Сярэднія. І гэта ўжо следства страты нашай душы, страты свайго, спадчыннага. Нашага мо ўжо нават канчатковага краху. Краху непрыкметнага, а парой дык нават і вясёлага, але часцей — здзеклівага развітання з культурай. І не толькі нашай — сусветнай, бо, страціўшы сваё, на чужым не забагацееш, ні волі, ні розуму не прыдбаеш.
Мы згубілі само жаданне жыць. Жыць сваім розумам, наперад, як некалі жылі нашы продкі і часткова мы самі. Згадваю сябе малога. Мне дзесяць-дванаццаць гадоў. Чытаю нейкі вельмі сацрэалістычны твор, у якім гаворыцца: чалавек наведае Марс на самым пачатку другога тысячагоддзя, бо адлегласць у гэты час паміж Зямлёй і Марсам будзе найменшай. Прыкідваю: двухтысячны год? Дажыву! Варта, край як неабходна дажыць. І пачаў жыць. Бо па-нада мной быў космас. Космас быў над Беларуссю. Вось такой неабходнасці жыцця, касмічнага жыцця наперад ні ў каго з тых, хто побач, няма. І гэта мо самае страшнае — адсутнасць над намі неба, нябёс, як сёння гавораць, святла ў канцы тунэлю, святла на дарозе нам і нашаму коніку, калі мы будзем выбірацца з кірмашу. Ды і пра сам гэты кірмаш мы не надта багата ведаем. Таму што жывём больш інстынктыўна, інтуітыўна.
Апошняе, забойства свядомага жыцця, мне здаецца знакавым для нашага часу, знакавым для нашага мастацтва, культуры і стану сённяшняга нашага інтэлекту. Нас спасцігла намі ж, мастацтвам створаная фантасмагарычнасць, скруціла галаву, рукі пазбаўленая дзяржаўнасці і той жа неінтуітыўнай думкі пра жыццё крыху наперад. Таму мы так нараскіраку спыніліся перад будучыняй, што прабліснула было ўжо. Спыніліся, бо так нараскіраку перад сумнай рэальнасцю і бліскучасцю камунізму і жылі. На раскіраку паміж дзвюма магіламі, парослай травой забыцця — бацькоў і свежай, яшчэ не ўтрамбаванай з непавялымі жывымі кветкамі—дзяцей, прымерваючыся паміж гэтымі магіламі ўладкавацца і самім, баючыся толькі наскочыць на чэрап беднага Ёрыка. А на нашай беларускай зямлі гэтых Ёрыкаў незлічона. Сёння і гэтай боязі ўжо амаль няма. Бо такімі чарапамі продкаў скрозь засеяна наша зямля. Чарапамі бедных Ёрыкаў усіх часоў нашай крывавай гісторыі. У тым ліку і часоў росквіту готыкі, калі ўпершыню свет дазнаўся пра беднага Ёрыка, не ведаючы і нават не згадваючы пра яго паходжанне. Не ведаючы, што ён жывы ці мёртвы прагне далучыцца да людзей свету. Але свет трушчыць і трушчыць іх чарапы. І чарапамі тымі вымашчана ўся іх дарога. А яны ўсё ідуць і ідуць, мёртвыя і жывыя, скалечаныя — бязногія, сляпыя і нямыя. Ідуць, пачуўшы і спазнаўшы прывабнасць страху, хваля за хваляй, стагоддзе за стагоддзем. Ідуць, ужо забыўшыся на дарогу, куды яна вядзе і чаму ім трэба ісці. Хто, што і куды іх гоніць, бедных беларускіх Ёрыкаў, на які — той ці гэты свет.
І вось зараз гэтыя бедныя Ёрыкі, невядома, жывыя ці мёртвыя, на хвілінку спыніліся, каб перавесці дыханне і дасведчыцца: а ці ж сапраўды яны жывыя, ці ўжо няма чаго і тузацца, варушыцца, здабыць нейкую пэўнасць і прыбіцца да чаго-небудзь аднаго. Яны як заўсёды спазніліся. Спазніліся на свае ж хрэсьбіны і хаўтуры.Не выкарысталі адзіны шанец, дараваны ім гісторыяй, даказаўшы яшчэ раз, што яны хоць і народ з багатай гісторыяй, але на сённяшні час — пазагістарычны. Паверылі невукам, качкам, кідалам. Самі ж зладзілі сабе ярмо і па сваёй ахвоце ўсклалі яго на шыю. Падпарадкаваліся, прынялі і прызналі дыктат над сабой, дыктат быцця толькі зверху. За што і расплачваюцца.
Як усё, што ўзрастае з местачковай, калгасна-саўгаснай субкультуры, завяршэнне нашай готыкі монстрава вычварнае. Інакш, пэўна, і не можа быць: «Сон разума порождает чудовище». Гэты пракаветны наш сон разума нараджае толькі монстрыка — прывабнасць страху. Нараджэнне ж самога монстра наперадзе. Калі готыка пазбаўляецца якой бы то ні было культуры, пазбаўляецца сваёй прываблівай абалонкі, авечай скуры і выходзіць са сферы стылю і архітэктуры, прэтэнзій на нешта духоўнае і цалкам пераходзіць ў зусім іншую сферу. Сферу псіхапаталогіі і судзебнай медыцыны. У так званы ў псіхіятрыі Стакгольмскі сіндром. Гэта калі ахвяра і кат зрастаюцца паміж сабой. Калі кат пастаянна з-за пастаяннага кантакта і псіхалагічнага ўздзеяння на ахвяру замбіруе яе, пачынае выклікаць у апошняй своеасаблівую сімпатыю і разуменне, любасць і замілаванне. Упадае ў так званы шокавы стан, стан зомбі, які можа доўжыцца гадамі, а часам і пажыццёва. Вось такія метамарфозы нашай айчыннай готыкі, за якую мы пачалі ўжо расплачвацца.
Расплачваемся ўсе мы за тое, што не пазналі сябе на дарозе ў будучыню. Сустрэліся на сваёй пракаветнай Галгофе нашы бацькі, няскораныя нябожчыкі, і мы, жывыя, стомленыя толькі сваімі ж вялікімі перамогамі. Сустрэліся і моўчкі разышліся, размінуліся. Бо адны не ведалі слова на гэты свет, другім наогул заклала горла , бо яны даўно ўжо забыліся на родную мову. Але мёртвыя, не ведаючы слова на гэты свет, усё ж адмовілі дыктату чужой волі над сабой, аддалі перавагу зямлі і моўчкі леглі зноў у зямлю, свае магілы, а жывыя, не благаслаўлёныя шчасцем і радасцю вольнай смерці, моўчкі сталі ў чаргу па ярмо, пачуўшы са скамянелай сваёй юдолі і Галгофы нахабны і пагрозлівы крык: «Няма і не будзе вам дарогі ў цывілізаваны свет, Ёрыкі. Пустыя вашы вачніцы. Чарапы вачэй не маюць».
Читать дальше