Паштальён зразумеў, што ён тут лішні, і папрасіў у Грыгорыя правесці яго. Каля рыплівай форткі ён спыніўся і нерашуча спытаў:
- Прабачце, вядома. Гэты вось, што нядаўна памёр у вас, напэўна, айчым быў Марыі Мікалаеўне? Я тры дні толькі на гэтым участку.
- Не, - уздыхнуў Грыгоры, - не айчым, бацька. Ліст толькі на тыдзень спазніўся, мог бы і сам атрымаць. Тыдзень як пахавалі.
І дабавіў ціха:
- Мы ж не загінулі з ім тады, выйшлі з балота. Я яго пасля вайны адшукаў ды і застаўся тут. Семнаццаць год яшчэ пражыў стары. Брыдкаслоў быў і зневажальнік, але правільнай душы чалавек. Я вось гэта разумеў, а родныя дзеці не разумелі.
І калі паштальён выйшаў на вуліцу, спыніў яго:
- За ліст дзякуй.
Грыгоры вярнуўся і без слоў падсеў да маўклівай групкі людзей.
Яны гаравалі, але цяпер нават іх гора было не тое, змякчанае ўзаемным шкадаваннем, агульнае, стрыманае і чалавечае гора.
- Позна даведаліся, - сказаў сын, і мускулы ля яго пераносся задрыжалі, як у бацькі.
Вярнулася з-за кустоў і Машанька. Слёз на яе абліччы не было відаць: напэўна, умылася з бочкі.
"Бацькава парода", - падумаў Грыгоры.
А яна села наводдаль ад яго, прыхілілася да маці і братовай. Потым глянула на мужа:
- Чаму ніколі не сказаў?
- Я думаў, што ён сам скажа. Разам жа выйшлі.
- Я табе гэтага ніколі не дарую, - стомлена сказала яна.
- Даруеш, - ласкава і трохі сумна сказаў ён і паклаў далонь на яе халаднаватую ад вады руку, якая бязвольна ляжала на стале.
Каментарыі:
1. Машынапіс захоўваецца ў 70-й папцы хатняга архіва пісьменніка.
2. Апавяданне, відаць, было напісана ў канцы 50-х гадоў і прызначалася для першага зборніка прозы "Блакіт і золата дня" (Мн., 1961), аб чым сведчыць нумарацыя старонак гэтага апавядання і тых апавяданняў, якія ўвайшлі ў кнігу "Блакіт і золата дня". У ЦДАМЛіМ РБ, ф. 42, воп. 1, адз. зах. 69, напрыклад, сярод неапублікаваных матэрыялаў часопіса "Полымя" захоўваюцца машынапісы апавяданняў "Як звяргаюцца ідалы" (с.41-47) і "Лісты не спазняюцца ніколі" (с.48-74). Першае ўвайшло ў зборнік прозы Уладзіміра Караткевіча, другое - не ўвайшло. Заўважым, што апавяданні "Пацукалоў" (пазнейшая назва "Карней - мышыная смерць") і "Лятучы Галандзец", якія таксама былі ўключаны ў зборнік "Блакіт і золата дня", пісьменнік закончыў адпаведна 22 і 27 чэрвеня 1958 года, аб чым сведчаць паметы на іх машынапісах, якія захоўваюцца ў ЦДАМЛіМ РБ, ф. 42, воп. 1, адз. зах. 184.
3. Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
4. Упершыню - "Полымя", 1991, №3.
5. Набор зроблены па выданні: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. - С.367-388.