Розум, гонар і сумленне эпохі — партыя і яе падручны камсамол заўсёды схільныя да балбатні і падману, да чарговай перамены сваёй лініі праз жабрацтва, гвалтаванне «беспорочным зачатием» адной шостай часткі свету парадзілі так званых сёння алігархаў. Кланіраваліся, дамагліся свайго, вывялі ўсё ж новую пароду гамункула франкенштэйны дваццатага стагоддзя.
Як там на скрыжалях гісторыі. Не, не ў Настрадамуса нават, у самой Бібліі запісана? Прыкладна: Аўраам нарадзіў Іосіфа. І пацёгся ланцужок да нашых дзён: Іосіф нарадзіў Ягоду, Ягода — Яжова, Яжоў — Лаўрэнція. Берыю... Дык вось так прыкладна пачыналі кланіравацца, памнажацца і алігархі. Алігархі, яшчэ не аказваючы сябе, парадзілі кідалаў і лохаў. Кідалы і лохі — пругкую і жорсткую біямасу: качкоў і даверлівых старцаў, жабракоў, зладзеяватых бічоў, бамжоў і дробных бомжыкаў: біямасе ж уласціва множыцца. Множыцца і ваяваць. Усё роўна з кім, абы толькі ваяваць. Як сёння гавораць, нас раць і нас раць.
І ўсе яны кінуліся ваяваць, і пачалася бойка. Аднаго з другім, брата з братам. Бо братазабойства, забойства Авеля Каінам было ў іх у крыві, як і самаедства, канібальства. Яны не збылі ў сабе кастрычнік семнаццатага года, хаця зверху і патрабавалі выкрасліць яго з памяці і календароў: хлусяць усё календары. У прыродзе ж няма кастрычніка. Ёсць лістапад. Гэты калі адмірае, як адмерла наша беларуская памяць, ідзе ў нябыт ліст на дрэве, адлятаюць птушкі ў вырай. І гэтыя нябыт і вырай, агонія адыходу парадзілі пачвар. Пазачасная смерць, гвалтаванне мінулага заўсёды даюць жыццё выродлівасці, нелюдзям.
У памяці крыві, у генах усіх і кожнага з нас вайна. Яна, праўда, скончылася шэсцьдзесят гадоў таму, але нябачна ўсё яшчэ доўжылася і працягвае доўжыцца. Таму што хаця пераможаны бок прызнаў сваю паразу, пераможцы сумняваліся ў гэтым. Апошнім часам дык і вельмі сумняваліся. І з маўклівай згоды і дазволу ўлад, няздольных рабіць у міры і без крыві што-небудзь стваральнае, гэтыя пераможцы ў сваёй памяці, жабрацтве і старцаванні працягвалі ваяваць, прыніжаныя і прыгаломшаныя сваёй жа ўласнай славай былой перамогі. І гэта — час ад часу развярэджваць, не даваць загойвацца народным ранам — было зручна і новым уладным гамункулам. Усім ім, ужо ўвайшоўшым у смак ад чалавечыны, была край як патрэбна маленькая пераможная вайна, абы якая, хоць і крымінальная. Праз гэта яны пажыццёва і элегантна ўваходзілі і самі ва ўладу. Праз страх іншых, прывабнасць страху ўваходзілі ў прэзідэнцтва і месіянства.
Толькі на гэтых іх уваходзінах мелася яшчэ адна непрадугледжаная імі загагуліна, глюкаліна. Тыя ж, да прыкладу, качкі, знішчаючы кідал, незваротна і назаўжды пераўтвараліся ў іх і наадварот. Закон вечнай бойкі: у ёй не бывае пераможцаў: «покой нам только снится». А розум, ачмураны жахам крыві, спіць у запале, палоне змагання.
Спіць, і ў сне яго зноў жа нараджаюцца, плодзяцца пачвары, біямаса для новых боек, будучыя новыя ваяры, якія дабіваюцца свайго месца пад сонцам. Маладыя ваўкі прагнуць чалавечай крыві. І распачынаюць свае гульні з чалавекам, палюбіўшы яго, як некалі воўк упадабаў, палюбіў кабылу. І ці не следства і наступства ўсе мы з вамі гэтых палымяных заляцанняў драпежніка і той працавітай кабылы. Ці не адтуль бярэ пачатак перакуленасць нашай заблытанай, падманутай грамадскай самасвядомасці, плод, што ўзрос на хлусні, абяцанках-цацанках і на пракаветным падмане, уласнай крыві і слязах бясконцых крывавых пажарышчаў, боек і войнаў.
Хаця, што ў гэтым найбольш дзівіць, як адзначаюць амаль усе ў свеце: народ мы зусім не ваяўнічы. Больш таго, падобна на тое, што беларус створаны для міру —творчасці і дойлідства, земляробства. Для працы і толькі працы. Але ж неяк так ужо гістарычна і геаграфічна ў прасторы і часе склалася, што мы прыгавораны да вайны. Такая ўжо доля выпала беларусу. З-за дзікунства нашых любых суседзяў, якіх не бярэ мір, якія заўсёдна нешта дзеляць: кабанчыка і кармушку, зямлю і нашу бацькаўшчыну, нашу родную хату, абразаюць па самыя вуглы нашы нішчымныя соткі.
Сёння і здаўна мала хто ў свеце арэ, сее і косіць, халява і бясконцая тусоўка правяць народамі. А бедны беларус толькі ўзаб’ецца на сваю сірочую сухую скарынку, як і тую ў яго выдзеруць з рота. Ды не проста выдзеруць, а крывава — апалавіняць зямлю, апалавіняць народ, раздзяруць, як жабу, сябры і браты, ворагі і дабрадзеі. Пачынаючы ад Грунвальду, Аляксея Цішэйшага, таго ж Суворава і Напалеона, Іосіфа з Адольфам. Прамілы Божа, колькі ж іх было! І яшчэ будзе.
Читать дальше