Крокі сціхнулі.
Першы вырас над імі, здавалася, да неба, магутны коннік на цяжкім, як слон, кані.
"Падманлівае ўражанне — цяжкасць такіх, — падумаў купец. — Конь для пагоні, калі нельга або няма часу знайсці падмену ні ўцекачу, ні праследавацелю. Жылісты. Здатны няспешна праскакаць адлегласць, на якой падуць два, часам нават тры скакуны. Добрая паўночная парода з царства Янь. Тым часта даводзіцца мераць вынослівасць сваіх коней з конямі сюннугунаў".
Конь быў гарбаносы, як дзікі. І, як дзікі, сядзеў на ім коннік у шлыку і ў панцыры са шкуры насарога, каравай, бугрыстай, страшнай, наймаверна тоўстай нават на вока. Шчыт быў прытарочаны да сядла злева, бронзавы меч — справа.
Пасля з'явіліся па баках — і ззаду — коннік са знакам сотніка і бунчужны з бунчуком. Пасля цені шматлікіх коннікаў абкружылі ўсю катлавіну. Заблішчэла зброя, зачарнелі твары, укрытыя грывамі конскага воласу, конскімі хвастамі замаячылі ў небе бунчукі.
А пасля такі ж конскі хвост, завязаны ля наканечніка дзіды, матлянуўся наперад і нечакана спыніўся амаль ля аблічча філосафа. Навязаны ля вялізнага наканечніка дзіды, падобнага формаю і велічынёй на ліст фікуса. Наканечніка, скутага ў царстве Чу, у славутых майстэрнях мястэчка Цань і насаджанага на дрэўца па таўшчыні сапраўды падобнага на не такое ўжо і маладое дрэўца.
Філосаф не адхіснуўся. Ён спакойна глядзеў на воінаў, зацягнутых у латы са скуры акулы, на каня, на насарожы панцыр, на аблічча чалавека над ім. Праваленае ў шчаках, пасечанае, са складкай неймавернай жорсткасці ля рота, з кароткімі цёмнымі вусамі, гарбаносае.
А над ўсім гэтым бязлітасна-халодныя і толькі ледзь раскосыя вочы. Халодныя, як крыга, блакітныя вочы.
"Пракляты дзінлін" [23] Дзінлінамі кітайцы звалі плямёны, што жылі некалі далёка на поўнач ад іх. Яны часам траплялі ў войска старажытнага Кітая. Цераз пасрэдніцкі продаж у рабства. Цаніліся, як салдаты і карнікі, ба караць даводзілася чужы народ, учарашніх гаспадароў. Па этнічным тыпе адрозніваліся ад мангалоідаў. Сярод тунгусаў і цяпер нярэдка трапляюцца гарбаносыя і светлавокія абліччы.
, — з халоднай нянавісцю падумаў купец.
— Хто такія? — спытаў сотнік.
Філосаф марудзіў, гледзячы яму ў вочы.
"Звер! Ох, які светлавокі звярына! Сапраўды, легендарны Хао Ін з целам дракона і галавой чалавека. А мо і наадварот, з целам чалавека і з галавой дракона".
Жун Лун прыняў позу малітвы, але купцу быў чуваць ягоны шэпт, і гэта выглядала як здзек, бо Жун цытаваў Шан Яна:
"Калі людзі глядзяць на вайну, як галодныя ваўкі на мяса, значыць, воіны выкарыстоўваюцца… Звычайна народ ненавідзіць вайну, і той, хто сумее прышчапіць яму любоў да яе, той даб'ецца ўлады над Паднябеснай".
Пасля ён ускінуў галаву:
— Я гатовы адказваць.
— Чаму той не адкрывае аблічча?
Стаялі і чакалі вакол коннікі ў латах са скуры акулы. Гэта адчувала нават спіна.
— Ён не хоча абражаць цябе, высакародны рыцар, вялікі начальнік і смелы воін.
— Хай скіне.
У той самы момант сотнік міжволі адступіў назад.
Знізу глядзела на яго страшнае аблічча.
Бугрыстае, укрытае астраўкамі белых плямаў, якая шалушыліся і між якіх вадка блішчэла чырвоная або каламутна-ружовая сукравіца, абцягнутае. І ўся барада ў брыдкіх чашуйках. Нечалавечая, абрыдлівая да смяротнага жаху маска.
— Праказа, — прашаптаў сотнік.
— Неба пакарала яго двойчы, — уздыхнуў вучоны. — Ён яшчэ і нямы.
Сотнік сяк-так аправіўся. Занадта нахабна, каб загладзіць ганебны жах, сказаў:
— Ну, то я пагавару з табою, такiм гаваркiм.
— Я звычайны вандроўны вучоны. Іду ў Сяньян, вялікую сталіцу вялікага княства Цінь, павучыцца мудрасці ў саратнікаў вялікага Сяо-гуна.
— Сяо-гун адышоў На неба два дні таму, — сказаў сотнік.
"Ага, вось чаму спявалі, — падумаў Жун Лун. — Значыць, новая мятла ўсё адмяніла, нават забарону на музыку. Прынамсі, часова", — а ўголас спытаў:
— Спяваеце? Вайна?
— На жаль, вайны, чжань, пакуль няма.
— Шкада, — смірэнна сказаў філосаф і ўздыхнуў. — У нашым царстве ўзбагачаюцца толькі ад вайны, і таму людзі, дачуўшыся аб ёй, віншуюць адзін аднаго, — і зноў працытаваў "Шан-цзюнь шу". — "Шлях да багацця і знатнасці павінен ісці толькі праз вароты вайны"… То я тады павучуся ў мудрых радцаў яго спадкаемцы.
— Н-ну. Мудрасць гэта небяспечнае глупства, — не ўхваліў сотнік.
— І… пакланіцца славутаму там алтару духа проса і зямлі "Хоў Цзі" — "Князю Проса", Богу плоднасці. Гэта ж важнейшы афіцыйны культ.
Читать дальше