Ганна Паўлаўна адчула нядобрае, калі толькі-толькі пачалі набліжацца дзевяціны. Але па-старэчы, пэўна, ужо не вельмі цямячы, не здолела звязаць гэтае нядобрае, разладнае ў душы з могілкамі, з магілкаю свайго Косціка, Канстанціна Васільевіча. А ён жа на пяты ўжо дзень з’явіўся да яе. Не па-вясковаму далікатны, чужы ёй і хаце. Па-гарадскому пастукаўся ў дзверы. Ганна Паўлаўна да такога не прывыкла і не адгукнулася, тады ён птушкай заскробся ў акно, і зноў — тук-тук у дзверы.
— Заходзь, каго там чорт прынёс,— прабурчэла Ганна Паўлаўна з-пад сваіх дзяружак.— Не замкнёна.
I сапраўды, дзверы ў хату былі незамкнёныя, ад вайны, ад партызан яшчэ і немцаў завядзёнка такая ішла. Што замыкацца, калі і адны, і другія пры зброі? Ад кулі і пад зямлёю схованкі не знойдзеш, а браць у хаце ўсё роўна няма чаго. Не замыкалася, ведала, што няма на зямлі такога ліха, якое здольна яе ці яе хату пакрыўдзіць.
I той ноччу чакала яна ўбачыць чужога чалавека, а ўбачыла свайго Косціка. Уваліўся ён у хату, сеў на ўслонік, каля цёплай печы, і колькі быў, усё жаліўся: холадна яму, сыра, дождж і снег сыплюць, завейна. Яна прагнала яго: не хадзі, як сірата беспрытульны, не па-людску такое. Ёсць у цябе хатка — пільнуйся яе, не нагаворвай на яе лішняга, яна сугрэўная. А холадна і завейна тут, на зямлі.
На зямлі і сапраўды было няўтульна і холадна, і адначасова смяротна горача. Кожын дзень па тэлевізары некага забівалі і хавалі. Ішоў брат на брата, рэзаў, паліў, не ведаў літасці ні да старога, ні да малога. Каўказцы крывымі нажамі рэзалі дзяцей, малдаванцы трушчылі адно аднаму чарапы. На Беларусі, слава Богу, было яшчэ ціха. Адно толькі галасілі, жыдка ці немца нейкага ўзгадвалі: фярэндум, фярэндум, як хлеба ў галадоўку прасілі. Хлеб той у магазіне зрабіўся дарагім, і не падступіцца да яго, сала з мясам раней таго не каштавалі. За само ж сала, кілаграмчык нейкі, як некалі за цэлага кабана. Не хадзілі б у той магазін ногі, не бачылі яго вочы. Выпірае вочы ад аднаго толькі пагляду на гэты белы свет. I не да нябожчыка і яго голасу, скаргаў было Ганне Паўлаўне. Цяпер ніхто не ведае, што будзе з жывым. Сам чорт не ведае, што будзе, што будзе... Пціч, Грабень, Узляны, Дудзічы трасе як у ліхаманцы. З усіх бакоў наляцелі, абклалі іх іншапланецяне. А мо і не іншапланецяне, а тыя самыя, што ад рукі брата, бацькі і маці аддалі Богу душу — каўказцы і малдаванцы, што паспыталі пяшчоты міліцэйскіх кулакоў і іх гумавых дубінак. Паспыталі, задрыжэлі і ўзняліся, узляцелі іх душы. Лётаюць цяпер, не ведаюць прытулку на гэтым свеце, ні прыстанку на тым. Страх і жах людскі перад тым, што яшчэ будзе, вызваліўся ўжо і ляціць, ляціць цяпер па свеце, уцякае з вялікіх гарадоў у маленькія вёсачкі, палохае, бянтэжыць і зводзіць мужчын і жанчын. Перад вайной такое ўжо было. Нечысць і пошасць ішлі пад зямлю, кожын дзень выпадалі знакі.
Збянтэжаная душа ў спалоху празорлівая. Чалавек яшчэ і не здагадваецца, што чакае яго наперадзе, а яна ўжо ўсё ведае і бачыць, стогне ў жальбе і тузе, ужыве аплаквае сваю долю, спраўляе сама па сабе хаўтуры. Звер жыве ў душы чалавека. Жыве, спіць у дрымоце да пары да часу і баіцца прачнуцца, таму што з яго абуджэннем сам чалавек, аб тым не здагадваючыся, звярэе. I вось гэты звер у чалавеку зараз падняў галаву. I адскочылі звер і чалавек адно ад аднаго. I не дай ім Бог паяднацца зноў. Таму што тады не суджана ім ведаць і адрозніваць, дзе звярынае, а дзе людское. Чалавечынай будуць карміцца абодва. Вох, не прывядзі Гасподзь, і без таго ўжо на белым свеце невымяральна пралілося той крыві і ўжыта той чалавечынкі. Звер у абліччы чалавека пойдзе па зямлі. Ужо ідзе, абуджаны чалавечай злосцю і кроўю. «Не, не звер», — не пагадзілася з Ганнай Паўлаўнай старая, што набегла адведаць удовую суседку, вельмі гаваркая, таму што яе распірала ад двайнога гонару. Па-першае, яна стала нарэшце на роўную нагу с Ганнай Паўлаўнай, таму што сама аўдавела ўжо даўно. Усе жанчыны на Пцічы былі цяпер удовымі. Канстанцін Васільевіч апошні з мужчын у вёсцы. І цяпер Ганне Паўлаўне няма чаго і няма перад кім дзерці носа. Другі ж гонар старой: яна мела навіну — іншапланецяне прыляцелі. Ганна Паўлаўна раскусіла яе і таму, пэўна, упарта адмаўлялася паверыць у іншапланецян. Выказвала сваю думку-версію наконт іх, настойвала на сваім, бо заўсёды была натурыстай і строгай:
— Ты мне кажаш, што не звер, а я ведаю, што звер.
— Ты ведаеш, а я бачыла на свае вочы.
— Не вер сваім вачам.
— А я вось веру. Быў шар. Чырвоны такі шар. Я яшчэ галавою да яго падсунулася. Бачыш, валасы падсмаліла.
Читать дальше