За доўгае паўвекавое сумеснае жыццё гэтай пары паміж іх «так» і «не» нічога немагчыма паставіць з таго, што здольна нас сёння ўзрушыць, абурыць ці вельмі ўжо ўзрадаваць. Ганна Паўлаўна ўдалася жанчынай дужай і здаровай, здольнай прымаць мужа і нараджаць і гадаваць дзяцей, песціць і абрабляць зямлю і прымушаць яе радзіць. Таму была ўсё жыццё пры мужу, дзецях, калгасе і зямлі. Мо крыху перабірала з мацюканнем, як усякая наша жанчына — маці, моцная і дужая, запрэжаная з дзяцінства ў работу, нястачу, якую штодзень гоняць і панукаюць уласная жаночая бездапаможнасць, абыякавасць неба і зорак, патуранне ўладаносцаў. Гэта якраз і прызвычаіла яе да лаянкі і мата, а нарадзілася яна чыстай, з адчуваннем святла, болю і крыку на вуснах. Гэты крык і боль яна пранесла па свеце, ні на кога не наракаючы, ніколі нічога, акрамя сваёй уласнай долі, не кленучы. Грэх, як бачыце, на ёй невялікі. А каму падаецца вялікім, што ж, можаце кінуць у яе каменем. Яна прыме той камень, як прымала гэта жыццё, і мноства іншых каменняў, што паслала ёй жыццё. Бог і людзі. Толькі той, хто пабівае яе, хай паспее затуліцца сам. Канстанцін Васільевіч. На яго долю гэтых каменняў прыпала, пэўна, куды больш. Кансерватары і дэмакраты, застойшчыкі і перабудоўшчыкі, сталіністы і анты былых часоў і эпох, эпох і часоў будучых, можаце ганарыцца. Хутчэй даставайце свае каменні з-за пазухі, таму што гэта ён, Косцік, Канстанцін Васільевіч, стаіць папярок гэтага вашага светлага шляху да свята жыцця — усенароднага шчасця. Кідайце, шпурляйце смела вашы камяні, баіцеся прамахнуцца — падыдзіце бліжэй. Ён не ўцячэ і не здолее адхіліцца. Вельмі ўжо спора бег ён, вядомы вамі па шляху да ўсеагульнага шчасця. Семдзесят з хвосцікам гадоў бег. Цягнуў за сабою Ганну Паўлаўну і дзяцей, выцягваў з іх жылы, сам недасыпаў, недаядаў, недапіваў і ім не даваў. Бег, бег, ды вось бяда, прыстаў, збіўся з ног, здарожыўся. Адмовілі старому каню ногі. Ён зараз на мыліцах. Так што біце яго цяпер смела, старога калгаснага мерына, варашылаўскага стралка, ударніка палёў усіх калгасных пяцігодак і адной сямігодкі, удзельніка таварыства выратавання на водах, удзельніка дзвюх войнаў і адной перабудовачнай рэвалюцыі. Вось за ўсё гэта і пляжце, біце старога казла, за тое, што нарадзіўся і жыў у такі эпахальны для ўсёй планеты, усяго чалавецтва час, за тое, што іменна ён і тварыў гэту эпоху і час, гісторыю. А яшчэ і жанчын і дзевак не абыходзіў бокам, крыху перайначыў паэта: любіў коней і жанчын. Тры вайны — ганебную і славутую, і доўгую, бясконцую, у якой мы нас, аказваецца, перамаглі — прайшоў на кані, цалуючы яго ў храпу, каб нідзе не схібіў, не падвёў, ні пад Масквой, ні пад Сталінградам, ні на калгасных палетках. На буланчыку заехаў у Берлін. На буланчыку вярнуўся ў «Барацьбу за камунізм». З вайны ў вайну. Добры дзесятак коней ад яго пайшло на салатопку і жывадзёрню. I за кожнага ён узяў па чарцы і пусціў па слязе.
Так, любіў чарку. Ніводную міма рота не праносіў, за каўнер не выліваў. А прыняўшы добрую чарку, браце мой, як ён кляў любімую ўладу, усіх правадыроў, усіх, хто з Богам адышоў і ўладарыць яшчэ сёння, праклінаў нема, як воўк у піліпаўку вые. Каб пачулі яго, адзін, пэўна, збег бы з Маўзалея, вылечыўся б ад картавасці, навучыўся б чалавечай мове, другі забыўся б гэтай чужой яму мовы назаўсёды, па сваёй ахвоце да пары да часу прыйшоў бы і лёг у той Маўзалей.
Не, зусім недарэмна яго пазбавілі гэтага чортавага зялёнага зелля, пачулі. Дайшло да іх вушэй, перапужаліся. I ў апошнія свае дні Канстанцін Васільевіч выдаваў па мацеры ўжо на сухую, без подмазкі, але не тоячыся, услых. Вам выдаваў, каторыя сталі звацца сёння прэзідэнтамі, парламентамі, дэмакратамі-лапачкамі: ад Гарбачова— Ельцына да Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча. Прыпрагаючы ў гэту кампанію і Вячаслава Кебіча. Усіх у адзін хамут, у адны аглоблі — і па храпе, па храпе. За тое, што пазбавілі самога апошняга ў жыцці, намёку нават на свята, святых франтавых ста грамаў, на якія не жмоціўся і сам вусаты. Укралі апошняе, чым ён мог хмельна ганарыцца — Дзень Перамогі. Укралі ў яго і яго коней. Такім чынам, якая б ні правіла ўлада — былая, што сканала ў Бозе, і тая, што, як птушка Фенікс, паўстала з праху і попелу, і нават будучая, невядомая яшчэ сёння — мае ўсе падставы: па храпе яго, па храпе. I твар яго сапраўды як конская, калгаснага мерына храпа, не прамахнешся. Такім ужо ўдаўся, у бацьку ці маці пайшоў. А мо той жа пан ці хто з яго роду паспрыяў, з другога берага падкраўся да бабулі ці маці. Пародзісты твар, з такім ілбом і думаць шырока і зямлю араць прывольна, не з кулачок, зморшчаны, як у іншых, а прасцяг і воля. За плугам, за касою ці пры сякеры — добра пот збіраць, і думку запасіць добра. I твар гэты ягоны скрозь гады вайны, ударніцтва, узліванне да самага апошняга часу застаецца захаваным. Не сапсаванымі аказаліся да самага адыходу і вочы, ясныя і празрыстыя, як часоў князя Ігара яшчэ, пэўна, крынічка, што б’е непадалёк ад яго хаты пры высокім беразе Пцічы і струменіць у Пціч; не дае згінуць старажытнай рэчцы, памятае і захоўвае і след коней дружыны Ігаравай. Плоць, цела Канстанціна Васільевіча ўсохла, спрацавалася ў калгаснай збруі. Ногі адняліся і ўкараціліся, абвіслі, не трымаюць цела, адмаўляюцца яму служыць. А рукі дужыя, кулакі — кожны з пуд і як бы, здаецца, відушчыя на сконе веку, так праглядваюць з іх сінеўздутыя жылы. Але здатныя гэтыя рукі трымаць толькі мыліцы ды шырынку расшпіліць, каб хлопца дастаць, колішняга хлопца. Грэшны, і ляцяць, ляцяць у яго камяні.
Читать дальше