Па-першае, ягонае адзенне, вельмі нязвыклае для балота. Бездакорна чорны фрак, чорныя вузкія панталоны, чорныя бліскучыя чаравікі без адзінай нават кропелькі бруду. Асляпляльна-белыя пальчаткі і асляпляльна-чорны цыліндр на галаве…
Па-другое – вочы незнаёмца. Яны былі вялізныя, чырвоныя, з вузкімі прадаўгаватымі шчылінамі замест зрэнкаў… І яшчэ, у тым месцы, дзе стаяў незнаёмец, проста з-пад ног ягоных выбіваліся ўверх тонкія струменьчыкі пары… «Гэта не чалавек! – ліхаманкава падумалася Максіму. – Хто ж тады гэта?!»
Але Максіму было ўжо ўсё адно, хто перад ім. Ён не жадаў паміраць.
– Памажы! – ледзь чутна прахрыпеў Максім, зноў працягваючы руку ў бок незнаёмца. – Выцягні!
Прысеўшы на кукішкі, незнаёмец уважліва глядзеў на Максіма сваімі жудаснымі вачыма.
– І ўсё ж я чакаю адказу на сваё пытанне, – павольна прагаварыў ён, і ў рыпучым голасе незнаёмца Максім адчуў прыхаваную пагрозу. – Ты лічыш сваю смерць недарэчнай, хіба не так?13
– Так, так! – захрыпеў Максім, адчуваючы, як ледзяная вада апякае шыю. – Я так лічу!
– А смерць хлопчыка, якога ты збіў тры гады таму… яна таксама з разраду недарэчных?
– Якога хлопчыка?! – Максім паспрабаваў варухнуцца, але балота трымала моцна. – Я нікога не збіваў!
Незнаёмец раптам усміхнуўся, і Максіма аж скаланула ад выгляду ягоных дробных і на дзіва вострых зубоў.
– Ён застаўся жывы, гэты хлопчык! – закрычаў Максім, заплюшчваючы вочы… толькі б не бачыць гэтай страшэннай пашчы зусім побач са сваім тварам, толькі б не адчуваць той нясцерпнай гарачыні і смуроду, якія ад яе сыходзілі… – Я сам бачыў у люстэрка, як ён ускочыў на ногі і нават узняў свой веласіпед! Я сам гэта бачыў!
– Ён сканаў праз некалькі хвілін пасля таго, як узняў веласіпед! – пачуў Максім каля самага свайго вуха непрыемны голас незнаёмца. – Калі б ты тады спыніўся, ты б і гэта ўбачыў. Але ж ты не спыніўся…
Вада дайшла Максіму амаль да самага рота. Каб не захлынуцца, давялося як мага вышэй узняць галаву.
– І ты хочаш пакараць мяне за тое, што я не спыніўся?! – прахрыпеў ён, адплёўваючы балотную твань і ціну. – Бо я вінаваты толькі ў гэтым… у астатнім хлопчык вінаваты сам… калі ты ведаеш усё – ты павінен ведаць і гэта!
Ягоную правую руку сціснула нібы распаленымі абцугамі, і Максім, ускрыкнуўшы ад болю, зразумеў раптам, што незнаёмец трымае яго. Не выцягвае, а менавіта трымае.
– Я ні ў чым цябе не абвінавачваю! – зноў пачуўся над самым Максімавым вухам рыпучы непрыемны голас. – Я, увогуле, нікога, ніколі і ні ў чым не абвінавачваю! Вось і зараз я толькі спрабаваў высветліць, чыя ж смерць была больш недарэчнай: ягоная ці твая? «Была! – падумалася Максіму. – Ён сказаў «была»! Выходзіць, што ён і не думае ратаваць мяне з багны… ён проста, чамусьці, цягне час!»
– Хто ты такі і што табе ад мяне трэба?! – прахрыпеў Максім, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй… правая рука гарэла так, 14 нібыта яе палілі адкрытым полымем. – Табе ж ад мяне штосьці трэба, хіба не так? Што менавіта?! Душа?!
Незнаёмец ціха засмяяўся, і смех ягоны таксама быў рыпучы і вельмі непрыемны на слых.
– Я вазьму ў цябе тое, пра што ты і сам яшчэ не здагадваешся!
Звонкі сабачы брэх пачуўся дзесьці зусім побач. І жаночыя галасы, дакладней, іх пераклічка. Максім адчуў раптам, як незнаёмец таргануў яго за руку, адным магутным рыўком выцягваючы з балота… у наступны момант ён страціў прытомнасць…
Ачуняўшы праз нейкі час і расплюшчыўшы вочы, Максім быў упэўнены, што ляжыць ля куста вербалозу, увесь, з галавы да ног, перапэцканы балотнай тванню. Але раптам выявілася, што ён стаіць з поўным вядзерцам журавін каля гэтага самага куста і адзенне ягонае сухое і зусім чыстае. А непадалёку збіраюць ягады нейкія жанчыны, не звяртаючы на канкурэнта аніякай увагі. Толькі маленькі чорны шчанюк крыху зацікавіўся Максімам і нават ляніва брахануў два ці тры разы ў ягоны бок. І ніякага чорнага балотнага «акна», ніякай нават прыкметы таго, што зусім нядаўна тут, загрузнуўшы ў багне, ледзь не захлынуўся чалавек. Зямля вакол Максіма была хоць і гразкая, але даволі надзейная, як і паўсюдна на невялікім гэтым балотцы. «Што ж гэта было? – разгублена падумалася Максіму. – Няўжо ўсё гэта мне толькі здалося?» Ён узняў галаву і паглядзеў на сонца. Было ўжо гадзін адзінаццаць, калі не больш. Дадому ісці не менш як гадзіну, а ён жа абяцаў жонцы адвезці яе ў бальніцу, у жаночую кансультацыю…
Стоп! А навошта ёй у гэтую самую кансультацыю?! Ён неяк не стаў пытацца, а сама яна не казала… Няўжо яна…
Читать дальше