І так, мы бачым, што міф дае сучаснаму пісьменніку ідэю. Савецкі філосаф Міхаіл Ліўшыц у артыкуле «Чаго не трэба баяцца» слушна зазнанае: «Мы не ведаем, што можа ўстарэць у будучым, але цвёрда ведаем, што ёсць ідэі, якія не ўстарэюць...» І далей: «У пакінутым ззаду не ўсё вартае гібелі. Менш развітыя ступені маюць свае перавагі, сваю ідэальнасць. Іх няясныя рысы працягваюць жыць у бясконцым палігенезе, адраджэнні, і паступальнае развіццё заўсёды вяртаецца да мінулага, вызваляючы з мёртвага царства ўсё вартае жыцця». І яшчэ вельмі важная думка: «Жадаючы аднавіць жывое значэнне раз назаўсёды пройдзеных эпох, адкрыць у гэтым безумоўным свеце штосьці несправядліва забытае, затаптанае ў гразь, трэба глядзець уперад, а не назад». г. зн., рабіць гэта «ў імя вышэйшай гістарычнай рэчаіснасці, што ляжыць наперадзе нас» [ 20 20 Коммунист, 1978, № 1, с. 111—112.
].
Ч. Айтматаў скарыстаў міфічную легенду, а В. Распуцін у сваёй аповесці «Развітанне з Мацёрай» — ні легенду, ні паданне, а ўсяго-наўсяго — мясцовае павер'е, што гаспадаром вострава, які будзе затапляцца вадой, з'яўляецца нейкі дзіўны невялікі звярок. Ён нават не названы ў аповесці, хаця паказаны, і яго паяўленне, трывожны начпы абход уладанняў напярэдадні смерці вострава і вёскі значна ўзмацняе драматызм сітуацыі і ўзбагачае ідэйны змест твора. Ёсць нешта агульнае паміж гэтым звярком і Маці-Рагатай Аленіхай. Ён — для Дар'і і іншых старых жыхароў Мацёры — «гаспадар вострава», у нейкім сэнсе — таксама сімвал прыроды, жыцця, зноў жа — адзінства чалавека і прыроды. Людзі і гэты звярок — жылі разам, суіснавалі, і людзям патрэбна была вера, што гэты звярок — ёсць, жыве і ён не павінен згінуць, бо іначай — бяда. не пра забабоны і прымхі гаворка! Распуцін занадта глыбокі пісьменнік, каб проста паказаць прымхлівасць старых людзей. Гаворка — пра душу працоўнага чалавека, пра вытокі гуманнасці, маральнасці, пра тае, што неразумнае выкарыстанне поспехаў НТР можа абярнуцца непапраўнымі стратамі духоўнага парадку. Павер'е пра «гаспадара вострава» аказалася зусім не лішнім у творы!
Як бачым, магутныя, несмяротныя вобразы фальклору — казак, легенд, песень — могуць быць з вялікім поспехам выкарыстаны і сёння. Але — яшчэ раз падкрэслім — толькі ў руках таленавітага аўтара. Усё залежыць ад таленту. Увесь сакрэт поспеху — у таленце. У творчай моцы асобы. У сіле яго пачуцця, перажывання. Фальклор павінен быць падпарадкаваны ўласнай ідэйнай задуме, арыгінальнай творчасці. Значыць, ступень «засваення» фальклору павінна быць вельмі глыбокай: каб ён браўся не на пракат, а рабіўся тваім асабістым словам.
Выказаныя тут думкі і разважанні, зразумела, не прэтэндуюць на беспагрэшнасць, а тым больш — на вычарпальнае раскрыццё тэмы. Аўтар застанецца задаволеным і тады, калі яму ўдалося ўсяго-наўсяго зацікавіць чытачоў пастаўленай праблемай і звярнуць увагу на некаторыя яе аспекты, што маюць непасрэднае дачыненне да сённяшняга духоўнага жыцця нашага грамадства.
1979
Сучасная балгарская лірыка і фальклор
Даследаванне сувязей сучаснай паэзіі з фальклорам, на наш погляд, можа мець найбольш актуальны сэнс тады, калі будзе весціся ў святле такіх праблем, як народнасць, нацыянальная своеасаблівасць, паэтычнае майстэрства. Іначай сказаць, яно павінна быць падпарадкавана мэтам і задачам высокага ідэйна-эстэтычнага ўзроўню.
Само сабой зразумела, што ў кожнай славянскай літаратуры характар адносін паэзіі да вуснай народнай творчасці на сучасным этапе мае свае асаблівасці, абумоўленыя пэўнымі культурна-гістарычнымі фактарамі, а адсюль — і тая вялікая колькасць разнастайных пытанняў, што паўстаюць перад даследчыкам названай тэмы. Вось чаму, не прэтэндуючы на паўнату і ўсебаковасць асвятлення, я паспрабую выказаць некаторыя назіранні, заўвагі і думкі, якія датычаць сучаснай балгарскай лірыкі. Разгляд мой абмежаваны таксама і ўзроставымі рамкамі аўтараў, на творчасць якіх я спасылаюся. У асноўным гэта паэты, для якіх наступіў, як цяпер модна гаварыць, іх «зорны час»; яны знаходзяцца сёння ў самай сіле і росквіце свайго таленту і нясуць «галоўную службу» ў нацыянальнай паэзіі.
Паэзія, гаворым мы, павінна быць сучаснай — гэта значыць, усім зместам, настроем, «ладам і складам», мовай яна павінна адпавядаць ідэйна-філасофскім, маральным і эстэтычным патрабаванням сучасніка — перадавога, адукаванага, у поўным сэнсе слова культурнага чалавека нашых дзён. І чым вышэйшая ступень яе адпаведнасці духу сучаснасці — тым большая яе жыццёвая вартасць, тым даражэй яна цэніцца грамадствам. А як жа ўплывае на гэту ступень адпаведнасці фальклор? Наш адказ тут зусім ясны: калі звяртанне да фальклору ў таго ці іншага паэта паслабляе сучаснае гучанне радка — значыць, аўтару проста не хапае сілы для глыбока арганічнай творчай «пераплаўкі» фальклорнага матэрыялу. Сам па сабе фальклор у гэтым ніколькі не вінаваты. Засваенне эстэтыкі і паэтыкі фальклору не можа быць прычынай паслаблення духу сучаснасці гэтак жа, як і засваенне эстэтычнай і паэтычнай культуры Пушкіна, Гётэ, Байрана, Міцкевіча, Шаўчэнкі, Купалы, Боцева, Прэшэрна, Негаша і іншых вялікіх паэтаў мінулага. Па нашаму перакананню — наадварот: мастацкі вопыт народа можа толькі паспрыяць выяўленню духу сучаснасці ў паэзіі, зрабіць яго больш глыбокім і пераканаўчым, можа засцерагчы ад таго, каб сучаснасць гучання не аказалася павярхоўнай, вонкавай адзнакай. Што з таго, што твор будзе выглядзець сучасным, калі сваім ідэйным зместам ён не знаходзіцца ў фарватары магістральнай тэмы нацыянальнай паэзіі — тэмы гістарычнага лёсу народа, яго велічных сённяшніх дзеяў як натуральнага працягу гістарычнага жыцця-быцця папярэднікаў, калі ён не падмацоўвае пераемнасці традыцый духоўнай культуры? Далучэнне да фальклорнай спадчыны нацыі якраз і дапаможа паэту зразумець і ўсвядоміць свой найпершы, самы галоўны творчы абавязак, выбраць верную дарогу, знайсці сваё ўласнае месца ў «рабочым страі».
Читать дальше