Ён адкінуў дыстанцыйны пульт і зьнясілена апусьціўся ў фатэль, нібыта пасьля аргазму.
У той самы дзень дырэктар камэрцыйнай тэлевізіі старшыняваў у журы конкурсу «Mice Рэспубліка».
Пасьля публікацыі гэтага фэльетону ў друку дырэктар вышэйнеазначанай камэрцыйнай тэлевізіі, як гэта ні дзіўна, адрэагаваў на яго зьяўленьне ўва ўласнай штотыднёвай тэлеперадачы на сваім жа канале. Вось што ён сказаў, характэрным рухам зьняўшы акуляры: «Мы жывем у свабоднай, дэмакратычнай краіне. А дэмакратыі няма, калі няма адказнасьці кожнага дарослага чалавека за свае дзеяньні. Удзел у такой праграме – справа дабраахвотная, мы нікога да гэтага не прымушаем. Усе ўдзельнікі праграмы былі загадзя папярэджаныя пра нашыя ўмовы. Таму спадарычна Р…, паказваючы ў анкеце свой узрост, павінна была ўсьведамляць, што падае заяўку на ўдзел у праграме для дарослых. Усе фігуранты галоўных эпізодаў, у тым ліку й спадарычна Р…, атрымалі за здымкі праграмы прыстойны ганарар, ад якога, заўважце, ніводны зь іх не адмовіўся – факт, які гаворыць сам за сябе. Да таго ж, насуперак памылковым і збачэнскім здогадам аўтара матэрыялу, шырму ў студыі мы выкарыстоўваем ня дзеля таго, каб засланіць ад прысутных рэальны полавы акт, што было б з камэрцыйнага гледзішча чыстым глупствам, а каб схаваць ад тэлегледачоў той факт, што дэманстраваная ім сцэна ёсьць толькі імітацыяй суложжа. Такім чынам, шырма ўсяго толькі дапамагае стварыць адчуваньне, што вы назіраеце за здымкамі сапраўднага порнафільму. Што да немаральнасьці парнаграфіі й наагул такога кшталту праграмаў, якую, як мне здаецца, спрабуе даказаць аўтар фэльетону, дык ясна адно: што сам ён гэтыя праграмы глядзіць з задавальненьнем. больш таго, ён нават выкарыстоўвае іх як крыніцу свайго «натхненьня» й сыравіну для сваіх сумнеўнай якасьці твораў – пытаньне аўтарскіх правоў я тут падымаць ня буду, бо не пра гэта цяпер гаворка. Спадзяюся, дарагі аўтар, вы сам усьведамляеце, што ваш тэкст ніколі б ня ўзьнік, калі б не адважная спадарычна Р… і ня наш тэлеканал. Што рабілі б вы й да вас падобныя, каб не было такіх тэлевізійных праграмаў, як нашая, якую вы так бессаромна абылгалі? Таму ці ня ёсьць якраз з вашага боку амаральным кусаць шчодрую руку таго, хто корміць вас хлебам? У наступны раз, перш чым пісаць штосьці падобнае, задумайцеся над гэтым».
Іве Подзімкавай, з удзячнасьцю
Ён належаў да ліку тых кліентаў, што патрабуюць да сябе асаблівай увагі, але ня здольныя нічым яе дамагчыся ані аплаціць. Я дык наагул заўважыла яго ўпершыню тыдні якія два пасьля таго, як ён пачаў хадзіць да нас штовечар. Вядома ж, прыходзячы на самым канцы працоўнага дня, калі ўваччу ўжо робіцца цямней, чым за вокнамі, ажно лічбаў нельга адрозьніць адна ад адной, ня тое што твараў, наўрад ці можна разьлічваць на тое, што вас тут хтосьці запамятае.
Пагатоў, хто да нас толькі ня ходзіць. Злодзеі ўсялякія, напрыклад. Таксама – студэнты, бо тут яны могуць сядзець гадзінамі й рабіць выгляд, што нешта вучаць. Турыстаў незьлічона. Штодня – тысячы твараў. Дзе ж тут усіх запамятаеш! Ясна адно: прыстойных людзей сярод іх вельмі мала, і ў асноўным гэта амэрыканцы, якіх сюды цягне патрыятызм – вось жа, нават у такім задрыпаным кутку сьвету знайшлося месца для іхнай фірмы.
Шторазу ён замаўляўтое самае. Паводле ягонай вопраткі ільга было меркаваць, што ён імкнецца стварыць уражаньне прыстойнага чалавека (ага, так я яму й паверыла). Яшчэ прыкідваўся, быццам штосьці піша. А можа, і насамрэч штосьці пісаў. Хто ведае. Нейкі час думалі, што скаргі. Потым супакоіліся. Часам – чытаў. Сядаў звычайна за рогам – так, каб ільга было пазіраць на мяне. Але я на яго не глядзела. Мне бавіцца не было калі, мне абы хутчэй адпрацаваць. Калі ж ніхто з кліентаў не стаяў над душой, абапершыся аб стойку бара, дык ільга было прынамсі пайсьці ў каморку, прысесьці на скамейку, а час ад часу й што ўкусіць. Толькі некалькі разоў, ідучы ў прыбіральню, я сутыкалася зь ім вачыма. Звычайны пагляд збачэнца, якому падабаюцца прадаўшчыцы й афіцыянткі. Нічога асаблівага, такіх тут процьма.
Зрэшты, напарніцы першымі заўважылі, што тут нешта ня тое. Пачалі казаць мне: ён неяк дзіўна на цябе пазірае. Напэўна, ты яму падабаесься. Ну й што з таго, кажу. He пашанцавала яму, значыцца.
Наагул, зь людзьмі мне працавалася цяжка. Ня толькі зь ім. Але з астатнімі было лягчэй: яны ўспрымалі мяне як аўтамат па выдачы напояў і прысмакаў. Прынамсі, дакладна ня бачылі ўва мне «чалавека». Перад імі ня трэба было саромецца за тое, што мне ўжо амаль трыццаць, а я так і ня здолела знайсьці сабе ані людзкай працы, ані мужыка, які пазбавіў бы мяне неабходнасьці бегаць у якасьці прыслужніцы абы перад кім. Што хачу сказаць: у ім мяне раздражняла менавіта ягонае спачуваньне й беспадстаўная, нават празьмерная цікавасьць да мяне.
Читать дальше