І ці не такая прыкрая рэальнасць, што не ведае і не прызнае літасці, і была жыццём, калі тое жыццё мела яшчэ твар неагульнага выразу. Калі чалавек верыў яшчэ свайму твару і імкнуўся яго захаваць. І як некалі, праз тыя ж млыны сярэднявечча і апантаных змагароў з імі, праз сянажныя вежы ўжо нашага часу, жывёлагадоўчыя фермы, што часцей былі лепш дагледжанымі, чымсьці жыллё чалавека, пралягала, як ні супраціўляйся і не аспрэчвай гэта, культура. Сацыялістычная савецкая культура, ад якой неаддзелены былі і мы. З’яўляліся, нягледзячы на ўсё, непадзельнай часткай культуры сусветнай. Свет не вельмі вітаў сацыялізм, хаця, сцяўшы зубы, усё ж прызнаў, але ён ніколі не адмаўляў таленту і энергіі яго духу.
Разумею, што ўхваляць, захлынацца ад замілаванасці свайго мінулага, дарэчы, як і ганіць, выракацца яго — грэх, з’ява хаця і процілеглая манкурству, але ж гэтай процілегласцю цалкам і супадаемая з ім. Гэткі своеасаблівы падман закамплексаванай хваравітай памяці, тупіковасць яе самастойнага існавання. У пацвярджэнне гэтага мне згадваецца цікавы і знамянальны выпадак, што адбыўся на «Дарозе № 1». На чале з сакратаром ЦК кампартыі Беларусі па ідэалогіі мы наведалі паказальную жывёлагадоўчую ферму на Брэстчыне. І на той ферме сакратару ЦК, ідучы між стойламі жывёлы, трэба было ж спаткнуцца. Ды так, што мімаволі зазірнуў быку-вытворцы пад хвост. І ўсё кіраўніцтва на тым месцы крышачку спатыкнулася. І ўжо не мімаволі, а вельмі пільна прыглядзелася да незашытай у быка дзіркі пад хвастом. Ледзь насы туды не ўваткнулі. Бык з гожасцю ўспрыняў цікаўнасць начальства да яго с…і, нават прыпыніў на хвіліну-другую сваю смуродную справу, і толькі шматлікасць начальства ў белых халатах і прадызенфікаваных пантоплях вымусіла яго працягнуць яе.
Выпадак сам па сабе і смешны, і прыкры. Але ці толькі смешны і прыкры. Ці не ўсе мы з той пары набраліся імпэту заглядваць следам за начальствам быку пад хвост. Заглядваць з замілаваннем і знакавым выглядам на твары — далучанасці да нечага вельмі высокага, амаль святога. Асабліва гожа прарабляюць гэта сёння саноўнікі найвышэйшага рангу, губляючы прыстойнасць і твар, стоячы па струнцы пасярод мішурна-сусальнага золата ўладнага кабінета. Не, зусім не будучае пачынаецца ў тых кабінетах. Так адраджаецца і гоніцца за намі мінулае.
І ўсё ж пры ўсім гэтым, пры ўсіх хібах, заганах, памылковасці мінулага — у ім няма віны. Вінаватыя заўжды мы. Асабліва вінаватыя сёння, у імгненні, у якім адсутнічаюць і мінулае, і ўжо бягучае, якое ж мы самі спаскудзілі. Паскудзіш сябе, а ківаеш на нябожчыкаў.
У адрозненне ад пануючых сёння пэтэвушных літаратуры, культуры і інтэлекту наш цалкам памылковы час, эпоха, закрыжаваная незлічонымі магіламі, могілкамі нашых бацькоў, мела свой адметны, выразны твар з адбіткам думкі пра будучае, пра сваіх нашчадкаў, дзяцей. Твар жа сучаснай культуры, мастацтва размыты, раствораны ў распанелай сёння так званай мас- і попкультуры, што пачынаецца не ад ілба, а ад лабка. І гэта пэтэвушналабковая культура, а яна ўласціва не толькі мастацтву, добра прыдатна і эканоміцы — усяму, з чаго складаецца бягучы дзень, паглынула ўсё больш-менш сапраўднае і прыстойнае. Таму ж паўсюдна з усіх сродкаў масавай інфармацыі, газет, радыё, тэлебачання знік не толькі творца, але і вытворца, чалавек працы, чалавек, што жыве з мазаля. Не яго, не яго час.
Найноўшая, пануючая біямаса не мае твару. Зусім не мае, нібыта ў безаблічнасці хоча схавацца ад будучыні, ад непазбежнай кары. Як некалі з болем выгукваў Ясенін: «Я хочу видеть этого человека!», сёння можна кілу надарваць — твару гэтага чорнага чалавека вы не ўбачыце. Бо гэта мо і не твар. А нешта зусім іншае, толькі зашытае, а мо і наадварот, процілеглае яму. І гэта процілеглае наадварот абагуленае, сярэднестатыстычнае мо і сапраўды з’яўляецца тварам нашага часу, эпохі. А стандартызаванасць, агульнасць яго выразу тлумачыцца адвечнай сарамлівасцю выстаўляць напаказ што-небудзь, хоць і сваё, але непагляднае. Таму ж гэткая роўнасць інтэлекту амаль што ўсёй нашай эпохі, у якой перамог не проста былы качок-кідала-лялькавод, але і лялечна плакатны, у савецкія часы прыняты за ўзорны абагулены твар камсамольскага правадыра.
І ў ім мяне засмучае не толькі адсутнасць думкі, болю і трывогі, непасрэднасці. Але і выстаўленая напаказ упэўненасць у правільнасці яго. Правільнасці ўчынкаў, правільнасці яго чыну, паводзін і мыслення. І за гэту прыязнасць да вярхоўнай правільнасці, сытнасць думкі, дабрабыт існавання, па ўсім, хутка, а мо і вельмі хутка мы будзем жорстка разлічвацца. Разлічвацца за тое, што мы сёння ніякія. Ва ўсім падобныя адзін на аднаго.
Читать дальше