Ён быў славалюбівы і сам прызнаваўся сабе ў гэтым, лёгка, нават з гонарам. Быць лепшым, быць першым — іначай не варта было нараджацца на свет.
Дабівацца гэтага ўсяго не інтрыгамі, не падкопамі, не дагаджэннем камусьці. Пасля такога не паважаеш сябе, а ён хацеў не страціць і кроплі гонару. Дабівацца не аслінай упартасцю, а тым, за што ніколі не асудзіць сябе чалавек: уласным талентам.
Але таленавiтых шмат. Колькi ён бачыў тых, што так i не пайшлi далей ухвалы сяброў: "Здольны хлопец". Не, яму ўсяго было мала. Ён ведаў, што ён выключна абдараваны, i працаваў як вол, каб стаць незаменным, лепшым, самым прыкметным.
Ён не шукаў папулярнасцi. Ён ведаў: яна прыйдзе сама. Ён працаваў. Усё было "рана". Ён не завёў сям'i, не хацеў нiякiх слабасцяў. У яго не было нiякiх "хобi". Усе, хто сутыкаўся з iм, здзiўлялiся яго нечалавечнай, немагчымай для многiх працаздольнасцi.
Усе гэтыя гады ён спаў гадзін пяць у суткі. Сон і работа. І яшчэ фізічныя практыкаванні. Са слабым здароўем нельга было б зрабіць і сотай часткі той вялізнай працы, якую рабіў ён. Ён часам казаў, што можа замяніць адзін увесь аддзел. І сапраўды таго, што ён паспеў зрабіць, іншым хапіла б на ўсё жыццё.
Дні і ночы, ночы і дні. Гімнастыка, душ, сняданак… Не піць, акрамя свят, не курыць… Работа, гімнастыка, абед… Не дазваляць сабе ніякіх кафэ… Хваёвая ванна ўвечары…
Пры яго вялікіх здольнасцях і такой працаздольнасці ён рабіў усё, здавалася, з падазронай лёгкасцю… Яго не толькі ўсе паважалі. Яго пабойваліся, нібы лёс даў ім, звычайным людзям, магчымасць стаяць побач з чымсьці незразумелым, невытлумачальным, малаімаверным.
І пры гэтым ён ніколі не быў машынай. Жывы розум фантаста, багатае ўяўленне — штосьці ад паэта ў фізіцы, вясёлая, азартная праца. Яго любілі за скупую жартаўлівасць, чысціню, за арганічную няздатнасць не толькі да подласці, але і да звычайнага кампрамісу.
I так дванаццаць год: Не, адзiнаццаць: Два гады назад было т о е. Iх вялiкасць "Сам-Палецкi" зволiлi "уцюрыцца" (як, не вельмi дасцiпна, казаў калега, блазнаваты паскакун Вiцька Малiмончык, лепшы спецыялiст па матэматычнаму аналiзу). Суцэльным прынiжэннем быў той год. Каб не ён — яны скончылi б яшчэ год назад. А мацi ж таксама было цяжка чакаць.
Ні хвіліны асабістага. Мозг, здавалася, ператварыўся ў пачвару, якая жарэ ўсё… Жанчыны самі падыходзілі, але, адчуваючы, што яны менш патрэбны яму, чым ён ім, адыходзілі.
Прага шчасця, адпачынку, музыкі? Лухта. Потым.
I вось яны "дасягнулi". Далей, здавалася нат, не было куды iсцi. Цяпер можна было пачынаць жыць. Для пачатку яны выехалi сюды.
З непрывычкi да поўнага спакою i гультайства Валерый першыя ночы дрэнна спаў. Гэта было ненатуральна. Бо ён нават падчас замежнай паездкi здзiўляў усiх тым, як ён працаваў у самых непадыходзячых умовах.
Пайшлi кнiгi, заплывы ў такую далячынь, што за два днi яго двойчы вярталi з катэрам, кiно, у якiм ён не быў сто год. У Феадосii ён цэлы дзень сядзеў ля малюнкаў Валошына, адчуваючы амаль сладастрасную насалоду ад звычайных квадрацiкаў паперы з разнастайнымi фарбамi, якiя былi — прыгажосць, свой погляд на свет.
Цяпер ён шкадаваў, успамiнаючы самалёты, вулiцы чужых гарадоў, усплёскi "блiтцаў", шумлiвы натоўп. Пiць гэта трэба было. Пiць.
І раптам… Яна. Зноў тое самае. Зноў цяжкая, без прасвятлення, з адным бязмерным болем, неўтаймоўная цяга.
Нічога добрага з гэтага не магло атрымацца. Нічога. Зноў патаемныя сустрэчы, зноў дабрыня і пакорлівасць, калі ён ішоў прэч у ярасці на яе і на лёс. Зноў абыякавасць, калі ён цягнуўся да яе.
Наступнага дня ён ляжаў на пляжы, заплюшчыўшы вочы, i напалову драмаў. Мозг, пазбыўшыся за першыя ж днi свiнцовай стомы, працаваў надзiва ярка, чыста, магчыма, нават хвараблiва ясна. У напаўдрымоце ён камбiнаваў розныя, часам узаемавыключныя з'явы, вобразы, словы, ствараючы з iх стракатую непрыемную мазаiку.
Цень упаў на яго аблічча. Думаючы, што гэта нехта са сваіх, ён сказаў:
— Адыдзi, не засцi мне сонца.
І адразу пачуў яе голас:
— Дзень добры, Валерый.
Усё здрыганулася ў ім, але ён адказаў, не адкрываючы вачэй:
— Дзень добры. Што, хочаш пераступіць? Як калісь? Няма іншай дарогі?
— Грубасць ніколі не ўпрыгожвала мужчыну.
— А двудушнасць — жанчыну.
Яна засмяялася, села.
— Жанчына не можа не быць двудушнай, калі мужчына — табліца лагарыфмаў, хадзячы электронны мозг.
— Ты нашто падышла? Што хочаш запраграмаваць?
— Цi можна парушаць маральны кодэкс, — iранiчна сказала яна.
— І адказ?
Читать дальше