Каго тут вінаваціць, на каго кідацца з кулакамі, якую сцяну бурыць, біцца аб яе лбом. I ці ёсць сэнс. Колькі ж хто ні біся, ніколі і нікому той сцяны не праламаць, не прабіць. Ніхто з-за яе голасу не кіне, не адгукнецца і назад не вернецца. Уся бяда ў тым, што, здаецца, і самой сцяны няма, як няма і вінаватых. Ні тут, ні там, тым больш там: «Не знаю скверных, не знаю подлых, все люди правы, не понимают они друг друга — их доля злая. Мои услады для них отрава, я презираю, благословляя». Здаецца, гэта з таго свету звяртаюцца да нас паэты, заклікаюць нас, даруюць нам паэты. Але кожнае такое дараванне — гэта і пакаранне. Пакаранне не зямной, а самай высокай міласэрнасцю. Гэта і ёсць, павінна з’яўляцца найвышэйшай мерай пакарання. Таму што ўсё ж было, было прадчуванне бяды ў тыя яе апошнія восеньскія, лістападаўскія дні. I сам дом той, дзе яна атрымала кватэру, толькі што справіла ўлазіны, быў пабудаваны на касцях і смутку, жалобе людской. На былых могілках. На занядбанай нашай гісторыі. Згодна з паданнем, на магілцы Марыны Мнішак. Мо сама яна, Марына Мнішак, і паклікала яе ў нашу шматпакутную гісторыю дзеля аднаўлення і адраджэння яе, як кліча гісторыя наша кожнага з нас. Усе мы, жыццём і хатамі сваімі, топчам і зневажаем тое, што павінны памнажаць, берагчы і ўслаўляць.
Так што было адчуванне бяды ўжо на ўлазінах. I сцяна была. Узведзеная не ўяўленнем, а самая сапраўдная. Жахлівая менавіта гэтай сваёй нябачнасцю. Кожны раз вось яна, здаецца, перад табой, і жыццё сваё, мазгі ты згодны размазаць па ёй, толькі б наступніку твайму было крышачку больш лёгка, каб ён ніколі нічога не ведаў пра яе. Але толькі падрыхтаваўся, разагнаўся, выставіў наперад лоб — пустата, туман, прывід, вата. Тыя самыя, ад якіх потым у галаве пуста, свядомасць ледзь мігціць, нібыта хоць і аб вату, туман, а ўдар усё роўна адбыўся. I мазгі ад таго не прэч, а куды горш — набакір. I ты ў тумане, як ва ўтаймавальнай камеры, абкладзены з усіх бакоў ватаю. У насланні, у краіне не людзей, а прывідаў, і сам, здаецца, не чалавек, а прывід.
«Хто я? — нібы прабіўшы гэтую сцяну, голасам з пустыні, запытальна звяртаўся да беларусаў са старонак газеты «Советская Белоруссия» народны пісьменнік рэспублікі Янка Брыль. — Мне семдзесят пяць гадоў, быў я інжынерам чалавечых душ, падручным партыі, вінцікам, а цяпер вось стаў самазванцам». Самазванцам яго абазвалі публічна са старонак той жа рэспубліканскай газеты. Не аднаго, праўда, а ў добрай, вельмі прыстойнай кампаніі, дзе-небудзь на лесапавале ў Марыінскай тайзе атрымалася б цудоўная брыгада: усе як на падбор народныя, заслужаныя, лаўрэаты, дэпутаты, а сярод іх адзін ужо і Герой Сацыялістычнай Працы — паэты, празаікі, мастакі, рэжысёры. Элітарны, культурны генафонд рэспублікі. Было ад чаго не толькі закрычаць «хто я?», але і розум страціць.
Само неба, зямля, надвор’е ў тыя дні былі добра набакір: ці то позняя восень, ці то ранняя зіма. Не, не пераходныя, як тое надараецца на мяжы восені і зімы. А кожны раз, здаецца, устояныя, трывалыя, з абяцаннем і надалей такой жа трываласці і грунтоўнасці. I так вось дзень-другі, тыдзень — цвёрдая зімка, з бадзёрым да захаплення, абнаўляючым марозам, столькі ж праз ноч — слякотная, пахмурная восень з нізкім, што прыпала амаль да самай зямлі, небам, густым ліпучым туманам, які праглынуў усе далягляды, звыклыя воку арыенціры, з нудным дожджыкам, што імжыць зверху, знізу і з душы. Уладаранні зімы і восені былі непрадказальнымі, улада іх на вачах пераходзіла з рук у рукі. Чалавека кідала з холаду ў цяпло, нібы там, на небе, хтосьці ўзяў у рукі кій і гуляў гэтымі чалавекамі ў більярд, ганяў з адной пары года ў другую, ад аднаго борта да другога, а таго-сяго і вось так, апускаў у лузу. I быў той ашалелы гуляка сам Гасподзь Бог. Забаўляўся чалавекам на зялёным полі зямлі. А ім ад пагражальнага яго кія дзецца не было куды. I спыніць бязмежжа Ўсявышняга таксама не было каму.
I выспявала, выспявала прадчуванне бяды, невядомай і нябачнай простаму воку, небяспекі, што падступала ўсё бліжэй, сціскала і перахоплівала глотку і дыханне. Штосьці павінна было здарыцца, магло здарыцца з кожным, хто па сваёй ахвоце ці па прымусу, часам нават і ў галаве не трымаючы, аказаўся ўцягнутым у боскія гульні. I здарылася.
Па народным звычаі, апрануўшы святочныя свае ўборы, у апошні раз памыўшы ўсё ў пакоях і бялізну, пер’е белае сваё пачысціўшы, перакрыжавала па-зімоваму ўжо настыглае неба, паляцела ў вечны вырай палеская ластаўка, светлая і чыстая душа Палесся, і перад гэтай душой-ластаўкай, што лунае ўжо ў вечным небе, нельга хлусіць, нельга казаць, што няма і не было вінаватых.
Читать дальше