— Валочыцеся толькі, — жорсткасць зноў з'явілася ў вачах сотніка. — А валацуг кляймяць, бо яны не хочуць ні ворыва, ні вайны.
— Я і працаваў і ваяваў, высакародны рыцар. Самі ведаеце, — зброя слабых, але гордых — страшэнная ад нянавісці іронія, якой мог не заўважыць толькі гэты насарог, гучала ў словах старога, — дзяржава павінна заўсёды ваяваць, іначай завядуцца дзесяць паразітаў ды яшчэ, крый Божа, імкненне да праўды і свабоды. Але цяпер я стары, і нават вялікі Шан Ян…
Сотнікаў твар наліўся крывёй:
— Сабака твой Шан Ян! Сабака і дзяржаўны злачынец, якога загадана лавіць, як тхара.
— "За ворагам ганіся пасля вялікай перамогі дзесяць лі, пасля малой — пяць, але за носьбітам вошай да самай мяжы Цінь", — працытаваў Жун.
— А там ужо новы гасудар знойдзе яму кару. Можа кішкі выпусціць адным канцом на пясок і аддаць галодным пацукам, можа на палю ўссадзіць.
— "Карай да таго, як зроблена злачынства", — сказаў вучоны. — Але ж i гасудар сказаў: "Не забывай аб алтарах проса i зямлi".
Сотнік упершыню засумняваўся — а ці не здзекуюцца з яго?
— А я вось думаю, ці не завесці цябе за бадзянні ў Сяньян? Толькі не да алтароў, а ў змяіную цямніцу.
— "У дзяржаве, дзе дабрачыннымі кіруюць як распуснымі, запаноўвае парадак, і яна зробіцца моцная", — павучальна працытаваў філосаф. — Я ведаю вышэйшую нашу мудрасць. У змяіную яму, то ў змяіную яму. На ўсё твая воля, высакародны рыцар. Так я хаця здалёк убачу алтары. Таму што я не дайду. Для мяне гэта, верагодна, апошняя ноч спасціжэня праўды. Не мной, то іншым.
Ён адхінуў крысо грубага крапіўнага халата, і ў водсвіце агню дзягцярна бліснула лужына, у якой ён сядзеў.
Кроў.
— У сне ў мяне, у які ўжо раз, адбылося выліццё крыві ў кішкі. Мяне страшэнна калоціць, і, значыць, крыві амаль не засталося, — ён казаў гэта спакойна і пагардліва. — Я спыніўся тут, бо прадчуў апошні сон. Завязі мяне ў сталіцу, рыцар.
І тут дзінлін нечакана зарагатаў, шырока разявіўшы белазубую пашчу. Ён рагатаў, трасучы плячыма і раз-пораз адрываючы ад сядла ледзь не шырэйшы за плечы, цяжкі, расплясканы вечнай скачкаю зад. Ён гагатаў, як дзінлін, і хіхікаў, як мясцовыя, і слёзы цяклі ў яго па шрамах.
— Ха-ха-ха, — душачыся, праз смех выціскаў ён. — Шолуд і той, хто вывяргае кроў. Што ж, везці цябе і запэцкаць шытую гуньку пад сядлом? Важдацца з табой няма карысці. Усё адно, як пытацца пра здароўе ў павешанага. Ха-ха-ха. І як ты кінеш свайго напарніка? Не ўжо, хай ён цябе нясе. Ты зальеш яго крывёю, але затое цябе будзе ўдушаць смурод. Ха-ха-ха.
Цяпер ужо гагаталі ўсе воіны.
— Акрамя таго, — адсмяяўся сотнік, — мы гонімся за гэтым Шан Янам і спадзяемся наздагнаць яго яшчэ да мура, што змыкаецца з Хуанхэ. Досыць, што нябожчык Сяо-гун поўз да яго з цыноўкі. Цяпер час Шана паўзці. Цяпер час Шана паўзці да ката. І ўжо ён выплаціць маладому цару. Спаўна.
Ён завараціў каня, узняўшы яго дуба, і крыкныў:
— Здыхайце тут. Дзяржаве ўсё адно няма ўжо карысці ад вас. Ха-ха-ха.
Загрукаталі чатыры калясніцы. Пярунападобны пошчак капытоў разваліў цішу. Пошчак і песня:
Цешаць душу паміраючых крыкі, —
Свой ці чужы вісіць на нажы.
Рынемся лавай за Мур Вялiкi,
Стопчам усё, што пад Небам ляжыць.
Пасля яны зніклі, і цішыня зноў, усё болей і болей, пачала запаланяць свет. Але доўга яшчэ, аддаляючыся, звінелі камарамі галасы:
Як стрэлы, ў сэрцы ворагаў ляцiце,
Куды нясе крывавай бітвы бог.
Ляціце, баявыя калясніцы! —
І ляжа свет каля сталёвых ног.
Калi зноў пала першазданная цiша, яны хвiлiну пасядзелi моўчкi.
— Чаму гэты наступнiк, гэты Хуэй-ван так ненавiдзiць гэтага Шан Яна? — непаразумела спытаў Гунсунь.
— Пацукі, — неяк дзіўна сказаў вучоны.
— Скажам, мая гандлёвая справа — гэта іншае. Кожны стараецца болей…
— І там кожны стараецца.
— Дзякуй, — пасля паўзы сказаў Гунсунь.
— Няварта. Я зрабіў гэта не з дабрыні. І яшчэ таму, што гэты смярдзючы сотнік занадта прыкуты да Кола Існага, да кола ўсеагульнай мярзоты… Хуэй-ван… Шан Ян… Вы падзяліліся не ўнутры сябе… Вы падзяліліся вонкава… Згасае праўда, згасае Цінь, згасае зямля.
Недзе далёка раптам забiў першы ў гэтым годзе перапел, i Гунсунь убачыў раптам вiльгаць на вачах старога фiлосафа.
— Давяло неба яшчэ раз пачуць, — дрыжачым голасам шаптаў той. — Давяло-о.
— Ну, ты і спрытняга, — успомніўшы, засмяяўся купец. — Што, кроў таксама падробная? Як ты гэта?
— Кроў сапраўдная, — суха сказаў вучоны. — Людзі Шан Яна прымушалі есці шкло за тое, што не маглі зразумець маю прыналежнасць. Ці я належу да вучэння Кун Фу-цзы [24] Кун Фу-цзы (Канфуцый) (551–479 гг. да н. э.) — заснавальнік этыка-палітычнага вучэння, вядомага пад назвай канфуцыянства.
, ці я з Мэн-цзы. А я сам па сабе. І за ўсіх.
Читать дальше