Толькі двое з гэтай спрасаванай у адно масы наважыліся цалкам паказаць свой твар. Адзін з іх аказаўся вялікім эстэтам, змагаром за галоснасць і перабудову. То быў пракурор. Гучыць пракурор амаль як Пракуратар. Хай ён і застаецца як Пракуратар, з вялікай літары. Я не хачу тут называць яго прозвішча. Яно ў свой час прагучала са старонак газеты «Комсомольская правда» і часопіса «Юность». Прайшоў час, мо чалавек што і зразумеў, хаця і сумняваюся. Але цяпер для мяне дый для ўсіх нас больш важна не прозвішча, а асоба, сама з’ява, тое, што за гэтым стаіць. У гісторыі іх прозвішчаў усё роўна не застанецца. Гэта каліфы смутнага часу, і часу ім адведзена — гадзіна... I тут больш важна, каб гадзіна тая ў нашай гісторыі не паўтарылася. Дзеля гэтага я зноў сёння вярнуўся да кастрычніцкіх падзей 1988 года ў Мінску. У тым нашым беларускім кастрычніку завязана шмат і шмат вузельчыкаў, якія мы сёння яшчэ разблытваем, не адны толькі беларусы, усёй краінай. Доўга яшчэ будзем разблытваць. I ці разблытаем. Таму і такая ўрэзаная, не па віне рэдакцыі часопіса, атрымалася публікацыя ў «Юности», як у лепшыя часы: не надышоў яшчэ час гаварыць усё, — сказана было часопісу недзе на самым Алімпе — у ЦК КПСС. А на абнародаванне ўсіх прозвішчаў дазвол быў дадзены. Быў дадзены дазвол на друкаванне матэрыялу, як выжымак з хронікі падзей, як самой хронікі. Гэта і вымушае мяне сёння яшчэ больш адыходзіць ад той хронікі і стрэлачнікаў, таму што справа зусім не ў іх. Яны толькі выканаўцы. А кіруе імі паляванне, адно з самых старадаўніх рамёстваў на свеце.
Такім чынам — Пракуратар. Пракуратар, таму што будзе яшчэ і Куратар. Хай яны так і ідуць у адной звязцы і з вялікай літары. Дзве асобы, дзве постаці адной з’явы. Тое, што ён вялікі дэмакрат і не менш вялікі эстэт, змагар за галоснасць і перабудову, вынікала з яго выступлення. Ён з першых слоў абвінаваціў залу ў невыкананні прынцыпу дэмакратычнасці: адвыклі чуць і слухаць адваротны бок. Гэта сапраўды было, і не варта гэта адмаўляць, адмаўляць тым больш памятаючы, як самі пракуратары, авангард наш, пільна прыслухоўваліся да гэтай пары да слоў, плачу і енку таго ж адваротнага боку. А да ўсяго ж слухаць дэмагогію на самай справе было брыдка. З яго слоў вынікала: не сунь, маўляў, носа не ў сваё проса, ахвярамі сталінізму займаецца той, каму трэба займацца. Зноў жа яны, авангард. У рэспубліцы створана спецыяльная камісія на чале з Цэнтральным Камітэтам партыі. I не трэба нам аніякай грамадскасці і мартыралога. Трэба вучыцца слухаць адваротны бок. Пракуратарскае слухаць было тоесна: будзьце ласкавы слухацца.
Другое, тое, што Пракуратар яшчэ і эстэт, высветлілася з кароткай рэплікі ў адказ яму рэжысёра тэлебачання. Вялікі дэмакрат і змагар за галоснасць, перабудову і плюралізм, як прагучала, арыштаваў, забараніў паказваць з экранаў тэлебачання яе фільм аб ахвярах сталінізму, людзях, расстраляных у 1937–1939 гадах на ўскраіне Мінска, у Курапатах, злачынстве сталінскай адміністрацыі, якое было выкрыта іменна грамадскасцю, абнародавана кандыдатам гістарычных навук Зянонам Пазняком. Грамадскасць і настояла, прымусіла пракуратуру ўзбудзіць крымінальную справу, правесці следства. А ў той дзень у Красным касцёле з вуснаў Пракуратара, з яго заключэння на тэлефільм: чарапы на экране тэлевізара — гэта зусім-зусім не эстэтычна, трэба ашчаджаць пачуцці народа.
Вось так, калі бацька ўсіх народаў вывеў на паляванне за чалавекам сваю стальную раць, таксама, пэўна, ашчаджалі пачуцці свае і народа, стралялі больш у патыліцу, каб не зазірнуць адно аднаму ў вочы. I той ашчаднасцю давялі народ да такога вандалізму, пра які сёння невыносна і гаварыць: вечарам быў стрэл у патыліцу, а ноччу мясцовыя падлеткі павыцягвалі забітых з ям, пасадзілі іх пад хвоі, сунулі ў зубы па цыгарцы, далі ў рукі гэтага што-небудзь больш жудаснае і жахлівае. I, ох, ці не прэлюдыя да газеты. Гэта —з таго ж артыкула Зянона Пазняка. Ці ёсць на свеце пасля нашых сённяшніх дзён?
Наступны, хто паказаў свой твар, зняў маску, быў чалавек, шмат каму ў зале знаёмы, амаль што свой, некалі перакідваўся ў шахматы з самім Аркадзем Куляшовым — паэтам, лаўрэатам, дэпутатам, сябрам Аляксандра Твардоўскага. Куратар, адзін з куратараў, несуноў культуры ў масы. Куратарскае крэсла яго на той момант было не вельмі трывалым: ва ўстанове, да якой ён належаў, ішло скарачэнне штатаў. I, па ўсім, ён прыйшоў у гэтую залу з яўным заданнем клана культурыстаў і куратараў рэспублікі паказаць, што яны неабходныя, не дапусціць стварэння ніякага самадзейнага таварыства. Гэта было відавочна на той ахвярнай самаадданасці, закланнасці, з якой кідаўся ён грудзьмі на трыбуну-дот, амбразуры мікрафонаў. Кідаўся дэманстратыўна недарэчна і не да месца; у час нават працэдуры галасавання: не прымусіць слухацца, не спыніць ход гісторыі, перабудовы і галоснасці, дык хоць на імгненне затрымаць, паказаць уменне і падрыхтаванасць трымаць і не пушчаць.
Читать дальше