На сэрцы ў Андрэя стала крыху лягчэй. «Трохкутнік! – горка ўсміхаючыся, падумаў ён. – Звычайны, класічны, зашмальцаваны ў мностве літаратурных сюжэтаў трохкутнік! Ён кахае яе, яна ж абавязкова павінна кахаць кагосьці трэцяга… ну, а сам гэты трэці…»
Андрэй уздыхнуў. «Гэты трэці – лепшы за цябе ва ўсіх адносінах! – нагадаў ён сабе. – Давай будзем глядзець праўдзе ў вочы! Ён прыгажэйшы за цябе, дужэйшы… смялейшы, нарэшце! Цікава, ці пайшоў бы я туды зараз, вось так, адзін… асабліва пасля ўчарашніх гэтых баек?» І Андрэй зноў непрыкметна ўздыхнуў.
– Чаму ты не пайшоў з ім?!
Ахоплены невясёлымі думкамі, Андрэй не адразу і зразумеў, што гэта ўжо не ягоныя думкі, што гэта спыталася Хрысціна, і пытанне адрасуецца менавіта яму. Ды і каму, скажыце, яно магло быць яшчэ адрасаванае тут, у гэтым глухім месцы?
– Ты проста спалохаўся!
Андрэя больш за ўсё ўразілі нават не самі крыўдныя гэтыя словы, больш за ўсё яго ўразіў тон, якім яны былі кінуты яму проста ў твар. Яна не пыталася… яна сказала абразлівую гэтую фразу, як нешта само сабой зразумелае, як факт, які нават не патрабуе ні доказаў, ні каментарыяў. І Андрэй зусім не ведаў, што адказаць ёй… і як адказаць. І таму, не адказваючы нічога, ён проста ўзняўся.
– Куды ты?! – устрывожана спыталася дзяўчына.
Андрэй зноў прамаўчаў.
– А я?! Ты што, пакінеш мяне тут адну?!
Не адказваючы, Андрэй проста паглядзеў на яе. Хрысціна таксама глядзела яму ў вочы… і гэтае процістаянне вачэй працягвалася даволі доўга. Потым Хрысціна ўздыхнула і першай адвяла позірк.
– Я пажартавала! – ціха сказала яна. – Прабач, калі ласка! Сядай! Ды сядай жа ты!
Андрэй паслухмяна сеў. І ў гэту самую хвіліну аднекуль з боку возера данёсся да іх адчайны чалавечы крык. Дакладней, крык гэты быў амаль нечалавечы – столькі ў ім было жаху, болю, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, для вызначэння чаго ў чалавечай мове проста бракуе патрэбных слоў… І Андрэй, і Хрысціна ўскочылі на ногі амаль адначасова. А крык гэты, адчайны, нямы, нялюдскі крык гэты абарваўся, рэзка і адразу, нібыта чалавеку, які так нема крычаў, забілі чымсьці рот.
Магчыма, вадой…
– О, божа! – прашаптала Хрысціна дрыжачымі вуснамі: – Гэта… гэта Ігар! Гэта з ім штосьці!
Андрэй нічога не адказаў, і нейкі час яны стаялі, моўчкі і нерухома, трывожна ўслухваючыся ў падманлівую цішыню ліпеньскай ночы. І, нават не дакранаючыся да дзяўчыны, Андрэй адчуў раптам, як яна ўся дрыжыць.
– Чаму ён замаўчаў?! – голас Хрысціны быў нейкі хрыплы, надломлены… быццам і не яе голас. – Чаму ён… што з ім здарылася, Андрэй?!
Гэтага Андрэй не ведаў. Ён нават не быў упэўнены, што адчайны крык гэты належыў сябру… хоць, каму яшчэ ён мог тут належыць! Хрысціна моўчкі глядзела на Андрэя, яна задала пытанне і чакала адказу, а што ён мог ёй адказаць?! Трэба было ўсё ж сказаць ёй хоць штосьці, хоць неяк супакоіць дзяўчыну, але дрыжачыя вусны не хацелі слухацца. І Андрэй зноў успомніў таго, учарашняга, старога і ягоныя байкі наконт гэтага возера.
Учора яны і сапраўды здаліся ім проста байкамі…
– Андрэй, чаму ты маўчыш? – прашаптала Хрысціна. – Скажы хоць што-небудзь!
Андрэй паварушыўся.
– Трэба ісці! – ціха сказаў ён і амаль не пазнаў свайго голасу. – Трэба ісці туды, каб… – прагаварыў ён ужо гучней, – …каб даведацца… Мне ісці…
– Нам! – Хрысціна моцна ўхапіла хлопца за руку. – Я не застануся тут, без цябе! І яны пайшлі.
Ноч была ціхая, а неба бясхмарным і на дзіва зорным, але, на вялікі жаль, быў час маладзіка. Адзіны ліхтарык забраў Ігар, таму ішлі яны вельмі павольна, то спатыкаючыся аб нейкія нябачныя ў цемры пні і карэнне, то натыкаючыся тварамі на такія ж нябачныя галінкі дрэў і кустоў. І Андрэй уявіў раптам, як ішоў тут Ігар, зусім нядаўна ішоў. Вось ён ужо каля возера, вось вузенькі праменьчык ліхтарыка, перабягаючы з месца на месца, асвятляе нарэшце ваду, трыснёг ля берага… лёгкі празрысты туман ляніва плыве ўдалячынь… Вось Ігар спыняецца каля самай вады, нахіляецца, зачэрпвае далонню цёплую гэтую ваду… І раптам з возера, з падманлівай гэтай цішыні…
Усё так, як і казаў учора той стары!
Ногі былі нібыта ватныя, сэрца моцна стукала ў грудзях і толькі цудам, здаецца, адтуль не выскоквала. Хрысціна паслухмяна ішла побач, яна па-ранейшаму моцна трымалася за Андрэеву руку. У іншых абставінах гэта было б вельмі і вельмі прыемна… але зараз Андрэю было зусім не да прыемнасцяў…
Возера знаходзілася дзесьці побач. Яно вось-вось павінна было адкрыцца сярод чорных дрэў, і Андрэй ужо амаль падрыхтаваўся да гэтай сустрэчы. І ўсё ж, калі яно і сапраўды бліснула нарэшце наперадзе, цьмяна і таямніча, хлопец адчуў раптам, як па спіне прабег непрыемны халадок. Адразу ж захацелася спыніцца, не ісці далей… а найлепш – проста павярнуць назад, і, можа, калі б Андрэй ішоў адзін, ён так і зрабіў бы. Але побач ішла Хрысціна, яна моцна трымалася за ягоную руку, таму Андрэй дазволіў сабе спыніцца толькі тады, калі да берага засталося якіх-небудзь пяць-шэсць крокаў. Хрысціна таксама спынілася побач, руку ягоную яна так і не адпусціла.
Читать дальше