным, а потым – доўгая пакута, неахвота здавацца, адчайны супраціў, невыноснае чаканне паступовага, павольнага, але пэўнага разгрому.
Чаму я ўсё-ткі насамрэч з ёю разышоўся? Напэўна, ад суму. Заўсёды надыходзіць час, калі чалавек адчувае, што пара кінуць прымаць той ці іншы наркотык. Пік маёй цікавасці да жанчын прыйшоўся на папярэднія 5–6 гадоў – гэта быў час, які прырода дала мне на завядзенне сям’і й трывалага манагамнага стасунку, аднак я легкадумна не скарыстаў яго, і цяпер прыродзе няма чаго прапанаваць мне ў якасці мадэлі звычайнага чалавечага шчасця.
Магчыма, вы параілі б мне зноў закахацца? Маўляў, кожнае наступнае каханне вылечвае папярэдняе, бла-бла-бла… Я спрабаваў – не дапамагло. Відаць, я занадта стомлены ад і для гэтай гульні, якой чалавек вымушаны аддаваць сябе ўсяго, насуперак парадзе ірландскага барда. Я не надта азартны тып і ніколі ім не быў. Любы стасунак з жанчынай нагадвае мне нават не гульню, а нейкі іншы, нашмат меней цікавы спорт, у якім залік ідзе не на галы, а на час ці на атрыманыя пункты: хто першы ўцячэ, хто больш разоў здрадзіць… Які сэнс паўтараць з кімсьці новым тыя самыя, даўно завучаныя з кімсьці яшчэ рытуалы?
Час прызнацца: не памятаю, чаму яна сышла. Яна штосьці спрабавала тлумачыць. Я не слухаў яе, таму нічога не зразумеў з яе словаў. Яна казала штосьці накшталт таго, што ў яе больш няма сілаў са мною жыць, падтрымваць мяне маральна й матэрыяльна. Ну, маральна яна мяне ніколі асабліва не падтрымлівала. А вось матэрыяльна – гэта праўда. Ужо колькі тыдняў ніхто не прыносіць мне ежы. Гэта азначае, што ў хаце яе павінна застацца зусім няшмат, хоць апошнім часам я амаль не ем. Зрэшты, я не галодны. У мяне няма ніякай ахвоты есці. Дзякуючы назапашванням тлушчу я змагу яшчэ працягнуць нейкі час без ежы. За час жыцця з жонкаю я аброс тлушчам і барадой, як сапраўдны служыцель культу, натуральна – уласнай асобы. З задавальненнем зноўку пачаў бы курыць, аднак пры адсутнасці грошай гэта было б роўнае самагубству. З другога боку, курэнне магло б быць вельмі добрым стымулам для пошукаў працы. Я заўважыў, што людзі, якія паляць, дасягаюць у жыцці большага поспеху. Як усе наркаманы, яны больш хіжыя за тых, хто вядзе здаровы лад жыцця: залежнасць прымушае іх варушыцца. З другога боку, яны раней паміраюць. Такім ёсць кошт дасягнення згаданага жыццёвага поспеху.
Доўгі час я падманваў жонку, быццам я геній. Яна зразумела, што гэта не так, нашмат раней за мяне, аднак доўгі час прыкідвалася, быццам нічога не заўважае. Я, у сваю чаргу, заўважыў, што яна прыкідваецца, і гэта мяне ў ёй усё больш і больш раздражняла. Зразумела, што мяне раздражнялі ў ёй і іншыя рэчы, пералічваць якія тут было б залішне доўга, але перадусім – гэта. З другога боку, калі мы жылі разам, дык у ранішнім уставанні была прынамсі нейкая прывабнасць, таму што пры жонцы я штодня снедаў кавай і шакаладам (замест колішняй цыгарэты). Я ніколі не пытаўся, адкуль мая жонка бярэ грошы на каву й шакалад, – мяне гэта не цікавіла. Толькі пасля таго, як кава і шакалад скончыліся, я пачаў хвалявацца, чаму гэта жонка ўсё яшчэ не вярнулася. Што рабіць? Патэлефанаваць у паліцыю? Магчыма, з ёю штосьці здарылася? Не, не хацелася дапускаць такой думкі. Да таго ж давялося б усюды бегаць, сведчыць. Калі б што здарылася, ужо затэлефанавалі б ейныя сваякі. Здаецца, у яе ёсць нейкія сваякі – прынамсі, яна штосьці аб іх казала. Але ж як яна магла гэтак са мной абысціся! І дзеля яе я здзейсніў такія подзвігі! Якія? Напрыклад, кінуў курыць…
Читать дальше