Папраўдзе, як мы з вамі, асабліва ў самыя апошнія гады, калі ў хаце нашай вялікай, прасторнай і светлай нічога, акрамя той паклі, ужо і не заставалася. А мы шчыравалі, не ведаючы адпачынку, не складаючы рук, нібы адчувалі, што б’е той апошні час, калі красці ўжо не будзе ў каго. Прыйдзе ж, спасцігне нас і такое за ўсе грахі нашы, і прадчувалі гэта. Чалавек празорлівы, ведае грахі свае, ведае душа яго, што было, што будзе, і тое, што за ўсё прыйдзецца трымаць адказ. I сарокі гэтыя хутчэй за ўсё ў перасцярогу чалавеку пасланы небам, а мо гэта і не сарокі зусім, а нашы зладзеяватыя ўжо душы. I наканавана, прадпісана ім вось так самазабыўна, але не ведаючы радасці век свой птушыны векаваць.
Гаспадарлівыя буслы, зладзеяватыя сарокі. А іншых птушак над вёскаю і не відна, і не чутна. Мо самі пцічане служаць тут замест іх. Былі некалі людзьмі, а цяпер перавярнуліся ў птушак. Падобна, у варон, вельмі старых варон. Самі старыя, старыя іх гнёзды. Дзесятка паўтара хатак, што счарнелымі штандарамі ўраслі ў белы пясок, у адляцелае, як слізготная цень, мінулае, стоенае і прыхаванае ад нашага адукаванага вока і розуму. Толькі чуткі і меркаванні.
Па суседстве з вёскай Пціч вёскі Узляны і Грабень, Дудзічы. Дык вось, па словах ужо мясцовай інтэлігенцыі, а па сумяшчальніцтве і адміністрацыі, менавіта сюды ў старадаўнасці пасля бітвы на Нямізе павярнуў сваю дружыну князь Ігар, на Дудзічы — Дудуток у «Слове аб палку Ігаравым». Усё можа быць. Вяскоўцам ад таго ні холадна ні горача. Старэчым напаўсляпым вокам пазірае праз ваду, цераз рэчку на цёмныя кладачкі па-над ёй — масток паміж мінулым і будучым, цывілізацыяй і занядбаннем, па гэтых кладачках яны кожны дзень ходзяць на другі бераг у магазін, глядзяць на ацалелыя пянькі — палі ад былога сапраўднага моста вёсачкі Пціч на вёску Дудзічы-Дудуток. Упіраецца зацягнутым пахмуркам птушыным вочкам у яшчэ больш высокі бераг, чымсьці той, на якім яна месціцца, у дудутоцкі, па ўсім рукатворны курган.
Гэты курган, пэўна, і засціць ёй вочы, слепіць яе. Вецер, што бярэ сілу на процілеглым беразе, смеціць вока, выбівае слязу. Гады са два-тры назад курган раскапалі. I нейкі новы магнат урэзаў у яго асабняк. А пцічане яшчэ не забылі, як стаялі там, на вяршыні кургана, белакаменны палац і блакітна-макавая цэркаўка. I па сцежачках з белай рачной галькі, аголенага некалі магутнымі водамі ракі адборнага, нібы залатаноснага пцічанскага пяску шпацыравалі, адстаяўшы службу ў царкве, сам пан з пані пад ручку, са стромага берага беглі, ляцелі матылькамі панічы і паненкі — да Бармалея-млына, пасярод Пцічы, да лодак, што чакалі іх на канале. А пцічанцы чакалі іх у тых лодках і развозілі ў прыбярэжныя навісі белай чаромхі, спляценне вясенняга хмелю, бузіны, баяркі, рабіны. Паненкі і панічы хмялелі, бузілі-баярыліся. А пцічанам была адведзена роля служак пры іх. Яны былі чэляддзю. Усе пцічане — чэлядзь. Адселеныя панам на правы бераг, яны павінны былі ўслугоўваць яму. Такая завядзёнка была спакон веку. Якім быў сам той пан, з самадураў-прыгоннікаў ці дэмакратаў-лібералаў — сёння ўжо ў мінуўшчыне. I сам пан, і яго палац, цэркаўка, млын, мост праз рэчку, катанне на лодках па канале. Правалілася ў апраметную, у тартарары. Але тое-сёе і ацалела. Па ўсёй акрузе, шляху-пуцявіне палкоў Ігаравых, не знайсці ніводнага пралетарскага, лапуховага дрэва-таполі. Толькі клёны, рабіны, ды бярозы з чаромхай, ды ліпы — дрэвы, што бліжэй да вечнасці, Бога, чалавека і пчалы. I норавам пцічане адметныя на асобіцу ад усіх, хто па суседстве, хто ў «Шляху» і «Барацьбе», «Перамозе». Не тое каб зусім ужо скнарныя і скупыя, але, скажам, беражлівыя, не зусім ужо скрытныя і маўклівыя, а патайныя і негаваркія. Цяжкія вокам, але чыстыя на руку. Апошняе асабліва значна, маючы на ўвазе тое, пра што пойдзе гаворка далей. Веку ўсе сталага, а між іншым — не. Сярэдняга, сярэднекрамлёўскага, знамянальна-эпахальнага. Гэткія крамлёўскія даўгавечнікі наадварот. I сама іх вёска ў пятнаццаць хатак, у адселенасці і выгараджанасці ад усяго свету, як Крэмль, толькі зноў жа з адваротным знакам. Пад гэтым адваротным знакам сацыялістычнай планіды і ўсеагульнай роўнасці жылі-былі на Пцічы Ганна Паўлаўна і Канстанцін Васільевіч. Жыццяпіс іх — не з таго, што друкавалася і друкуецца на адкрыцці першай старонкі ўсіх газет, якія штодзень выходзяць на адной шостай сусвету. Так, нарадзіліся ў семнаццатым пад саўковаю зоркай, а таму і самі шуфлікі-саўкі. Мярзотнае слова, хай будзе пракляты той, хто яго прыдумаў. А людзі добрыя, не вінаватыя, што выпала ім доля нарадзіцца вось пад такой зоркай. Звычайныя, гаротныя і гарапашныя пакутнікі на гэтай зямной юдолі: так, так, не, не, не — вось і ўсё, што яны могуць мовіць пра сябе, развітваючыся з вамі і жыццём. I ўсё ж, пэўна, насуперак апошняму перадсмяротнаму «не» яны завяршаюць словам «так». Як клічнік, як кол загоняць гэта «так» у зямлю і неба. Так, былі, так, сярод людзей жылі і людзьмі зваліся. Так! Але за што вы людзі з намі вось так, за якую правіннасць, за які грэх? Ці ёсць на смертнай зямлі такі грэх, каб са звычайнымі людзьмі вось так абыходзіцца...
Читать дальше