І тады справядлівасць, уменне стаяць да канца на сваім, нянавісць і бязмежнае свабадалюбства ўваскрашаюць прызабытую Думку. І няхай сёй-той яшчэ ў "святой прастаце" (словы самога пакутніка) падпраўляе трэскі пад кастром Яна Гуса ды пакідае ў яго лаўжы — гэта нічога. Лозунг Гуса, лозунг чэшскага гусізму "Стой за праўду" — застанецца. Таму што славянін умее ўжо тую праўду давесці.
"Стой горда… Сёння яны запаляць з нас такі касцёр, які ім у вякі-вякоў не пагасіць".
Гэтай праўдзе будзе цяжка праламіцца праз халоднасць людскую ("Свае"), праз звычайную чалавечую любоў да свайго цёплага гнязда, якая іншы раз вядзе ў такое рабства, што лепей бы яе не было; недарэмна ж кажуць: "Ворагі Чалавеку хатнія яго".
Нічога, чалавек зразумее, нават праз глухату слёз ("Просьба"), што з тымі, з тымі, што, як сляпні, абляпляюць людскую бяду… з імі не можа быці нічога, акрамя бітвы.
Штохвілінна зрываючыся, часам на каленях, Раб, Славянін, Чалавек усё ж паўзе з прорвы ўгору, устае, зноў падае і зноў устае.
Спыняе Сонца, зрушыўшы ў вечны яе шлях Зямлю, хаця… сам сабе яшчэ баіцца прызнацца ў гэтым ("Трызненне"), хаця нават сам Розум павінен праводзіць на радзіму таемна ("Кантрабанда").
Хай сабе. Няхай няўдалая барацьба. Ён цяпер не баіцца і памерці за свабоду — памерці каралём. Хай нават і на распаленым троне.
І сягоння яшчэ
Твой народ не забыўся, — ён помніць,
Як на троне адзін селянін
Паміраў каралём.
І, урэшце, з'яўляецца прага ведання. Не ў адзінак, а паўсямесна. А разам з ёй і гуманізм. Што ж, амаль ужо цэлы Чалавек.
Нават калі яны і церпяць, бо няроўныя сілы, — будынак прыгнёту, што ўзводзяць з іхніх хат, непрыкметна — камар носу не падточыць — усё адно рвецца ў неба языкамі полымя ("Будоўля").
Гэта не азначае, што ў нас не засталося любові да роднай зямлі, калі яна ў бядзе ("Ростань"), толькі з-за таго, што ёю правяць нягодныя, прагныя рукі ("Булава"). Мы можам прадаць нават жонак, па іхняй жа просьбе, каб купіць коней, дзеля таго, каб на іх ваяваць, дзеля таго, каб на іх перамагчы тых, што нязваныя прыйшлі на нашу зямлю.
Усё ж у нас ("Чубы") адзнака вольнасці казацкай. Мы нюхнулі свабоды. А таго, хто яе панюхаў, не загоніш у хлеў. Дудкі!
Думалі, што мы без чубоў
Будзем араць паслухмяна зноў:
.
Але мы дакладна і пэўна,
Самі бясчубыя,
Падпускалі чырвоных чубатых пеўняў
Пад стрэхі панскія вечныя…
Бачыце, і без чубоў казакі небяспечныя!
Так, усё цяжэй і цяжэй. Таму што шалёна супраціўляецца растучаму нашаму дабру — зло. Але і гэта нічога.
Бо прыйшло ўрэшце, пасля пачуцця справядлівасці і ўсяго, што дабром наслаілася, напластавалася на яго, яшчэ і самасвядомасць таго, хто ты ёсць чалавек і якая твая прыналежнасць да свайго народа. Прагучаў заключны акорд. Асоба твая гатовая.
Ты ўстаў на ногі. І цяпер цябе не зваліць ніякімі канцлагерамі, ніякімі маўтгаўзенамі. Нічым.
Падае ў выпаленую вайной зямлю насенне кветак. Што з іх вырасце — залежыць ад рук, якія будуць гэтую зямлю рыхліць, саграваць цеплынёю рук, паіць, абараняць.
Ну вось. Калі я не памыліўся, у гэтай кнізе ёсць цэльнасць. Цэльнасць ідэі, цэльнасць мастацкая, цэльнасць сістэмы (хай не без некаторых нязначных пралікаў, дый то зразумелых).
Ёсць высакароднасць мэты. Мужнасць казаць аб рэчах неабходных, знаходзячы ў іншым малым — вялікае, а ў некаторым вялікім — подлае. Ёсць розум, сэрца, захапленне перад чалавекам і супакутаванне яму, нястомнасць, бяссонная нянавісць да яго ворагаў. І, вядома ж, талент, які лёгка заўважыць кожны, хто прачытае гэтую кнігу. Кнігу гордасці і кнігу надзеі.
Гэта дужа беларуская рэч, нягледзячы на прысвячэнне той ці іншай балады таму ці іншаму народу.
Пра мастацкія якасці кнігі казаць не буду. Агромністая задача, якую ўзваліў аўтар на свае плечы, не магла быці выканана не мастаком. Скажу адно: нездарма пасля назвы стаіць не "вершы", а "паэзія". Гэта і ёсць сапраўдная, чыстай вады, паэзія.
І пад канец хачу дадаць яшчэ толькі адно.
Перасцярогу. І вельмі сур'ёзную. Па тым, як аўтар размахнуўся, як яму ўдалося ўдарыць, ён стварыў дзеля сябе і нас, дзеля грамадства адну з кніг свайго жыцця. Ці будуць у яго іншыя — залежыць толькі ад яго аднаго.
Але пасля такой кнігі ён проста не можа… да не, проста ніхто да яго не пацерпіць вершаў слабых, вершаў хаця б напалову хлуслівых, вершаў — фігавых лісцікаў.
Ён павінен трымацца на вышыні, якую ён сам заваяваў для сябе. І няхай памятае, што нічога няма лягчэй, чым страціць такое давер'е.
Читать дальше