Уладзімір Караткевіч
Артыкулы
Абдуванчык на кромцы вады
Ёсць у вялікага мастака М. К. Чурлёніса карціна "Спакой". Апалогія раўнавагі. Вялікі светавы акіян настолькі ціхі, што каля самай кромкі вады паспеў пабялець і не абсыпацца абдуванчык.
Спакой даўно. Прарос, зрабіўся маленькім залатым сонцам, пасля — апушыўся, пасля — рассее свой род па ўлонні зямным.
Як у каго, але ў мяне гэтая карціна выклікае адзіную думку: наколькі ж я моцны. Як я ўсё магу. Захачу — сякерай пад камель тысячагадовы дуб. Захачу — разаб'ю вялізны, як хата, валун. Захачу — па бярвенцы, па каменьчыку разнясу першую — лепшую крэпасць. Дзесяткі тысяч рук узводзілі піраміду Хеопса. А ў мяне дзве рукі і (пакуль па іх не далі) шар-баба, дынаміт, мелініт, трасца і хвароба. І — выбуховай сілы папера ад нейкага… гм!.. геадэзіста, што шаша павінна прайсці якраз праз такі і такі будынак, адкрыты кар'ер ляжыць якраз пад каранямі дубовага гаю, які памятае часы Шэкспіра або нават Цэзара.
Паперыну можна павярнуць, як дышаль, куды ты хочаш. На месцы рэліктавага лесу пабудуваць прафілакторый (мой!) або крэматорый (мой!), як быццам побач няма месца.
Як быццам нашчадкі калі яны толькі захочуць (а я да таго часу даўно ўжо буду безабаронны) не знясуць усяго. што толькі захочуць, каб насадзіць на тым месцы сваё.
Псуюць нашу памяць, каб нехта пасля сапсуў іхнюю.
Выйсце, відавочна, адзінае: перастаць ганарыцца сваёй сілай (на тваю сілу заўсёды знойдзецца іншая), перастаць бачыць саперніка ў тваім продку, каб нашчадкі перасталі бачыць саперніка ў табе.
Дыялектыка ў тым, што для добрага — калі гэта зроблена добра — заўсёды знойдзецца месца. Побач са старым і новым.
Дыялектыка ў тым, што і абдуванчык на кромцы вады, вядома, безабаронны.
А ты на кромцы жыцця?
Сутнасць у тым, што ты зрабіўся занадта моцны. Я вось так аднойчы штурхнуў проста далонню дрэва. Ды, відаць, трапіў у нейкую там "амплітуду", і яно ўпала. А ў ім было некалькі гнёздаў! І птушкі над гэтымі шкарлупінамі галасілі дужа "сілне і слезне".
Мне была забава, а ім…
Ёсць гэтаму жывыя сведкі. А самы няўмольны — мая памяць і маё сумленне.
Не хочаш, каб нехта вось таксама, не думаючы штурхнуў тваё існаванне — не штурхай сам.
Ты дасягнуў такіх неймаверных магчымасцяў, што жах уявіць. Ты сапраўды (па праву ці без права) — "цар прыроды" (ох, як мне хочацца пры адным слове "цар" узяцца за маю добрую пушчанскую доўбню!). Ты ўсемагутны. І менавіта таму, што ты ўсемагутны, асабліва цяпер, засвой першы прынцып культуры: умей абмяжоўваць сябе. Нават калі гэта ў нечым табе асабіста пашкодзіць.
Не грабі далонню, шкробай, жменяй — лепей аддай. Будзеш багацейшы за Крэза, бо прыдбаеш раўнавагу ў гэтым свеце, які цябе стварыў і якому ты павінен як мага аддзячыць.
Гэта вельмі простае крэда: жыві ў поўнай раўнавазе з прыродай, маці тваёй, пакінь, урэшце, бачыць у ёй ворага (а то, як бач, яна ўбачыць яго ў табе, і табе ж будзе горай), з якім трэба безупынна ваяваць адстойваючы права на існаванне.
Яна на тваё права на існаванне руку не заносіць. Калі ты, вядома, разумны і пяшчотны палюбоўнік. А калі ты добры палюбоўнік (а значыць, каханы), навучыся асцярожнасці, максімальнай абярэжнасці у сваім каханні.
Вось пляжаць лес, ідзе молевы сплаў, аголены схілы яроў, плыве аглушаная рыба, хвошча ў раку вада са сцёкавай трубы, пэцкае дымам неба завод.
Гэ, мілы, ды ты гвалтаўнік! Там, дзе можна ўгаварыць, ты робіш злачынства горшае, чым забойства.
Глядзіце, вось яры, кар'еры, звалкі!
У нас столькі яшчэ пустых, продкамі калісьці спустошаных пустошных фактычна зямель. То, можа, спачатку прывучыцца аднаўляць іх? Прывучыцца браць спаўна з таго, што ў нас ёсць? Не разменьваць дзесятку на шклянку газіроўкі, калі ў цябе ў кішэні ёсць капейка.
Ледзь не самы горшы чалавечы грэх — скупасць! І тая ж самая скупасць — адна з найбольшых чалавечых вартасцяў, калі справа ідзе пра кішэню грамадства. Не "мой рубель", а "мой, твой, ягоны".
Бярыце з таго, што ёсць. Не адбірайце нічога ў лясоў, паплавоў, у жывёл і птушак, якія жывуць там.
Ведаю, што ўсе гэтыя ламентацыі (а па-нашаму, па-простаму — лямант) могуць не дайсці па адрасу. І таму давайце проста звернемся да вашага здаровага сэнсу, да таго, што вы не проста "гаспадарнікі". Гэта вас прызначылі — гэта вас і зняць могуць. Але ніхто (і найперш — ваша сумленне) не здыме вас з пасады мужоў, бацькоў, таварышаў. Гэта ваша пажыццёвая (і нават пасмяротная) пасада. Пакуль можаце — служыце ёй.
Читать дальше