1 ...6 7 8 10 11 12 ...17 Пры ўсёй маёй нянавісці да сваёй кватэры (аднапакаёвай, у адрозненне ад суседскіх), яна належыць да непрацяглага спісу месцаў, дзе я адчуваю сябе адносна ўпэўнена. На жаль, астатнія такія месцы знаходзяцца ў горадзе – але дзеля таго, каб дабрацца туды, трэба пакінуць вёску, што амаль гэтак жа цяжка, як у ёй заставацца. На вёску, як і на прыроду ўвогуле, асабліва ўлетку, у мяне алергія – у літаральным, медычным сэнсе гэтага слова, тым часам як на яе насельнікаў – у пераносным. Першая суправаджаецца хранічным катарам і астмай, другая – прыступамі прыхаванай раз’юшанасці й нікому не чутнай лаянкі. Шкада, што ў мяне няма сіндрому Турэта, як у аднаго мясцовага вар’ята, – тады вяскоўцам было б лягчэй мірыцца з маім невылечным дзівацтвам.
О, з якім задавальненнем я жыў бы ў месце! Як важна мець штодня перад вачыма менавіта тое, што хочаш бачыць! Аднак мне й за гэтую кватэру хутка не будзе чым плаціць, ды што там, не будзе нават за што купіць сабе квіток на цягнік. Пры гэтым я не п’ю, не ем, нават не палю. Я жыву дзякуючы двум рэчывам, якія цудоўна рыфмуюцца між сабою, – кафеіну й кадэіну, дакладней – кадыналу. Кадынал – вельмі дарагі лек. Усе патрэбныя мне лекі збольшага дарагія: ад алергіі, ад дэпрэсіі, ад бяссонніцы. Не ведаю, адкуль мая жонка брала грошы на ўсю гэтую хімію. Цяпер без яе я й кроку не ступлю.
Зрэшты, практычных падставаў ездзіць у горад пасля таго, як я страціў працу, у мяне няма. Калісьці ў горадзе ў мяне былі сяброўкі. Потым яны перасталі мне званіць. Мабыць, ведалі, што пазваніць першым у мяне забракуе мужнасці. Дый адкуль тая мужнасць у мужчыны, які нагадвае партугальскую святую? З жанчынамі наогул не так проста сябраваць, як здаецца. І цымус не ў тым, што мужчыну нічога не трэба ад іх, апроч сэксу. Цымус зусім у адваротным: цяжка ўтрымаць цікавасць жанчыны да сябе, не будучы для яе сэксуальна прывабным. Факт майго шлюбу гэтую прывабнасць, калі яна й была, заканамерна паменшыў. З жонкай у нас у горадзе, дый нідзе, не было супольных сяброў; яшчэ й праз гэта яна са мною яна ўсё больш і больш нудзілася. Як быццам я не нудзіўся з ёю! Я нуджуся практычна з усімі, каго ведаю. Спадзяюся, што яны таксама нудзяцца ў маім таварыстве, – не хапала яшчэ, каб я задарма некага забаўляў!
Праз усё гэта яшчэ да сыходу жонкі я пастанавіў нікуды болей не ездзіць. І не хадзіць, нават у мясцовы бар, дзе неасцярожнае знаёмства з любым з тутэйшых жыхароў пагражае немінучым, вульгарным панібрацтвам з іхнага боку ўжо пасля двух куфляў піва. Праз боязь такога знаёмства я ў вясковым бары звычайна хаваюся за (не, не за стойкай, выбачайце) кніжкай ці раблю выгляд, быццам гляджу тэлевізар, выключыўшы які лёгка спраўдзіць, што я прыкідваюся, бо я й пасля гэтага буду таропіцца ў ягоны экран да самага закрыцця піўной, заварожаны замагільна-попельным адлюстраваннем, нібы поглядам Медузы Гаргоны, што дае заўсёднікам бара дадатковую падставу пачаргова кпіць з мяне ці то як з «інтэлектуала», ці то як з «нарцыса». Не, лепей заставацца ў кватэры. Не разумею, чаму некаторыя мае знаёмцы лічаць, што мяне трымае дома нейкая псіхічная хвароба. Як яны памыляюцца! Не, гэта я сам трымаю тут сам сябе, па сваёй уласнай волі. Свет па-за межамі маёй кватэры мне ненавісны.
Апошні раз я выходзіў з дому, каб схадзіць да зубнога, дакладней – да зубной. Зубастай і языкастай. Зубастай тут яшчэ называюць смерць. Пайсці да яе мяне прымусіў толькі шалёны, ніколі дагэтуль мною не адчуваны фізічны боль. Гэта празмернае спажыванне кавы і шакаладу пачало вылазіць мне бокам, ці слушней – ротам. Дантыстка сказала тады, што на такія зубы, як мае, не мае часу, і параіла мне набыць сабе зубную шчотку. Я сказаў, што ў мяне ўжо ёсць зубная шчотка, якою я нават часам карыстаюся. Я прамовіў гэта з асаблівым націскам на слова «шчотка», якое азначае тут яшчэ й курву. Зразумела, што пасля гэтага я не хутка з’яўлюся ў яе кабінеце, калі толькі не вывучу лаціну, каб паразумецца з ёю без перакладчыка. Відаць, мне давядзецца цяпер лячыць зубы ў тутэйшага міністра культуры, стаматолага з адукацыі. Спадзяюся, з дзеячаў культурнай самадзейнасці ён нічога не спаганяе. Варта, напэўна, сесці і напісаць яму калегіяльна-пакаяльнае прашэнне. Хаця ад стомы з самога сябе не ўратуе ніякі стаматолаг, нават міністр.
* * *
Згадваю, што ўчора ў стане афекту з’еў апошняе яйка. Гэта азначае, што ежы ў хаце насамрэч зусім не засталося. Іншымі словамі, калі я сапраўды яшчэ не збіраюся паміраць, трэба ўстаць і пайсці ў краму. Божа, як я ненавіджу тутэйшыя крамы! Усюды гандлююць адны падманшчыкі, сэнсам жыцця якіх ёсць вас аблічыць. А калі не падманшчыкі, дык туды цягаецца розная набрыдзь, накшталт мяне. Апрача таго, прадавачкі ў крамах любяць задаваць пытанні, што сваёй абсурднасцю нагадваюць дзэн-будысцкія кааны, хаця адказ на іх загадзя добра вядомы з адпаведнай літаратуры: «як маецеся?», «чаго зычыце?», «як спадарыня?», «чаму даўно не заходзілі?» Шкада, што на вёсцы няма в’етнамскіх крамаў – там, прынамсі, ніхто не хоча з вамі знаёміцца; для в’етнамцаў усе еўрапейцы на адзін твар, астатнія народы свету, апроч уласнага, ім да сракі.
Читать дальше