– Глупства? – вымавіў Гэндальф. – Не, мой пане. Розум ваш скончыцца не раней за вашае жыцьцё. Вы нават горам карыстаецеся, што маскаю. Ці вы лічыце, я ня скеміў, навошта вы суцэльную гадзіну распытвалі таго, хто амаль нічога ня ведае, а мяне пакінулі сядзець побач?
– Калі вы гэта разумееце, дык тым і задаволіцеся, – зазначыў Дэнэтар. – Дурная пыха – адкінуць дапамогу й параду ў час патрэбы, але ж вашыя падарункі вы раздаяце ў адпаведнасьці з сваімі плянамі й мэтамі. Толькі гаспадар Гондару ня стане бяздумным выканаўцам чужых плянаў, якімі шляхетнымі яны ні падаваліся б. I для яго няма ў сучасным сьвеце мэты вышэйшай, чым дабрабыт Гондару. А ўлада над Гондарам, пане мой, мая й нічыя болей, хіба кароль зьявіцца зноў.
– Хіба кароль зьявіцца зноў? – вымавіў Гэндальф. – Анягож, вашамосьць намесьнік, гэтакі ваш абавязак – кіраваць каралеўствам і захоўваць яго, пакуль ня вернецца кароль, ува што цяпер мала хто верыць. I ў выкананьні абавязку я гатовы дапамагчы ўсім, пра што вам толькі задабраволіцца папытаць. Аднак скажу вось што: я не кірую аніякім каралеўствам, ані Гондарам, ані іншым, вялікім ці малым. I ўвесь мой клопат – дабрабыт усіх файных, вартых рэчаў, што ў небясьпецы ў цяперашнім сусьвеце. I ня марнымі будуць мае намаганьні, нават калі Гондар ня вытрымае, – толькі б засталося што, толькі б выжыла ў ночы нешта, здольнае захаваць прыгажосьць, прарасьці, расквітнець ізноў і даць плады будучым днём. Бо я таксама намесьнік. Ці тое вам невядома?
З тым ён павярнуўся й пакрочыў прэч, а Піпін за ім, бегма, каб не адстаць.
Пакуль ішлі, Гэндальф не сказаў Піпіну ані слоўца, нават не зірнуў на яго. За дзьвярыма залі іх сустрэў слуга й правёў праз пляц Вадаграю ў завулак паміж каменнымі будынкамі. Некалькі разоў павярнуўшы па дарозе, сягнулі дому, блізкага да паўночнай сьцяны Цытадэлі, непадалёк ад перашыйку, што злучаў горад зь Міндолуйнам. У доме падняліся на другі паверх па шырокай часанай з каменю лесьвіцы, і слуга паказаў нарэшце іхні пакой: прасторны, сьветлы, поўны сьвежага паветра, зь сьценамі, завешанымі файнымі фіранкамі колеру цьмянага роўнага золата. Няшмат мэблі было там – толькі маленькі столік, дзьве фатэлі й лава, але з кожнага боку пакою былі закуты з завесамі й файна зладжаныя ложкі зь бялізнаю, а побач – гарлачы з вадою й місы, каб умыцца. Тры высокія вузкія вакенцы глядзелі на поўнач – на вялікую луку Андуйну, яшчэ засланага туманамі, на Эмін Мюйл і далёкі Рэрас. Піпіну давялося ўскараскацца на лаву, каб зазірнуць за доўгае каменнае прываконьне.
– Вашаць злуецца на мяне, спадару Гэндальфе? – спытаў ён нарэшце, калі слуга-правадыр выйшаў ды зачыніў дзьверы. – Я вельмі стараўся.
– Сапраўды! – і Гэндальф нечакана зарагатаў.
Падышоў да Піпіна, стаў побач, паклаў руку яму на плячо й скіраваў погляд у вакно. Хобіт зьдзіўлена падняў галаву, бо сьмех гучаў насамрэч лёгка й радасна. На твары ж бачыўся толькі клопат і смутак. Аднак, прыгледзеўшыся, хобіт уцяміў, што пад маскаю клопату плёскаецца сапраўдны вадаграй весялосьці. Напэўна, усё каралеўства сьмяялася б, каб той вадаграй вырваўся вонкі.
– Насамрэч, ты справіўся так добра, як мог! – сказаў чараўнік. – Спадзяюся, табе не давядзецца болей апынуцца заціснутым паміж двума такімі жудаснымі старымі. Усё-ткі ўладар Гондару выведаў у цябе болей, чым ты здагадваесься. Ты не схаваў таго, што не Барамір вёў вас ад Морыі, што нехта высакародны сярод вас кіруецца ў Мінас Тырыт і што ў яго знакаміты меч. Людзі Гондару памятаюць старыя паданьні й часьцяком разважаюць над імі, а Дэнэтар з часу Бараміравага сыходу шмат думаў над прароцтвам і над " Конам, вінным Ісільдару ".
Дэнэтар не падобны на людзей нашага часу, Піпіне, і якім ні быў бы ягоны радавод, нейкім чынам амаль чыстая кроў Захаду цячэ ў ягоных венах – і ў венах ягонага сына Фараміра таксама. Ды не ў Бараміры, якога бацька любіў болей. У Дэнэтара пранізьлівы позірк, і бачыць ён далёка. I калі ёсьць на тое ягоная воля, працінае шмат таго, што адбываецца ў думках людзей, нават тых, хто жыве далёка. Цяжка падмануць яго й небясьпечна нат спрабаваць.
Запомні гэта! Бо цяпер ты пакляўся служыць яму. Ня ведаю, як тое легла ў тваю галаву ці на сэрца. Але атрымалася файна. Я ня стрымліваў цябе, бо шляхетнасьць нельга стрымліваць парадай халоднага розуму. Твой учынак крануў яго, дый таксама (ты ўжо прабач) павесяліў. Ну, урэшце, ты цяпер вольны рушыць куды заўгодна па Мінас Тырыце, калі не на службе. Бо ёсьць жа й іншы бок у гэтай справы. Ты падуладны яму, а ён на тое не забудзецца. Дык пасьцеражыся!
Читать дальше