Вобраз ворага з заакіянскага, крывавага і малпападобнага перарастаў у свайго, беларускага, мінскага, а таму і больш страшнага. Ён знаходзіўся побач і адначасова быў падобны на тыя машыны спецпрызначэння, што прыкархнулі да пары да часу пад халодным сонцам кастрычніцкага полудня каля тратуараў Ленінскага праспекта, падобны да праставатага на выгляд падпалкоўніка міліцыі з яго стомленым тварам, тварам суседа, які дыхаў табе ў патыліцу, уласным тварам, які палаў ужо, апякаў душу агнём, што незразумела адкуль прыхлынуў да іх.
Стары вобраз дому Раманавых, трэцяга аддзялення яшчэ вытворчасці, знаёмы, што адразу ж узнікае ў свядомасці беларуса з трох слоў: сіцыліст, аскубент і жыд. Але сёння спрасаваны ў адно: інтэлігент. Паэт, празаік, мастак, артыст, музыкант — творчы чалавек. А канкрэтна — Адамовіч, Быкаў. I яшчэ той — хахлацка-яўрэйскі, масонска-маскоўскі, ну, з «Огонька», Кароціч, каторы — канечне ж! — арганізаваў гэты мітынг і прыбыў сюды паглядзець, што атрымаецца. Імя яго сярод міліцыі і ў натоўпе гучала, было ўвесь час на слыху. Пісьменнікі. Нейкага народнага фронту прагнуць. Мільянеры і так. Вось адбяруць у рабочых фабрыкі і заводы, у сялян — зямлю, прысвояць і прымусяць усіх рабіць на сябе. Ні менш ні больш. Вось такі грандыёзны вобраз ворага, капіталістычна ашчэранага. Хто ў параўнанні з ім нейкі недарэчны Дзядзечка Сэм? Ваўчанё са шчаслівай увогуле казачкі аб Чырвонай Шапачцы. А тут ваўкі, крывасмокі будучыя, узгадаваныя і ўкормленыя народным хлебам і салам адстрэлу гэтых ваўкоў, аблавы на ваўчанят, іх маладых памагатых трыццатага кастрычніка 1988 года і падрыхтавалася браніраваная раць, наваяўленыя каралі Стахі часоў перабудовы і галоснасці ў Беларусі. Справа ў тым, што на канец кастрычніка ці на пачатак лістапада прыпадае дзень памінання продкаў. Дзяды. З часоў паганства яшчэ традыцыйнае свята на Беларусі. I не толькі Беларусі. Другога лістапада — афіцыйны дзень памінання продкаў у Прыбалтыцы, палякі пазначылі гэты дзень у календары чырвоным, зрабілі яго непрацоўным. Дзяды адзначаліся ў Мінску і за год да гэтага. Гарсавет даў дазвол. Па ініцыятыве мінскіх нефармалаў — «Талакі» і «Тутэйшых» — быў праведзены агульнагарадскі мітынг. За дазволам правесці такі мітынг нефармалы пры падтрымцы Фонду культуры звярнуліся да ўлад і ў гэтым годзе. Напачатку дазвол быў дадзены. Нейкі чыноўнік з гарадскіх улад не праявіў адпаведнай пільнасці, недаглядзеў, якая вялікая небяспека тоіцца за мёртвымі, калі іх узяць і ўсіх разам памянуць. Сярод іх ёсць жа і белагвардзейцы, «заслужаныя» кулакі і ўвогуле цёмныя асобы. На той свет, не ў партыю, прымаюць усіх. Паміраюць таксама без дазволу, а іншых дык нават і прыстрэльваць даводзілася. Дзеля чаго ж, навошта жывым і сёння паважаным адказваць незразумела за каго і за што, за ўсіх гэтых шматлікіх: дачасна, нечакана і пасля цяжкай і працяглай хваробы, мо нават буржуазнага ці, яшчэ горш, нацдэмаўскага паходжання.
I хаця ў нейкіх будынінах людзі, якія заўсёды і ўсё канструююць і ўзважваюць, бо яны, падобна, і нараджаюцца з цыркулем і вагамі, гаварылі аб ступені ўзважанасці і канструктыўнасці, падымалі і ставілі пытанне, было ўжо зразумела, што ніякага мітынгу не будзе.
Гэта стала відавочна і ясна як божы дзень, амаль апоўначы 19 кастрычніка ў Доме кіно на першым, арганізацыйным пасяджэнні рэспубліканскага гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Менавіта там, у Доме кіно, а па-прастамоўнаму, Красным касцёле, пад яго велічнымі і міласэрнымі скляпеннямі прагучалі першыя залпы невідзімак са світы караля Стаха па тых, хто вельмі ўзнёсся ў апошні перабудовачны час, пачаў падымаць галаву і падаваць голас. Надышла пара спыняць і затыкаць рот.
Вось для гэтага, для правядзення залпу, невідзімкі стальной раці скінулі, знялі на нейкае імгненне жалезныя маскі. Хоць і не да канца, але паказалі прысутным свой сапраўдны твар, убачыць які стала сёння найвялікшай марай кожнага відушчага. Паглядзець на свае вочы на гэты твар, воблік, кляты з усіх трыбун, са старонак усіх газет, часопісаў, радыё і тэлебачання: бюракрат, бюракрат, бюракрат. Гэты бюракрат зрабіўся амаль што Богам, вышэй за Бога. Усе пра яго гаварылі, усе ведалі, што ён ёсць, ён вінаваты ва ўсіх грахах, але з жывых да той мінуты ніхто яго не бачыў. А тут убачылі. Нічога жудаснага і жахлівага, ні боскага, ні іншапланетнага: «Мадэ ін мама».
Як папяросы з пачка «Беламорканала», яны сядзелі ў Доме кіно, шчыльным пачкам, папяросы ці патроны ў адной абойме, свежай, нядаўняй вытворчасці, шчыльнымі радамі, па звычцы захапіўшы лепшыя месцы. Мясцовая знаць, сучасныя шляхціцы, наменклатура, людзі ніадкуль, таму што яны так і не пажадалі назваць свае прозвішчы і пасады, зарэгістравацца, як тое зрабілі астатнія тры з паловаю сотні чалавек, якія сабраліся тут. Прыйшлі арганізавана, але патаемна, за паўтары гадзіны да пачатку пасяджэння і, здавалася, былі там заўсёды. Літыя плечы, каменна-цяжкія патыліцы. Ананімна прысутна-адсутная, непранікальная завешанасць твараў прымушала і ўсіх іншых трымацца на значнай адлегласці. Армейская, лагерная дысцыпліна і дакладнасць, як пры выкананні каманды «Плі» ці «Разысціся», пры галасаванні: супраць, супраць, супраць. Расстрэл таварыства, якое яшчэ і не існавала, не было створана і абвешчана. Расстрэл статута, рэзалюцыі, праграмы, членаў. Папераджальныя залпы прызвычаеных да такога вось палявання стралкоў: улёт і на голас, на гук, з пляча і наўскідку. Ашаламляльнае паляванне.
Читать дальше