— Адзін ці другія — усе яны вартыя адзін аднаго.
— І ты ж не будзеш адмаўляць, што ён быў супраць прыватнага рабаўласніцтва.
— Ясна чаму. Не з дабрыні ж да рабоў. Проста тады рабы не плоцяць налогаў дзяржаве. А рабам усё адно, каму плаціць, арыстакрату ці цару. І ён скараціў колькасць вольных абшчын, забыўшы, што ўсе мы — людзі на зямлі. Я ведаю, чаму ён рабіў гэта. Вось раздзел "Аб аслабленні народа". "Калі народ слабы — дзяржава моцная, калі дзяржава моцная — народ слабы… Таму аслабляй народ". І што такое цар, дзеля якога ён стараўся? "Калі гасудар праводзіць палітыку, ненавісную народу, народ слабее" [19] "Шан", р. 20.
. Няпраўда. Гэта часовая моц. Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд, да апошняга чалавека. Іначай, калі моцны адзін цар ды купка ягоных сянаў [20] Дарадцаў цара.
, тады рана ці позна дзяржава грыміць дагары глінянымі нагамі. Калі вучоны і годны не знаходзяць месца — сорам кіраўніку. Калі на яго месцы падлюга — сорам правіцелю. Дай простаму народу тое, што ён жадае; пазбаў таго, што адвяргае, — іначай шчасце табе здрадзіць. А адзін над усімі — гэта смешна. Адзін — ці дзесяць, — выходзіць, працуе, а краіна лайдачыць.
Яны маўчалі. Купец відавочна злаваўся, не знаходзячы аргументаў.
— Ты гаворыш аб годных — урэшце сказаў ён. — Усе вы так. Ну а што б ты адказаў, каб табе прапанавалі быць першым сярод сянаў. Абедзвюма рукамі б…
— Тое, што сказаў Чжуан Чжоў паслам: "Вы абяцаеце тысячы залатых, высокі пост… Але хіба вы ніколі не бачылі, як прыносяць у ахвяру быкоў?…Іх шмат год гадуюць, прыбіраюць у парчу і так вядуць у храм. Каб у такі момант бык захацеў зрабіцца мізэрным парсючком, хіба гэта яму ўдалося б? Ідзіце адсюль і не апаганьвайце мяне! Лепей качацца ў гразнай канаве, чым пастаянна знаходзіцца пад ярмом правіцеля. Да канца дзён не служыць нікому — вось маё запаветнае жаданне. Я не хачу служыць валадарам. Цяперашнім, без сораму і сумлення." [21] Гэты факт прыводзіцца ў кнізе Сыма Цяня "Шыцзі" ("Гістарычныя запіскі") у "Жыццеапісанні Лао-цзы і Хань Фэй-цзы". Сыма Цянь (II–I стст. да н. э.), "бацька кітайскай гісторыі", апісаў, між іншым, гісторыю Шан Яна і асудзіў яго. За праўду і смелае заступніцтва за несправядліва асуджанага Сыма Цянь быў вылегчаны імператарам У-Дзі.
.
Купцова рука непрыкметна слізнула пад плашч. У гэты момант, пралятаючы над галовымі іхнімі, пранізліва і трывожна енкнула нейкая вялізная раскрыленая птушка. Купец уздрыгнуў і вытаргнуў руку. Жун Лун быў па-ранейшаму непарушны і глядзеў убок.
— Чыясьці душа, — сказаў ён. — Нехта памёр і папярэджвае пра гэта мяне. А можа, і цябе.
Купец сядзеў зніклы, нібы з яго выпусцілі паветра. А вучоны снаваў сваю думку далей, хаця яго трэслі ліхаманкавыя дрыжыкі.
— Не служыў, нават каб не забівалі кліна ў галаву, нават каб не закопвалі варожых палонных, такіх жа кітайцаў, не, проста гэткіх жа людзей у зямлю. Нават каб не вешалі за праўду, а проста садзілі ў турмы на месяц або знявольвалі ва ўласным доме — і тое гэта было б бессаромнае і аблуднае злачынства. Што ж казаць пра тое, што цяпер?.. І заўваж, за дробныя праступкі — вялікія кары. Караюць усіх. Але калі высакародны і подлы аднолькавыя перад законам — падае павага да таго, каго трэба паважаць. І, перш за ўсё, да цара, які слухае Шана і яго "фацзя", тэорыю самага ашалелага дэспатызму. Непасільны прыгнёт на зямлі, праца на ўсіх — ад цара да дробнай мясцовай чыноўніцкай сволачы. І вайна з-за крыважэрнасці, з-за жадання давесці, што вы лепшыя, адзіныя ў Паднябеснай, самыя разумныя на зямлі. Косткі мерцвякоў на дарогах, а гнілыя, разадзетыя, як пеўні, дзяды ядуць ластаўчыны гнёзды і суп з вярблюджага капыта. Чым заплоціць Шан за тое, што пасеяў? За тое, што ў нас не тое, што няма права на праўду, няма правоў, а няма нават някранутага разумення, што такія правы могуць быць.
Жун Лун нешта мармытаў, кладучыся, стараючыся як найшчыльней падторкнуць плашч сабе пад ногі. Пасля стомлена самкнуў павекі і, нібы трызнячы, нібы паступова засынаючы, стаў шаптаць:
— Бедныя Сем царстваў… Бедная Паднябесная… І ўсё гэта кара за грахі нашых душаў… Мы вялікі, таленавіты народ. І мы страшны народ. Бо варта Шан Яну, ягонаму гаспадару Сяо-гуну, або прынцу-спадчынніку Хуэй-вану, або іншаму мярзотніку даць кліч баявых калясніц, і ўсе мы, нават самы мудры, самы добры, хапаем бамбукавую дзіду і ідзем таптаць справядлівасць, святасць, праўду і чысціню… У-у, які вецер!.. Узгоркі, здаецца трэснуць ад ветру… Дорага заплаціць за гэта калісьці мой народ… І… твой народ… Гансунь Ян.
Читать дальше