Яна зноў агледзела жанчыну i прызналася сабе, што побач з ёй сядзiць дзiва. Трэба было быць справядлiвай: за такою мужчыны iдуць, куды яна хоча. I не тое, каб яна была прыгожая, а так: Кожны з iх адчувае, самым запаветным, што вось яно, тое, што даводзiць да забыцця самога сябе. Прыйдзi, працягнi рукi — i нiчога ўжо больш не трэба.
Старая заплюшчыла вочы, села пад тэнт i сядзела так, нерухома.
— Вам, бабулечка, не трэба было сюды ехаць, — пачула яна занадта мiлагучны голас. — Спёка.
— Чаму гэта?
Яна ўбачыла шэрыя, халаднаватыя вочы суседкі, якія зараз былі… не, даволі добра ўдавалі прыхільную зацікаўленасць.
— Позна гэта вам, — адказала жанчына, — поўдзень.
Старая пакрыўдзілася:
— Лёгка ты гэта гаворыш, "позна". Я, любая, два гады толькі як рабіць скончыла, хай табе вядома будзе.
І дадала:
— Я ўсё жыццё марыла пра мора. Так што…
— Што, дзяцей няма? — шэрыя вочы глядзелі прыхільна і халаднавата. — Дапамагчы не было каму, што работалі?
— У мяне, любая, сын. Лепшы на свеце.
Іскрынку смеху ў вачах суседкі не заўважыў бы ніхто, акрамя яе.
— І грошай у мяне цяпер, магчыма, больш, чым у цябе.
Абрэзала:
— Ты, мабыць, гэтага не разумееш. Але зямля… зямлю кідаць нельга.
На гэтым размова скончылася. Старая пасля таго не завяла сабе знаёмых. Суседка не віталася з ёю, страціла цікавасць. Адна Ларыса ўвесь час займалася старой.
"Сакоча сабе і сакоча, — з пяшчотай думала старая. — Такая цацарачка, лялечка ты мая, дай табе бог шчасця, ды мужа добрага, ды дзетак".
…Народу было мала. Нейкія ваенныя, што з дня ў дзень вудзілі — і не вывуджвалі — рыбу, некалькі пісьменнікаў, дзяўчаты, якім да старой не было справы.
Пасябраваў з ёю толькі паджылы таўстун, Петра Мадэставіч, сівы, з дабрадушнай, да вушэй, дзіцячай усмешкай. У яго былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Плаваў ён, як плавок, гадзінамі, а калі ставаў па грудзі ў вадзе і скрыжоўваў караценькія лапкі, то вельмі нагадваў "дзядулю вадзяніка" з карціны Білібіна.
Спецыяльнасць у Петры Мадэставіча была рэдкая — скульптар. І не проста скульптар, а такі скульптар, які аднаўляе партрэты даўно памерлых людзей па іхняму чэрапу. Здавалася б, пры такім частым сутыкненні са стагоддзямі быць яму змрочным і разважаць аб тленнасці жывога, а ён быў рухавы, вясёлы, крыклівы, як канюка, і цікаўны да ўсяго.
— Цёцю! — гарлаў ён, вылазячы з вады. — Гэта ж скора вашы імяніны святкаваць будзем!
— Ты адкуль ведаеш? — усміхалася яна.
— А як жа, — рабіў Петра посную морду. — Дваццаць чацвёртага верасня… Святой першамучаніцы Тэклі.
Нельга было не засмяяцца, так не пасаваў посны выраз да яго круглай фізіяноміі.
— Ну, — казала яна.
— То, можа, разам адсвяткуем, цётачка?
— Як гэта?
— У мяне ж дваццаць трэцяга… Па-а-кут-ні-кі-і Андрэй, Іван і Петра… Ня-адзе-ля шаснаццатая па-а сё-му-се…
— Можна, — казала яна. — Ды ты забудзеш.
— Не можа гэтага быць, — казаў ён. — Выпіўку ды забыць.
— Будзеш ты на тым свеце смалу з дзёгцем піць.
— Прызвычаімся, — казаў ён.
— Пі, пляменнічак, колькі няшкодна, — пасля паўзы казала яна. — Гэта ўсё лухта. Няма таго пекла.
— Так і няма? — здзіўляўся скульптар.
— Няма.
— І тое праўда.
Яны паглядалі на нешматлікіх суседзяў на пляжы. Ляжалі на гальцы дзяўчаты, карычнева-чырвоныя, гарачыя ад сонца.
Хадзілі між іх заўсёднікі — маладыя людзі з ухмылачкай, — шнырылі вачыма, шукаючы, каго б пажэрці.
— Бобікі, — казаў таўстун. — Драпежнічкі з вышэйшай хатняй асветай.
— Кінь, — казала яна, — сам быў не лепшы.
Жанчына глядзела на мора, на сінія ўзгоркі, рэдка парослыя сумахам, і прыжмурвалася:
— А-ёй, гарачыні колькі. Во каб гэта нам… Што б расло!
Яна ўспамінала свае балоты, векавыя ліпы ў прысадах, палёт бяроз на гасцінцах і туман між медных ствалоў пушчы.
…Дні праз чатыры пасля таго як жанчына з'явілася ля мора, прыехала новая група, чалавек восем, усе ажыўленыя, але бледнатварыя — відавочна, з поўначы. Штосьці рабіла іх падобнымі адзін да аднаго, гэтых мужчын. Магчыма, іронія, магчыма — утрапёны агеньчык, які гарэў у іхніх вачах, калі яны, спрачаючыся, ішлі з аўтобуса да канцылярыі.
Вызначаліся сярод іх асабліва двое: стары з абліччам румянага фанатыка і малады чалавек год пад трыццаць.
Калі малады чалавек раздзеўся, кінуўшы вопратку на ляжак, і павольна пайшоў берагам, "драпежнічкі" глянулі на яго і засумавалі. А дзяўчаты, калі ён праходзіў, глядзелі наўздагон ва ўсе вочы, забыўшыся на сарамяжлівасць і стрыманасць, забыўшыся нават на спрадвечную жаночую ўніклівасць, якая бліжэй за ўсё да какецтва.
Читать дальше