Не хапае сярэдзіны, стрыжня і ў ланцугу лялькавод — алігарх — кідала. І я амаль упэўнены, пра гэта яскрава сведчыць сённяшняе ўладнае мысленне і веданне айчыннай гісторыі і культуры, былыя пэтэвушнікі як носьбіты і правапераемнікі новай постсавецкай супольнасці якраз і з’яўляюцца тым самым звяном, якое, нам здаецца, выпала з агульнага ланцуга і згубілася. Ніколі і нікуды ў нашай краіне яно не выпадала і не гублялася.
Памятаеце ж: Уладзімір нарадзіў Іосіфа, Іосіф —Лаўрэнція. Вось так і тут камуністычнае насенне прарасло, узышло і ўзбуяла кідаламі, качкамі, алігархамі —творцамі найноўшай сёння ў свеце культуры. Культуры, якой яны адразу ж і выракліся, бо для іх жыццядзейнасці хапала інтэлекту звычайнага пэтэвушніка. І пэтэвушнік па духу, маральнасці і адукацыі стаў спадкаемцам і правадніком зноў адроджаных у нашай краіне ідэй марксізму-ленінізму. Гэткі сваеасаблівы ці то холдынг ці то кастынг на зруйнаваных палетках былой айчыннай і сусветнай культуры. Пэтэвушнік дыктуе і правіць сёння баль.
Адчуваю, што колішнія ды і сённяшнія пэтэвушнікі могуць на мяне і пакрыўдзіцца. Але ў сваё апраўданне паўтаруся: я сам з іх — адвечны патомны пэтэвушнік. Зноў жа паўтаруся, як і ўсе мы на Беларусі. Уся вялікая краіна, імперыя СССР напрыканцы саракавых амаль на два дзесяцігоддзі была падперазана шырокім пэтэвушніцкім рамянём. Уся магутнасць імперыі, як з гогалеўскага шынялю, выйшла і набрала моцы з фабзайніцкага бушлата і шынелькі пэтэвушніка, іх суконных штаноў і сацінавых гімнасцёрак. Я закаханы ў пэтэвушніка, так званыя працоўныя рэзервы. Гэта таксама была імперыя, калі хочаце, зорны, касмічны падмурак краіны Саветаў. Тут няма перабольшвання. Згадайце толькі Юрыя Гагарына, яго пачатак да зорнага шляху, ці Валянціну Церашкову — фабрычную дзяўчыну. Нашу зямлячку — першую жанчыну ў космасе.
Увогуле, здзіўляюся, чаму ніхто не даследаваў шлях да зорак савецкіх касманаўтаў. На маю думку, гэта было б вельмі цікавае і паказальнае даследаванне. Па-першае, даволі значны ўзносак у космагісторыю беларусаў: Церашкова, Кавалёнак, Клімук... Па-другое, чаму так атрымалася, што першымі космапраходцамі былі людзі простага паходжання, а ў беларускім варыянце — дык і зусім безбацьковічы? У той час як прафесія гэта была элітная. Ці не таму так здарылася, што да пачатку засваення космасу эліта, партыйная эліта, ужо вырадзілася. Дэградыравала на добрыя справы. Нашчадкі яе былі больш прыдатны да фарцоўкі, спекуляцыі брыльянтамі, алкагалізму і нават суценёрства: сафары ў Афрыцы, наладжвання вяселля ў былых царскіх раманаўскіх палацах... Яны згубілі, змарнавалі ў баляваннях, распусце і раскошы стваральную сілу бацькоў, эпохі. Мо таму і ляпнулася вялікая імперыя, спужалася і захінулася ад прыліву маладой пэтэвушнай плыні крыві.
І гэтая хваля свежай стваральнай крыві патаемна, нябачна, на маю думку, зноў набірае вышыню. Пэтэвушнікі сёння завуцца каляжанамі і каляжанкамі. І ў нашы дні стаць навучэнцам каледжа, у якім даюць прафесію, не надта проста. Пры паступленні ў іх ужо ёсць конкурс, як у інстытуты, а то часам і большы. Маладое пакаленне, якое мо і падсвядома зразумела і адчула час, выбірае прафесію і працу і не імкнецца да палітыкі, прафесійных балбатуноў, што ў хваравітых хвалях гаворкі пра ўсё на свеце, прыроджанай панаднасці да пералівання з пустога ў парожняе забываюцца нават, пра што яны гаварылі ўчора, што гавораць сёння. А ўсё таму, што ў іх няма свайго слова — толькі гукі. Гукі, і нічога больш — ні адзінага свайго, спадчыннага, радаводнага слоўца — гіпноз з заёмнай, запазычанай з чужой, скалечанай сваім маўленнем пустаты і хлусні ў разліку на пагалоўнае бяспамяцтва. А карацей кажучы, калгасна-калектыўная прамыўка мазгоў па апрабаваным ужо метадзе Кашпяроўскага з Чумаком і Чубайсам. Узор таго, як дэградыравала былая савецкая ідэалогія і прапаганда, і рыхтыкі сабрала са шклоўскага выкапнёвага хлопчыка, якога мы ўсе добра ведаем з падручнікаў нашай гісторыі.
Хлопчыка, мо ў свой пячорны час таксама пэтэвушніка, бо надта ж ён пагрозлівы і, па ўсім, адукаваны. Гісторыя ж, як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, любіць сваімі фарсамі і трагедыямі рухацца па спіралі і ў гэтым сваім спіральным руху так стапталася і выдыхалася, што няздольна ўжо на нешта стваральна новае. Добра, калі пэтэвушнікі ідуць у эліту — касманаўты, генералы і міністры. І вялікае гора ўсім, калі міністры вяртаюцца да сваёй існасці — пераўтвараюцца ў пэтэвушнікаў. Як былі, так і застаюцца на пасадзе міністраў пэтэвушнікамі. А ў нас гэта спрэс і паўсюдна...
Читать дальше