Сэм пасадзіў каліўцы паўсюль, дзе зьнішчылі ўлюбёныя ці асабліва прыгожыя дрэвы, і паклаў макулінку каштоўнага пылу ў глебу ля каранёў кожнага парастка. Уздоўж і ўпоперак Шыру хадзіў ён у сваёй працы, а калі найперш зьвяртаў увагу на Хобіцак і Прырэчча, дык за тое ніхто яго не дакараў. Урэшце выявіў, што троху пылу яшчэ засталося, таму пайшоў да Трохграшовых Камяніскаў, якія без малога ў самым цэнтры Шыру, дый кінуў пыл на вецер, добраславіўшы. Маленькі ж срэбны арэшак пасадзіў на полі Вечарыны, дзе стаяла калісьці Більбава дрэва. Надта цікавіўся: што зь яго вырасьце? Цярпеў усю зіму, ледзь трываючы, каб не хадзіць туды – пільнаваць, што ж робіцца.
Вясна пераўзышла ягоныя самыя сьмелыя спадзяванкі. Дрэвы прыняліся расьці й галінавацца з такою хуткасьцю, быццам жадалі ў адзіны год укласьці дваццаць. А на Полі Вечарыны выбіўся з-пад зямлі найпрыгажэйшы парастак. Меў ён срэбную кару й доўгія лісты, а ў красавіку яго абсыпала залатая квецень. Насамрэч, быў тое мэларн , на дзіва ўсяму навакольлю. Праз гады, калі парастак стаў дрэвам незвычайнага хараства, ён праславіўся паўсюль, і народ выпраўляўся ў доўгія вандроўкі, каб толькі пабачыць яго – адзіны мэларн на захад ад гораў і на ўсход ад Вялікага мора й адзін з найцудоўнейшых у сьвеце.
Увогуле, 1420 год выдаўся ў Шыры найцудоўнейшым. Ня толькі шчодра зьзяла сонца, ня толькі лілі ласкавыя, найспрыяльнейшыя дажджы (калі трэба й колькі трэба), але само лета падавалася насычаным, вялікшым, нібы паветра набрыняла багацьцем, сьпеньнем і ростам, нібы лета зазьзяла хараством не сьмяротных гадоў, што ўспыхваюць і гаснуць над Міжзем'ем, а гадоў вечнасьці. Усе дзеці, зачатыя альбо народжаныя сёлета – а такіх было шмат, – расьлі прыгожыя й дужыя, і большасьць мелі валасы колеру сьпелага золата, раней у хобітаў надзвычай рэдкага. Пладоў зямля нарадзіла столькі, што хабіцяняты амаль плавалі ў суніцах зь вяршкамі, а пасьля сядзелі на траўцы пад сьлівамі й елі, елі, складваючы з костачак кучы, нібы заваёўнікі – піраміды чарапоў, а тады перапаўзалі да наступнага дрэва. Аніхто не хварэў, усе радаваліся, апрача тых, каму даводзілася абкошваць траву.
У Паўднёвым падзеле вінагрон хіліўся пад цяжарам гронак, а зёлка ўрадзіла проста надзіва. Паўсюль высьпела столькі зерня, што кожную пуню запоўнілі даверху. Ячмень з Паўночнага падзелу вырас такі файны, што піва 1420 году памяталі доўга й яно ўвайшло ў прымаўкі. I пакаленьне пасьля яшчэ маглі пачуць ад якога дзеда ў шынку, што заліваў у сябе праведна заробленае піва й адсоўваў пусты куфаль з уздыхам: "А-але, гэнае насамрэч нібы ў чатырыста дваццатым, даю слова!"
Спачатку Сэм заставаўся ў Котанаў разам з Фрода, а калі адбудавалі Новую слабаду, перабраўся да Дзеда. У дадатак да заняткаў у хаце кіраваў аднаўленьнем і вычышчэньнем Торбы-пад-Стромай, але часьцяком адлучаўся, вандруючы па Шыры ў садоўніцкай працы. Таму на пачатку сакавіка яго не было дома й ён ня ведаў, што Фрода захварэў. Трынаццатага сакавіка спадар Котан знайшоў Фрода на ложку. Той ляжаў, сьціскаючы белы камень, які вісеў на ланцужку на ягонай шыі. Падавалася, Фрода быў напалову ў сьне.
– Ён сышоў назаўжды, – мармытаў ён, – і цяпер усё цьмянае й пустое.
Але немач мінула, і калі Сэм вярнуўся дваццаць пятага дахаты, Фрода ачуняў і нічога пра сябе не распавёў. Тым часам аднавілі Торбу-пад-Стромай. А Мэры зь Піпінам прывезьлі з Цвыркуновай лагчыны ўсю мэблю й рэчы, і старая нара стала выглядаць амаль як раней. Калі ўсё нарэшце ўсталявалі, Фрода спытаў:
– Калі ж ты зьбіраесься перасяліцца да мяне, Сэме?
Сэм глянуў ніякавата.
– Няма патрэбы перабірацца зараз жа, калі ня хочаш, – сказаў Фрода. – Але ж ведаеш: Дзед побач, а ўдава Сваруха добра за ім даглядае.
– Рэч ня ў тым, спадару Фрода, – і Сэм заліўся чырваньню.
– Дык у чым?
– У Ружы, Ружане Котан. Падаецца, ёй, небарацы, зусім не даспадобы, што я бадзяюся па Шыры дый усялякае такое. А я ёй нічога не казаў, таму й яна не казала. А я маўчаў, бо працу ж трэба зрабіць. А зараз я сказаў, і яна мне кажа: "Ты ўжо год змарнаваў, дык нашто чакаць даўжэй?" – "Змарнаваў? – кажу я ёй. – Ну я б так не казаў". Адылі я ж бачу, што яна мае на ўвеце. Я амаль разрываюся, як гаворыцца.
– Бачу, – пагадзіўся Фрода. – Хочаш ажаніцца, а таксама хочаш жыць з мною ў Торбе? Мой даражэнькі Сэме, няма тут праблемы! Ажаніся, калі пажадаеш, дый сяліся тут разам з Ружай. Месца ў Торбе хопіць для любой сям'і, якой заўгодна вялікай!
Гэтак і пастанавілі. Сэм Гэйхад пабраўся з Ружанаю Котан увесну 1420-га (знакамітага таксама й вясельлямі) дый пераехаў зь ёю ў Торбу-пад-Стромай. I калі Сэм лічыў, што яму пашанцавала, дык Фрода ведаў, што больш пашанцавала менавіта яму, бо аніводнага хобіта ў Шыры не даглядалі з гэткаю ласкаю. Калі адраджэньне Шыру спрэс расплянавалі й пачалі зьдзяйсьняць, Фрода вярнуўся да спакойнага жыцьця, шмат пісаў ды праглядаў усе ранейшыя нататкі. На Вольным кірмашы сярэдзіны лета ён адмовіўся ад пасады прадстаўніка галавы, і даражэнькаму старому Вілю Беланогу яшчэ сем гадоў давялося ачольваць сьвяточныя баляваньні.
Читать дальше