— Як можна прымусіць есці шкло?
— А так. Прыносяць чарапок ад танюткага кубачка: "Еж. Калі да раніцы не з'ясі — жонка і дзеці будуць забітыя. Уздумаеш схаваць — таксама". А дзе схаваеш, калі ледзь ёсць месца сядзець голаму. І ўсё вакол гладкае.
— І еў?
— Еў. Зубамі трушчыў шкло — на пясок. Да крыві ў дзяснах. Доўга-доўга. І глытаў. Пясок не так рэжа, нават шкляны. Думаў, можа, і ачуняю, мо абыдзецца. І вось, год назад… не абышлося. А тых усё адно пабілі. Асабліва немаўля было шкада.
— У цябе?.. Ты ж стары!
— Хм. Мне пад пяцьдзесят. Мы з табой равеснікі…
— Добра, — пасля паўзы сказаў купец, — гэта было і будзе. Чжоўскі ўладар Дань забіў брата Гуаня, а другога, Хо, накіраваў у выгнанне. Усе казалі: "Калі ён так пакараў за правіну нават братоў, то што чакае людзей, далёкіх цару". І запанаваў парадак між чатырох марэй.
— А чаго ён каштуе, парадак, куплены такой цаной? — сумна спытаў Жун.
— Добра, няхай звер Шан Ян, — запаляючыся спрэчкаю, сказаў Гунсунь. — Але ж вучэнне шмат у чым вернае? Так?
— Для каго вернае? Пабіў мудрацоў, вучоных, паэтаў. Хм. Было… адзін цар спытаў у другога, як ён так самаўладна царыць. Той павёў яго на поле і кіем, моўчкі, стаў збіваць высокія каласы.
— Правільна, — узгарэўся раптам купец. — Яны ж пустыя!
— Параўнанне тваё кульгае, — з жалем зірнуў на яго Жун Лун. — Так, яны не даюць хлеба. Толькі нікому, чамусьці, не прыходзіць у галаву, што высокі колас даўжэй за ўсіх бачыць сонца. І першы сустракае яго пасля доўгай ночы… А што там! Бачу я, што дарэмна гаварыў з табой. Пераконваць цябе — усё адно, што з дапамогаю адвеса забіваць у зямлю крывы кол.
Купец было ўстаў, але філосаф адразу ж затрымаў яго:
— Сядзі. Ноччу небяспечна ісці, пачакай заранкі. Гэта ўжо скора. Хаця я і не думаў, што апошняй маёй бяседай будзе бяседа… з табой.
І было зразумела, што яму проста страшна ў апошні раз застацца без людзей. Яшчэ жывому, але аднаму. Назаўсёды. І купец невядома чаму сеў.
— Для цара вернае вучэнне Шан Яна. Для чыноўнікаў і сотнікаў. Для астатніх яно бізун, плаха, турма. Каб узняцца ў гэтай турме вышэй на адзін ранг, даецца хабар у тысячу даняў [25] 30 000 кг.
зярна гэтай казне, што і без таго насмакталася крыві. Адзінаццаць сем'яў не памерлі б з голаду. А чыноўнікі палучаюць у год ад дзвюх тысяч да ста даняў [26] Ад 60 тон да трох.
.
— Ну, — пачынаў ужо кіпець Гансунь. — Гэта, калі ўжо казаць, — неабходнасць. Каб чыноўнік сачыў, ці не ўтойваюць хлеба. Сям'я ў пяць чалавек з'ядае ў год дзевяноста даняў, а ім хочацца болей. А адкуль тады багацце дзяржавы? А адкуль моцныя воіны, што нясуць перамогу і пашыраюць межы дзяржавы?!
— Дакуль? — вельмі спакойна спытаў філосаф.
— Пакуль не падыдзем да грані зямлі і неба.
— А нашто гэтая грань? Сеяць на небе рыс?
Варожасць не варожасць, а нейкая дзіўная антыпатыя ўсё болей і болей нараджалася ў гэтых людзях, адзін з якіх толькі што ўратаваў другога. Яны былі ў раздражненні і ўсё ж нейкім дзівам адчувалі, што яны не могуць адзін без аднаго ў гэтую страшную, аголеную ад усяго чалавечага ноч. Адчувалі, што ім трэба канчаткова вырашыць нейкую спрэчку, выйграць нейкі бой, адкрыць другому і да канца вырашыць для сябе нейкую велічэзную праўду, ад якой залежала ўсё. І вось адзін, якому б ратаваць рэштку грошай і адкрываць новы гандаль у Вэй, дзе ніхто не гнаў гандляроў, рызыкаваў усім, дзеля Слова. А другі, якому час быў паміраць, нібы дабіваў нешта, як быццам гэта магло даць яму жыццё вечнае.
— Ну і заваюем, — цёмная пляма ўсё больш расплывалася па плашчы вучонага. — Каб адно чырвонае сонца на ўвесь сусвет? Так, ці што? Мурамі адгарадзілі нас ад астатняга свету, ад добрых людзей у ім, ад мудрасці і разумных змен. Закасцянелі. Ад іх вам тыя муры дапамаглі. А ці памаглі вам тыя муры ад вандроўных плямён?
Купец запальчыва кідаў яму ў твар:
— Які б ён ні быў, ён хацеў вялікай дзяржавы. Толькі яе.
— Ён зрабіў гэта. Вялікую, страшную, магутную… бедную дзяржаву. Пудзіла ўсіх народаў, а перш за ўсё — свайго. Каменная пачвара, жалезнае пудзіла на гліняных нагах. Бо ногі — гэта народ. І калі-небудзь тыя ногі спатыкнуцца… Вось і прыйдзе час страшнага гневу [27] Імператар Цінь Шы-хуан завяршыў аб'яднанне Кітая, спаліў усе кнігі, закапаў жыўцом у зямлю 460 вядучых вучоных і г. д. Але ўсяго праз некалькі год, у 207 г. да н. э., царства Цінь, разлічанае на "10 000 пакаленняў", абурылася пад ударам магутнейшага народнага паўстання, назаўсёды.
.
— Добра, — ужо амаль крычаў распалены супраціўленнем Гунсунь. — Раіш слухаць варвараў, якія горшыя ад нас. Вучыцца ад іх — усё адно, што набрацца вошай. Апора толькі на ўласную сілу — вось наш гонар!
Читать дальше