Праца ў мяне, як бачыце, у прынцыпе досыць творчая, таму я за яе гэтак і трымаюся – праблема толькі ў тым, што праз хранічную адсутнасць фантазіі я вымушаны перад тым, як напісаць чарговы сон, першым чынам яго сасніць. Зрэшты, гэта абумоўлена ўжо ў першым пункце майго кантракту: сны павінны быць сапраўдныя, рэалістычныя, непадробныя. У другім пункце абумоўлена, што я не маю права выкарыстоўваць сваіх сноў у ніякіх іншых мастацкіх творах, апроч тых, што выходзяць у выдавецтве «Гіпнотыкс», якое пакідае сабе ўсе правы й г. д. Гэты пункт падобны да забароны на сэксуальныя кантакты па-за здымачнай пляцоўкай, што ёсць стандартным патрабаваннем да прафесійных порнаактораў (адна знаёмая мне казала). Калі спачатку я шкадаваў гэтага абмежавання, то з часам навучыўся сумяшчаць прыемнае з карысным і перастаў, як сапраўдны прафесіянал, саромецца таго, што мой самы інтымны сон прачытаюць мільёны (ну добра, хай тысячы) людзей і што ён будзе апаведзены ў кнізе ад імя якога-небудзь афэлка, які не мае са мною нічога супольнага. Хай так, усё адно сны – гэта майно калектыўнай несвядомасці, а не мая асабістая прыдумка. Не так даўно я навучыўся, так бы мовіць, «уваходзіць у ролю» і сніць ужо ад асобы свайго персанажа, а не ўласнай. Гэтае атаясамленне цяпер дае мне магчымасць прынамсі на час сну пабыць не абрыдлым самім сабой, а сапраўдным супергероем. Таму часцяком, адкрываючы новыя кнігі нашага выдавецтва, я з ганарлівай усмешкай перачытваю пасажы, у якіх пішуць пра мяне. Вядома, ёсць у гэтым найміцкім сненні штосьці прыніжальнае, падобнае да працы прафесійнага гатавальніка наркотыкаў, што знаходзіцца ў сваіх гаспадароў-бандытаў на правах раба, – але, з другога боку, калі рэчыва выйдзе ўдалым, то і ён сам атрымае ад яго належны кайф, па традыцыі пакаштаваўшы яго першым.
Зразумеўшы, што замову трэба выканаць у максімальна кароткі тэрмін, я тут жа пасля яе атрымання сабраў манаткі й пакінуў горад – не, не ратуючыся ад Замоўцы, а хутчэй ад амнезіі, што спасцігла мяне цягам апошніх тыдняў у выніку абвастрэння майго алкагалізму. Ніколі яшчэ не было такога, каб я не памятаў сваіх сноў, – а тут проста настаў нейкі творчы ступар, які я, супакойваючы сябе, выдаваў за кароткачасовы адпачынак. За горадам, у вёсцы з адзіным барам, я ўжо некалькі гадоў здымаю невялічкую кватэрку, месца знаходжання якой ніхто не ведае і якую я ў душы называю сваёй лабараторыяй: у ёй нічога няма, апрача ложка, стала, крэсла й кніжнай шафы, у якой сабраныя ўсе даступныя маёй плыткай кішэні тамы, датычныя сноў і снення, улучна з соннікамі й энцыклапедыямі. Акрамя таго, у чырвоным куце майго пакоя знаходзіцца паліца з аптэчкай, дзе сабраныя ўсе легальныя й паўлегальныя лекавыя сродкі, без якіх я, прызнаюся, не здолеў бы не тое што нешта сасніць, але й элементарна заснуць.
Адказваць за апісанне сноў – досыць смешнае амплуа для чалавека, які ці не з пубертатнага веку пакутуе ад бессані. Аднак голад не цётка, таму я, зрабіўшыся прафесіяналам, сумленна звярнуўся да псіхіятра з просьбай выпісаць мне снатворныя таблеткі. За два гады мы пераспрабавалі цэлы спіс прэпаратаў з мэтай знайсці такі, які б не толькі ўсыпляў мяне ў любы патрэбны час дня і ночы, а яшчэ й спрыяльна дзейнічаў на маю падсвядомасць, дазваляючы сніць доўгія сюжэтныя сны, паводле магчымасці – з хэпі-эндам, без усякіх непатрэбных кашмараў, прысутнасці маіх бацькоў і г. д. Ніколі дагэтуль яны (не бацькі, натуральна, а лекі) мяне не падводзілі, ні разам, ні паасобку, – але цяпер, як на бяду, ніводны з іх не здольны быў мне дапамагчы: прачнуўшыся на наступную раніцу пасля наведвання бара, я ўсвядоміў, што не проста нічога не памятаю са свайго сну, як кагадзе, а што зусім нічога не прысніў. Мяне пакрыў халодны пот. Я хутка запіў півам прыгаршчу таблетак і зноў заплюшчыў вочы, каб прымгнуць на гадзінку-другую. Аднак паўтарылася тое ж самае: выспаўся як пшаніцу прадаўшы, да болю ў касцях, але не прысніў ізноў нічагуткі. У паніцы я пачаў гартаць свае сновыя дзённікі ў спробе знайсці нейкую ранейшую загатоўку, меней-болей адпаведную патрэбнаму сюжэту, – аднак, як гэта бывае з даўнімі снамі, не здолеў жыва сабе ўявіць іхнага зместу й разабрацца ў блытаніне іхных дэталяў, што цяпер здаваліся мне невыразнымі й непатрэбнымі. Сасніць – адно, але падаць пераканаўчае апісанне прыснёнага – вось гэта ўжо называецца вышэйшы пілатаж…
Я кінуўся да кніжных паліцаў з намерам па-хуткаму перадраць якога-небудзь з маіх улюбёных аўтараў. Толькі цяпер, у найбольш крытычны момант сваёй пісьменніцкай кар’еры, я ўсвядоміў, наколькі павярхоўна, безадказна й нехлямяжа мае славутыя калегі-папярэднікі, за рэдкімі выключэннямі, апісвалі свет сноў і галюцынацый (натуральна, у параўнанні са мной). Адкідаючы кнігу за кнігай, я ўсё глыбей расчароўваўся ўва сусветнай літаратуры з яе тупой скіраванасцю на даўно нікому не цікавы дзённы свет рэальных падзей з яго аднастайнымі псеўдапраблемамі. Чаго ж пасля дзівіцца, што людзі ў сучаснасці, апрача хіба снобаў-інтэлектуалаў, усё часцей аддаюць перавагу насычаным падзеямі й перыпетыямі серыялам, баевікам ці фэнтэзі, не кажучы пра камп’ютарныя гульні? На халеру простаму рабочаму чалавеку ваш гнілы рэалізм? Яму яго і ў звычайным жыцці хапае… Нездарма на святы людзі так любяць глядзець па тэлебачанні казкі. Сон насамрэч – гэта тое скрыжаванне, у якім фікцыя ці казка ўцелаўляецца ў праўду: калі пакласці на адну шалю ўсю так званую «сур’ёзную» літаратуру, а на другую – самы звычайны, нават не самы яскравы сон, то відавочна, каторая з іх пераважыць…
Читать дальше