Але ўсё было дарэмна. Не было такіх месцаў на маленькім гэтым балотцы, іх проста не магло тут быць. І каму, як не Максіму, было ведаць пра гэта…1
– Дзяўчына! Пачакайце хвіліначку!
Віялета нават не азірнулася. Была гадзіна пік, народу на праспекце зашмат: людзі ішлі і насустрач ёй, і ў адным з Віялетай кірунку, дзяўчат сярод вірлівага гэтага натоўпу таксама ставала. Так што адчайны вокліч за спінай мог адносіцца да кожнай з іх, тым больш што сама Віялета, выскачыўшы ў няпоўныя сямнаццаць гадоў замуж, і паспеўшы ўжо развесціся ў дзевятнаццаць, дзяўчынай сябе лічыць з таго часу перастала. Праўда, калі да яе звярталіся са словамі «прабачце, жанчына…» або «паслухайце, жанчына…», яна таксама чамусьці крыўдзілася…
– Ды пачакайце ж вы!
Хтосьці раптам схапіў Віялету за руку, моцна таргануў.
Ад нечаканасці Віялета аж скаланулася, але адразу ж прыйшла ў сябе. Вырваўшы руку, яна рэзка павярнулася назад і ўбачыла перад сабой высокага хударлявага юнака. Юнак глядзеў на Віялету з вышыні свайго росту і радасна ёй усміхаўся.
– Мы знаёмыя? – спытала Віялета, беспаспяхова намагаючыся ўспомніць, дзе яна магла страчацца з гэтым маладым чалавекам.
Так нічога не ўспомніўшы, яна строга насупіла бровы і зрабіла крок назад.
– Што вам трэба?
Юнак зноў усміхнуўся, але на гэты раз крыху разгублена.
– Я так рады бачыць вас! – прамовіў ён з нейкім, ледзь прыкметным, акцэнтам. – А вы?
– Што, я? – здзіўлена спытала Віялета. – Чаго вы да мяне прычапіліся, не разумею?!
Юнак сумеўся, збянтэжаны гэтым яе халодным тонам.
– Я думаў… – прамармытаў ён, паціскаючы плячыма, – думаў, што вы… што ў нас з вамі… А вы што, і сапраўды не радыя сустрэць мяне тут?
Віялета насцярожылася. У юнака быў нейкі вельмі ўжо дзіўны выгляд, нават не дзіўны, а дзікаваты, хутчэй. Ускудлачаныя, даўно не мытыя космы валасоў, даволі свежыя драпіны на лбе і левай шчацэ… ды і адзенне, джынсы і дзіравая тэніска, было ўсё ў нейкіх цёмных плямінах, вельмі падобных на кроў. А можа, гэта і была кроў, хто ведае…
Да ўсяго іншага, юнак быў яшчэ і босы. «Вар’ят нейкі! – міжволі падумалася Віялеце. – Ці мо наркаман пад кайфам?»
Яна нават не ведала, што горш. Горш было ўсё…
Дзіўна, але людзі, якія праходзілі каля іх, не звярталі на незвычайнага гэтага юнака аніякай увагі. А можа, проста не хацелі звяртаць на яго ўвагі. Віялета, пэўна, і сама паводзіла б сябе так, але…
Але пры іншых абставінах…
Цяпер жа яна нават не ведала, што ёй і рабіць.
Здаецца, ён усё ж не вар’ят, а калі і вар’ят, то не з буйных. І не наркаман… наглядзелася Віялета на іх дзякуючы нядоўгаму свайму шлюбу. Магчыма, з юнаком проста здарылася нейкае няшчасце, вось ён і спыніў яе ў надзеі на дапамогу…
Але чаму менавіта яе? І якую такую дапамогу можа яна яму аказаць?
Гэтага Віялета пакуль не ведала.
– Паслухайце, – сказала яна, стараючыся гаварыць як мага больш спакойна і нават спагадліва. – З вамі штосьці здарылася, я ж бачу… кепскае штосьці?
Нейкі час юнак глядзеў на Віялету з такім выразам, быццам вар’яткай была яна, а не ён сам.
– А хіба з вамі нічога такога не здарылася? – адказаў, нарэшце, юнак.
– Са мной? – Віялета недаўменна паціснула плячыма. – А што са мной магло здарыцца такое?
Юнак нічога не адказаў, а сама Віялета адчула раптам нейкі ўнутраны непакой. Яшчэ не зусім трывогу, але штосьці вельмі на яе падобнае. Больш за ўсё трывожыў Віялету чамусьці той факт, што ніхто з людзей, якія таропка і заклапочана праходзілі зусім побач з імі, па-ранейшаму не звяртаў аніякай увагі на юнака, на дзіўны ягоны выгляд. Ніхто нават галавы не павярнуў у ягоны бок, што было зусім ужо незразумела.
– Куды ты глядзіш? – спытаў раптам юнак з уяўнай трывогай у голасе. – Ты штосьці там убачыла?
– Людзей! – з нечаканай нават для сябе самой злосцю адказала Віялета. – Ніколі, разумееш, не бачыла, а тут раптам убачыла! Вось і гляджу, любуюся!
Невядома, якой рэакцыі чакала Віялета ў адказ на з’едлівую сваю фразу, але таго, што адбылося, яна ніяк не чакала.
– Людзей?! – раптам закрычаў хлопец, ліхаманкава замітусіўшыся і азіраючыся ва ўсе бакі.– Ты бачыш тут людзей? Ты, праўда, іх бачыш?
Віялета не ведала, што і адказаць. Малады чалавек і сапраўды быў вар’ятам, наконт гэтага ў яе не заставалася аніякіх сумненняў. Толькі чаму тады, і зараз, пасля адчайнага гэтага ягонага воклічу, ніхто на іх нават позірку не кінуў? Хіба гэта нармальна? «Яны ж не бачаць яго! – раптам дайшло да Віялеты. – Яны проста не бачаць яго! І ён іх таксама…»
Читать дальше