- Н-так, баба нішто сабе. І ў пасцеле і ў касцеле.
- Слухай, ты, - азвярэў Пятро, ты пра яе такія словы кінь. Іначай не дуб ляжаць будзе, а ты.
- Ды я нічога. Толькі д'ябал цябе ведае, што ты за чалавек. Другі год жывеш - хоць бы вокам на каго другога паграшыў. Я, бывала...
- Вось таму што ты "бывала", і яна ад цябе "бывала". А мне іншыя без патрэбы. А і то дагэтуль ачуняць ад радасці не магу, што яна са мной.
- Ну і дурань, - сказаў Прахор.
Абодва маўчалі. Потым Прахор раптам страпянуўся:
- Фу ты, чорт, і пацягнула ж мяне на такім месцы скаромныя размовы весці.
- Так, - сказаў Пятро, - гэта ўсё адно што на могілках лаяцца.
- Ты тады яшчэ хлапчуком быў, - нечакана сур'ёзна сказаў Прахор, - а я ўсё гэта вельмі добра памятаю. Вось тут, на гэтым самым месцы, іх і наздагналі. Хлопцы якія былі! Унь там адзін танк гарэў, там - другі, а там яшчэ два поруч. Гар такі густы, я потым два дні чорным смаркаўся... Пабілі іх усіх. Раніцай бабы пайшлі, а рабяты навалам ляжаць. З усёй вёскі радно сабралі і іх, голых, у тое радно абшылі: і рускіх, і нашых, і татараў. Усіх разам - Бог на тым свеце разбярэцца, хто чый.
- А тут у іх супрацьтанкавая стаяла, - задумліва сказаў Пятро, - яе потым яшчэ ў патрызанскай майстэрні рапаравалі, ставілі на колы ад сеялкі.
- Цыбульная артылерыя, - усміхнуўся Прахор, - і як гэта толькі рабяты не баяліся пакалечыцца, з такіх гармат страляўшы. Верыш - замест замкá лапкі сталёвыя прыстасаваны, і ў іх здаравенны цвік ходзіць. І па таму цвіку, адышоўшы ўбок, драўлянай чакухай - жмяк!
- Што маці па гэтых рабятах паплакалі, што жонкі, - сказаў Пятро, - і адшукалі, пэўна, не ўсіх, той-сёй дагэтуль у балоце, напэўна, ляжыць. І горш за ўсё, што і адшукаюць яго калі-небудзь у тарфяніку нязменным. Як мумію, пра якую ў пятым класе вучаць. Памятаеш, як на Папараці чалавека раскапалі. Увесь цэлы - толькі нос сплясканы: торф ціснуў.
- Так, семнаццаць год для такога - глупства.
Яны выйшлі на паляну, калі яна пачынала невыразна ружавець у чаканні сонца. За палянай стаяў вялізнай рагаткай непраўдападобна зграбны дуб. Частка галін на адной яго развіліне пачала ўсыхаць, але гэта не брыдзіла дрэва.
Асабліва зараз, у перадсонечны час, поўны чакання цеплыні і пяшчоты.
Дуб злёгку шавяліў лісцямі, быццам пацягваўся, стрэсваючы з іх расу.
- Уа-ля, люблю-у, - сонна буркатнуў недзе ўбаку начны ляляк, відаць, укладваючыся спаць.
І, быццам у адказ яму, радасным, умытым, свежым голасам залікавала ў дубовай лістоце нейкая птаха, раздзіраючы ўсё сваё маленькае цельца. Не таму, што хтосьці чуе, а з адного толькі палкага жадання жыць.
І дуб увесь салодка страпянуўся: на самую верхнюю, малюсенькую яго галінку ўпаў аранжавы адбітак сонца.
Яно ўзыходзіла, яшчэ не калматае, як удзень, а проста белае. Праменні яго беглі па галлі ўніз, але збоку здавалася, што гэта сам дуб у нецярплівым чаканні пяшчоты цягнецца ўгору, імкліва вырастае, падстаўляючы пад праменні ўсё новыя і новыя галіны.
І ён увесь зазіхацеў аранжавымі, зялёнымі, светла-малінавымі іскрамі-агеньчыкамі.
- Святкуе, - сказау Пятро, - не адчувае.
А іскры беглі па галінах, ахапляючы ўсё магутнае дрэва суцэльным карагодам ззяння. І гэта ззянне пералівалася ўсё ніжэй і ніжэй, не згасачы. Быццам самае жыццё іскрамі свайго полымя абмывала дрэва,абяцаючы яму жыццё бясконцае.
- Не магу, - сказаў Пятро, апускаючы сякеру, - сам сячы.
Прахор папляваў на рукі, намеціў на ствале месца ў тым баку, куды павінны быў упасці дуб, і стаў рабіць першую засечку.
Гукі сякеры, сухія і бязлітасна выразныя, напоўнілі крону, расісты абшар сівой паляны, лес вакол яе. Дыхнуў лёгкі парыў ветрыку, і лісты дуба на хвіліну здрыгануліся, быццам ён хацеў прасіць аб літасці, ды потым раздумаў - з гордасці.
Чужыя, подла чужыя таму лікаванню жыцця, якое гучэла ў птушыных галасах і свяцілася ў іскрах расы, гукі знішчэння гулка і мёртва луналі ў лесе.
Яшчэ некалькі імгненняў, і ўсё было б скончана - лесарубы ўзяліся б за пілу, - але раптам сякера Прахора нечакана лёгка, па самы абух, увайшла ў драўніну. Лесаруб выдраў яе, і з адтуліны хмаркай узляцеў тонкі, як споры папараці, карычняваты пылок.
- Прагніў, сволач, - сказаў Прахор.
- Не лайся, - адрэзаў Пятро і нахіліўся, калупаючы палкай у ране. Абламаў некалькі кавалкаў кары, выграб жменьку пацярухі, выпрастаўся, глянуў угору. І нарэшце працадзіў з пагардай:
- Сказаў яшчэ. Дуб - і каб прагніў. Гэта ў ім дупло.
І прыбавіў:
- Ачысціць трэба было б. Невядома ж - ці вялікае, ці малое.
Читать дальше