– Лепей бы ты з намі паехаў, старына Фрэдэгар! – выгукнуў Піпін, калі былога Фуфу вынесьлі вонкі – ён надта паслабеў, каб ісьці самастойна.
Той расплюшчыў вока й адважна паспрабаваў усьміхнуцца. Прашаптаў:
– Хто той малады волат з гучным галасіскам? Мо маленькі Піпін? I ў колькі капелюшоў цяпер твой рост?
Пасьля вызвалілі Лябэлю. Небарака, яна выглядала надта састарэлай і худой, калі яе выцягнулі зь цёмнай і вузкай клеці. Але наверх захацела ісьці ўласнымі нагамі. Так шчыра яе віталі, так радасна пляскалі й гукалі, калі яна зьявілася, абапіраючыся на Фродаву руку ды ўсё сьціскаючы свой парасон, што яе кранула да глыбіняў душы й яна зьехала ўся ў сьлязах. Аніколі ў жыцьці яна не карысталася гэткай папулярнасьцю. Аднак вестку пра забойства Лота перанесла зь цяжкасьцю й у Торбу-пад-Стромай нат не зайшла. Яна аддала яе Фрода, а тады вярнулася да сваёй радзіны, Пасьніксаў з Снапішчаў.
Калі няшчасная старая памерла навесну – усё-ткі ёй было болей за сто, – Фрода быў надта зьдзіўлены й расчулены, бо яна пакінула ўсю рэшту ўласных ды Лотавых грошай Фрода на дапамогу хобітам, што засталіся без жытла ў выніку ўсіх клопатаў з бандытамі. Так скончылася доўгая варожасьць.
Стары Віль Беланог праседзеў у Замкнёных норах даўжэй за ўсіх, і хоць абыходзіліся зь ім ня так жорстка, як зь некаторымі іншымі, яму спатрэбілася шмат падкорму перад тым, як ён зноў заняў месца галавы, таму Фрода пагадзіўся дзейнічаць як ягоны прадстаўнік, пакуль старшыня не паправіцца. Адзінае, што Фрода зьдзейсьніў на пасадзе галавы, – зьменшыў лік шырыфаў да былой колькасьці ды вярнуў іх да ранейшых заняткаў. Паляваньнем на рэшту бандытаў заняліся Піпін з Мэры, і неўзабаве ўсё скончылася. Паўднёвыя банды, пачуўшы пра бітву ў Прырэччы, паўцякалі за мяжу, амаль не супраціўляючыся тану. Яшчэ да канца году апошніх вылавілі ў лясох; тых, хто здаўся, выправадзілі за межы.
Тым часам аднова хутка прасоўвалася, і Сэм быў надта заняты. Калі ў хобітаў ё настрой ды патрэба працаваць, яны рупяцца бы пчолы. А цяпер працоўных рук былі тысячы – ад маленькіх, але спрытных рук маладзёнаў і дзяўчатаў, да напрацаваных, мазолістых рук дзядоў і старых жанок. Да Ліпак ані цагліны не засталося ад новых шырыфскіх сядзібаў альбо чаго іншага, пабудаванага Старычавымі людзьмі, а цэглу выкарысталі, каб парамантаваць старыя норы, зрабіць іх больш утульнымі й сухімі. Таксама знайшліся немалыя запасы ўсялякага дабра ды ежы зь пітвом, што бандыты пахавалі па халупах, пунях і старых нежылых норах, а асабліва ў тунэлях Міхальскага Выкапу й колішніх каменяломнях у Пужлагор'і. Так што радасьці ў гэтыя Ліпкі было болей, чым хто спадзяваўся.
Адно зь першых, што зрабілі ў Хобіцку, нават да таго, як зьнесьлі новы млын, – вычысьцілі Строму й Торбу-пад-Стромай і адбудавалі Прыторбінскую слабаду. Яміну, дзе бралі пясок, зраўналі сьпераду дый разьбілі там вялікі сад, а ў паўночным схіле выкапалі новыя норы, глыбока ў пагорак, дый абклалі іх цэглаю. Дзеда засялілі зноў у трэцюю нару, і той паўтараў часьцяком, не турбуючыся, чуе хто ці не:
– Заўжды казаў: дурны той вецер, зь якога нікому карысьці няма. Усё добра, што скончылася добра!
Крыху паспрачаліся, як назваць новую слабаду. Прапаноўвалі Баявыя Сады ці Лепшыя Сьміялы. Урэшце, на мудры хобіцкі манер назвалі ўпрост Новая слабада. А ў Прырэччы пайшла жартоўная звычка клікаць Новую слабаду Старычаў Канец .
Найгоршай стратаю былі дрэвы, бо на Старычаў загад іх бязьлітасна сьсеклі па ўсім Шыры. Сэм тужыў найболей па іх. Бо лічыў, што гэтую шкоду ацаляць даўжэй за ўсё й толькі ягоныя прапраўнукі ўбачаць Шыр такім, якім ён мусіць быць.
А тады раптоўна, пасьля таго, як тыднямі спрэс ён быў надта заняты, каб успамінаць прыгоды, згадаў падарунак Галадрыелі. Дастаў скрынку й паказаў астатнім Вандроўнікам (бо так іх цяпер клікалі ўсе), спытаў іхняй парады.
– А я ўсё чакаў, калі ты згадаеш, – усміхнуўся Фрода. – Адчыняй зараз!
Вонкі ляжаў шэры пыл, мяккі й драбнюткі, а пасярэдзіне тырчэла зярнятка, рыхтык маленькі арэшак у срэбнай шкарлупінцы.
– Што ж мне рабіць з гэным? – падзівіўся Сэм.
– Кінь у паветра ветраным днём, і няхай робіць сваю справу! – прапанаваў Піпін.
– Ну і? – спытаў Сэм.
– Абяры якое месца на спробу дый зірні, што там з парасткамі адбудзецца, – параіў Мэры.
– Упэўнены, панна не хацела б, каб я ўсё сабе забраў, калі столькі народу вакол пацярпела, – запярэчыў Сэм.
– Тады выкарыстай уласны розум ды рацыю, Сэме, – параіў Фрода. – Выкарыстай свой падарунак, каб дапамагчы працы й палепшыць яе. I ўжывай беражліва. Тут няшмат, мяркую, кожнае зярнятка каштоўнае.
Читать дальше