— У печ ты сунула галаву, вось і падсмалілася. Ты ўсё жыццё сунеш галаву ў печ і ходзіш, як сава падсмаленая.
— Сава падсмаленая, — пакрыўдзілася старая. — У мяне газ, не так, як у некаторых.
— I ў некаторых газ, — абсекла яе Ганна Паўлаўна. Усё ж яна была не раўня гэтай старой. Чалавек у той памёр даўно, а ў яе зусім свежанька: — Няма на зямлі ніякіх шароў, не бывае.
— Ёсць, — узрадавалася старая. — Зямля наша круглая з усіх бакоў, як шар.
— Ты сама круглая, з усіх бакоў, як шар.
— Няхай круглая, затое спраўная, не тое як некаторыя, — і, апярэдзіўшы намер Ганны Паўлаўны ўставіць і сюды свае два грошыкі: — Быў напачатку шар, а потым, калі я падсмалілася, у талерку ён ператварыўся, у талерку...
— Талерку ты тую ў магазіне бачыла, — усё ж спыніла яе Ганна Паўлаўна. — Убачыла, колькі яна цяпер каштуе, вось у галаве ўсё ў цябе і памарочылася. Сёння трэба моцная галава, чыгун, а не твае клёпачкі, каб цэны новыя пераварыць.
— Яно так, яно так, цэны сёння не па нашым з табой кашальку і набытку. А талерка ўсё ж была, і зямля наша круглая. Талерку тую і шары чырвоныя не адна я толькі бачыла. Вось і...
— Добра, добра, зямля наша шар, — Ганна Паўлаўна ведала, пра што далей хацела весці гаворку старая. Зранку ў яе хаце перабылі ўжо ўсе пцічанцы, што бачылі на свае вочы талерку, іншапланецян і чырвоны шар. За гэтымі адведкамі і казаннямі яна і забылася пра сваё ці то сненне, ці то яву, забылася, што і гэтай, як і мінулай ноччу, прасіўся пагрэцца ў хату Канстанцін Васільевіч, ледзь не на каленцах умольваў пусціць, а яна прагнала. Але недзе надвячоркам, пад змярканне, калі прыехалі ўжо на дзевяціны дзеці з унукамі, прыгрэлася каля іх, раздумалася, паведала ім пра свой сон і кінулася апранацца. Дачка паспрабавала пярэчыць:
— Куды ты нанач гледзячы? Заўтра ўсе разам адведаем.
— Холадна яму там. Холадна. Я адчуваю. I ў мяне мароз па скуры... Холадна яму. Холадна. — Нібы трызнячы, засяродзілася на гэтым «холадна» Ганна Паўлаўна. Хуценька апранулася, выграблася за парог хаты, нібы ваўчыца з логава. Азіраючыся зверкам, пачыкільгала па адпушчанай ужо, раскіслай вясенняй дарозе да могілак. Дачка з мужам пайшлі следам за ёй. Ішлі не даганяючы і не імкнучыся дагнаць, цягнуліся за ёй, як чужыя за чужой. I на самой справе на тую мінуту гэтая старая была ім чужой. I ішла яна да могілак, як ходзіць звер, і вялі яе, бадай, не дарога і вочы, а нюх.
Яшчэ тыдзень назад прыбраная і дагледжаная магілка была раскапана. Скасабочаная і пакарабачаная труна стаяла на кучы пяску. Вечка адчынена і разламана па краях. Канстанцін Васільевіч ляжаў у труне не разварушаны, усё такі ж задумлівы, якім аддалі яго зямлі. Толькі снег і трохі наледзі было на яго твары. Па тым снезе вяскоўцы ўжо крыху пазней меркавалі, што выцягнулі яго з магілы тры дні назад. Тры дні назад ішоў снег, была невялікая мяцеліца. А хто яго раскапаў, а галоўнае — дзеля чаго, тут ужо ніхто не мог і галавы прыкласці. З-за медалёў і ардэнка, што сёння ў цане, надсаджвацца было не варта. Усе бачылі, усе ведалі, што тыя медалі і ардэнок Канстанцін Васільевіч перад смерцю загадаў пакінуць унукам. А ніякага больш багацця пры ім не мелася, нават зуба залатога ніводнага сабе не паставіў, толькі жалезныя, са сталі.
Прыдуркаватая суседка, што расказвала Ганне Паўлаўне пра шар і лятаючыя талеркі, выказала думку, што ўсё тут учынілі іншапланецяне: хацелі, маўляў, выцягнуць яго, забальзаміраваць і адтарабаніць на сваю планету, пакласці ў Маўзалей, як у нас Уладзіміра Ільіча Леніна, і паказваць той планеце. Ёй, зразумела, не паверылі. Мо і дарэмна, а мо і не. Хто ведае.
Старшыня калгаса, што праязджаў міма могілак на сваім «козліку» і завярнуў на жаночае галашэнне, сказаў як бы сам сабе:
— Чалавек нармальны і разумны на такое не пойдзе.
На што яму пераканаўча адказалі:
— I дурань не пойдзе. Пабаіцца могілак і мерцвяка, кары Божай.
Азвалася зноў убогая старая з Пцічы:
— Вох, будзе, вох, што будзе, калі горад пойдзе на вёску. А яшчэ ж горш будзе, калі вёска рушыць на горад, пусціць чырвонага пеўня па дачах, што ўсюды сёння на кожным кроку.
Мовіла са злоснай прарочай сілай юродзівай, якая тое-сёе ведае і прадбачыць з таго, што чакае нас наперадзе. Усе пачулі яе, але ніхто не запярэчыў, не паставіў яе на месца. Хутчэй за ўсё з-за беспрасвету і бездапаможнасці перад гэтай магілай, прахам Канстанціна Васільевіча і жывымі яшчэ мошчамі Ганны Паўлаўны. Ні чалавек, ні Бог нічым ужо не здольны былі дапамагчы ім. Улады зямныя, праўда, хацелі дапамагчы, завесці справу і пачаць шукаць злачынцаў. Але для гэтага, сказалі яны, неабходна анатаміраванне, гэта значыць, разрэзаць Канстанціна Васільевіча, нібы злачынца сядзеў недзе ўсярэдзіне яго. Ганна Паўлаўна паказала ім з-за труны Канстанціна Васільевіча кукіш.
Читать дальше